Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Н.Гілевічу, С.Законьнікаву і А.Пашкевічу ўручылі ўкраінскія ордэны


Валер Каліноўскі, Менск Учора ўвечары ў амбасадзе Ўкраіны прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджаньня ордэнамі беларускіх літаратараў. Міністар замежных справаў Украіны Барыс Тарасюк уручыў ордэн князя Яраслава Мудрага трэцяй ступені паэту Нілу Гілевічу, ордэны “За заслугі” трэцяй ступені – кіраўніку Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алеся Пашкевіча і паэту Сяргею Законьнікаву.

Ніл Гілевіч пасьля ўручэньня ордэна сказаў, што ён увайшоў у літаратуру, дзякуючы творам Тараса Шаўчэнкі.

(Гілевіч: ) “Аднойчы вычытаў, ізноў жа ў Шаўчэнкі, і гэта стала маім крэда: “Ми чесно йшли, у нас нема зерна неправди за собою”. І вось з таго часу ўжо паўстагодзьдзя я кіруюся гэтым вялікім запаветам найвялікшага славянскага паэта… Што яшчэ змагу, буду рабіць дзеля нашага брацтва, нашага сяброўства, нашага супрацоўніцтва”.

Указ аб узнагароджаньні беларускіх літаратараў падпісаў прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка яшчэ ў жніўні: “За асабісты ўнёсак у разьвіцьцё міждзяржаўнага супрацоўніцтва, узмацненьне аўтарытэту і пазытыўнага іміджу Ўкраіны ў сьвеце, папулярызацыю яе гістарычных і сучасных набыткаў”. Ордэны былі спачатку перададзеныя ў беларускую амбасаду ў Кіеве, але там адмовіліся дапамагчы іх перавезьці для беларускіх літаратараў.
XS
SM
MD
LG