Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Унутраны голас загадваў міліцыянту забіваць</B>


Любоў Лунёва, Менск У Горадні арыштаваны сэрыйны забойца. На ягоным рахунку жыцьці дванаццаці чалавек – адзінаццаці дзяўчат і аднаго мужчыны. У злачынствах абвінавачваюць былога міліцыянта, камандзіра роты Дэпартамэнту аховы. Гэта першы выпадак сэрыйных забойстваў на Гарадзеншчыне.

Сьледзтва супраць былога афіцэра міліцыі вядзе беларуская пракуратура. Яго абвінавачваюць у крадзяжах і забойствах, якія ён пачаў зьдзяйсьняць ад 1992 году. Менавіта тады ён уладкаваўся на працу ў органы ўнутраных справаў. Спачатку міліцыянт скраў пнэўматычную зброю і муляжы гранат у макаравіцкай школе Бераставіцкага раёну, дзе раней сам вучыўся. Потым – вінтоўку з аптычным прыцэлам у Горадні. Пасьля гэтага яму ўдалося скрасьці два аўтамабіля і паставіць іх у свой гараж у вёсцы Сямёнаўка.

Кіраўніцтва лічыла міліцыянта добрасумленным службоўцам і актыўна спрыяла ягонай кар’еры. Калі ён пазьней патрапіўся на крадзяжы прычэпу, то яго толькі паўшчувалі і пакінулі працаваць у Дэпартамэнце аховы. Злачынца ў пагонах ахоўваў мясакамбінат, лікёра-гарэлачны і хлебазавод.

Міліцыянт паступіў у акадэмію МУС і скончыў яе на выдатна. Але ў часе сьледзтва аднагрупнікі былога курсанта ўзгадвалі, што яго ніколі ня бачылі на занятках і на дзяржэкзамэнах.

Цягам трох гадоў ён забіваў людзей: душыў вяроўкай ці рукамі, а цела кідаў у ваду. Апошняе забойства міліцыянт зьдзейсьніў разам са сваім пляменьнікам. Яны ўзялі з сабой нажы, пісталет і блукалі па горадзе ў пошуках ахвяры. У прыгараднай зоне ўбачылі дзяўчыну і хлопца ў машыне. Міліцыянт першым забіў мужчыну, а потым згвалціў дзяўчыну і задушыў яе вяроўкай.

Сьледчы рэспубліканскай пракуратуры Аляксандар Наўроцкі, які вядзе справу сэрыйнага забойцы, да суду адмовіўся назваць ягонае імя. Ён спаслаўся на этычны аспэкт (у абвінавачанага ёсьць дзеці ад двух шлюбаў, у справе шмат пацярпелых) і на тое, што толькі суд паставіць кропку.

(Наўроцкі:) “Спачатку ён ня мог даць зразумелых тлумачэньняў, чаму ён гэта рабіў. Потым пачаў казаць пра тое, што чуў унутраны голас, а на апошніх допытах, што быў зьвязаны зь незямной цывілізацыяй. Мы правялі комплексную псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу”.

Цягам месяцу стане вядома, у якім судзе будуць разглядаць справу супраць былога афіцэра міліцыі, камандзіра роты Дэпартамэнту аховы. Гэта першы выпадак сэрыйных забойстваў на Гарадзеншчыне. Раней такое здаралася ў савецкія часы на Віцебшчыне і Гомельшчыне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG