Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзеншчына: за і супраць Кангрэсу


Сяргей Астраўцоў, Горадня На Гарадзеншчыне некаторыя партыйныя актывісты спалучаюць збор подпісаў для свайго ўдзелу ў мясцовых выбарах і для вылучэньня дэлегатамі на будучы Кангрэс дэмакратычных сілаў. Але адны ставяць на першае месца выбарчую кампанію, для іншых кангрэс — таксама вельмі важная падзея.

Кіраўнік Наваградзкай раённай суполкі АГП Артур Майсяевіч рыхтуецца да кангрэсу, а таксама да выбараў у абласны савет, зьбірае подпісы. Ён пазытыўна ставіцца да правядзеньня Кангрэсу дэмсілаў, які яму бачыцца такім чынам:

(Майсяевіч: ) “Калі ёсьць нейкія ўнутраныя разыходжаньні, дапусьцім, каб яны зьнікалі, а пытаньні такія вырашаюцца толькі, калі прадстаўнікі ад усіх партыяў прысутнічаюць, калі нейкія пагадненьні заключаюцца. Я ў прынцыпе на гэта разьлічваю. Таму што кангрэс патрэбны ў першую чаргу для таго, каб адбылося магчыма большае аб’яднаньне, і адпаведна — узгодненасьць дзеяньняў на будучыню”.

Артур Майсяевіч зазначае, што праціўнікі кангрэсу лічаць, што нібыта Анатоль Лябедзька і Аляксандар Мілінкевіч будуць высьвятляць свае адносіны. Але сам ён мяркуе, што галоўнай мэтай мае быць ўмацаваньне кааліцыі.

Дэпутат Мастоўскага раённага савету Аляксандар Пудаўкін актыўна працуе ў ПКБ. Адносна Кангрэсу дэмсілаў ён мяркуе наступнае:

(Пудаўкін: ) “Ну, ня ведаю, як вам сказаць: патрэбны кангрэс ці не? Магчыма трэба было проста абмеркаваць, што рабіць далей? А ўвогуле я хацеў бы прынамсі пачуць: што далей хоча рабіць кааліцыя? Кім і што будзе прапанавана? І таму, напэўна, трэба сабрацца. Або разысьціся. Я — за тое, каб сабрацца”.

Сам спадар Пудаўкін зьбіраецца трапіць на кангрэс, подпісы сабраў, вылучаецца таксама адразу ў тры саветы — сельскі, раённы і абласны. Ён лічыць, што калі выконваць дэпутацкія абавязкі з адказнасьцю, можна нечага дамагчыся, не зважаючы на думку, што саветы ня маюць уплыву.

Смаргонскай раённай арганізацыяй партыі БНФ кіруе Алесь Дзергачоў, які мае вылучацца ў абласны савет і ў раённы. Ён гаворыць, што удзельнічаць у выбарах мяркуюць сем прадстаўнікоў дэмакратычных поглядаў. Што датычыць Кангрэсу дэмсілаў, Алесь Дзергачоў гаворыць:

(Дзергачоў: ) “Я скептычна адношуся да кангрэсу. Лічу, што ён непатрэбны і ў некаторым сэнсе адцягвае нашу увагу ад працы зь людзьмі, і мы пачынаем працаваць самі з сабой, арганізуем кангрэс: квоты, вылучэньне, збор подпісаў і так далей. Мне здаецца, гэта нічога не дае. Гэта зноў — пачынаць справу спачатку. Калі лічыць так: возьмем з нуля — не было Мілінкевіча, што перашкаджала стаць лідэрам таму ж Калякіну або Лябедзьку? Хутчэй за ўсё існуе жаданьне зьмяніць Мілінкевіча на іншага кагосьці”.
XS
SM
MD
LG