Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнты краін СНД сустрэнуцца ў Менску


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня ў Менску ў памяшканьні Нацыянальнай бібліятэкі пройдзе юбілейны Саміт СНД, прымеркаваны да 15-годзьдзя Садружнасьці. Сустрэча прэзыдэнтаў краін СНД плянавалася на кастрычнік, але была перанесеная прэзыдэнтамі Казахстану і Расеі, што выклікала раздражненьне Аляксандра Лукашэнкі.

Яшчэ ўчора ў Менск прыбылі прэзыдэнты Кіргістану Курманбэк Бакіеў, Тажыкістану – Амамалі Рахмонаў і Азэрбайджану – Ільхам Аліеў. Сёньня першым у аэрапорт мае прыляцець віцэ-прэм’ер ураду Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў. Прэзыдэнт Турмэністану Сапармурат Ніязаў звычайна саміты СНД ігнаруе. Пазьней маюць прыляцець прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, украінскі лідэр Віктар Юшчанка і астатнія прэзыдэнты. Апошнім паводле графіку прыляціць расейскі кіраўнік Уладзімер Пуцін – за 50 хвілін да пачатку саміту.

Важнейшым лічыцца пытаньне парадку дня пра рэфармаваньне Садружнасьці.З гэтай нагоды да саміту была падрыхтаваная справаздача так званай “групы мудрацоў” на чале з Уралам Латыпавым у справе ўдасканаленьня СНД і яе органаў. Але гэтая справаздача ўчора выклікала спрэчкі сярод міністраў замежных справаў краін СНД, напрыклад, яе палажэньне наконт агульных межаў СНД, якое не адпавядае канстытуцыям дзяржаваў. У выніку прэзыдэнты, як чакаецца, ня будуць разглядаць гэтую справаздачу, а толькі прымуць яе да ведама. Міністры замежных справаў прапанавалі прэзыдэнтам стварыць новую, больш высокую рангам камісыю наконт рэфармаваньня СНД. Сярод іншых праблем для абмеркаваньня варта згадаць, што Украіна настойвае на рэалізацыі дамовы аб вольным гандлі ў рамках СНД, што спыніла б розныя абмежаваньні на імпарт тавараў. Гэтаму перашкаджае Расея, якая сама часта ўводзіць такія абмежаваньні, напрыклад, на украінскія трубы ці грузінскае віно. Вось што заявіў учора міністар замежных справаў Украіны Барыс Тарасюк:

(Тарасюк: ) “Ужо 12 гадоў гэтае пытаньне толькі абмяркоўваецца з году ў год, але сапраўднай зоны вольнага гандлю ў рамках СНД так і няма. Тут ёсьць заклапочанасьць з боку кіраўніцтва Украіны, на гэта скіраваныя нашы ініцыятывы”.

Украінскія ініцыятывы ў гэтым пляне нядаўна падтрымаў А. Лукашэнка.

Саміты звычайна выкарыстоўваюцца і для арганізацыі двухбаковых сустрэч, якія часам бываюць больш плённымі, чым пленарныя пасяджэньні.

Аляксандру Лукашэнка як гаспадару саміту належала б сустрэцца з усімі прэзыдэнтамі, але поўнай інфармацыі на гэты конт няма. Вядома толькі, што на 6 гадзін вечара, пасьля афіцыйнага прыёму ў Палацы Рэспублікі павінна адбыцца ягоная сустрэча з прэзыдэнтам Расеі Уладзімерам Пуціным. Чакаецца таксама сустрэча з украінскім лідэрам Віктарам Юшчанкам.

На мінулым тыдні былі агучаныя ініцыятывы А. Лукашэнкі аб супрацоўніцтве з Кіевам у галіне энэргетыкі і аб супольнай палітыцы наконт тарыфаў на транзыт расейскага газу ў Эўропу. Міністар замежных спраў Украіны Барыс Тарасюк учора заявіў, што Віктар Юшчанка адрэагуе на гэтыя прапановы, што Украіна гатовая пашыраць эканамічнае супрацоўніцтва з Беларусьсю, у тым ліку і ў галіне каардынацыі тарыфаў на транзыт:

(Тарасюк: ) “Гэта не выключана, гэта тая тэма, якая павінна садзейнічаць рэалізацыі бізнэс-праектаў і Украіны і Беларусі, як і ўсіх іншых краін СНД”.

Але пра нейкія палітычныя пляны дружбы Украіны і Беларусі супраць кагосьці Кіеў размаўляць ня будзе – заявіў спадар Тарасюк.

Аліеў і Качаран сустрэнуцца ў рамках чарговага паседжаньня Менскай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі вакол Нагорнага Карабаху. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў пасярэднік на гэтых перамовах францускі дыплямат Бэрнар Фасье:

(Фасье: ) “ Я павінен разам з расейскім і амэрыканскім пасярэднікамі арганізаваць сустрэчу кіраўнікоў гэтых дзяржаваў у справе наладжваньня мірнага працэсу на Паўночным Каўказе паміж Азэрбайджанам і Армэніяй”.

Ня выключаныя і нейкія выступленьні беларускай апазыцыі цягам менскага саміту СНД. Апазыцыя можа паспрабаваць нагадаць дэлегацыям іншых краін СНД пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, заклікаць вызваліць палітвязьняў. Але натуральна, што каля Нацыянальнай бібліятэкі, дзе сустракаюцца прэзыдэнты, прыхільнікі апазыцыі напэўна ня змогуць сабрацца, таму што там будзе надзвычай моцная ахова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG