Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыслухаюцца беларускія ўлады да ААН?


Радыё Свабода Тры гады таму Гомельскі абласны суд вынес рашэньне аб ліквідацыі аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”. Кіраўнік арганізацыі Віктар Карняенка зьвяртаўся ва ўсе вышэйшыя судовыя інстанцыі Беларусі, але яны пакінулі рашэньне Гомельскага абласнога суду бязь зьменаў. І тады Віктар Карняенка зьвярнуўся ў Камітэт правоў чалавека ААН. Днямі прыйшло рашэньне з Жэнэвы аб беспадстаўнай ліквідацыі аб’яднаньня. Якім чынам беларускі бок будзе рэагаваць на рашэньне ўплывовай міжнароднай структуры?

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў пакуль не гатовы адказаць.

(Папоў: ) “Нічога я не магу на гэты конт паведаміць”.

(Карэспандэнтка: ) “А ў прынцыпе, якая працэдура: рашэньні Камітэту ААН павінны быць абавязковымі?”

(Папоў: ) “Я не экспэрт. Удакладніце, калі ласка, у мясцовым прадстаўніцтве ААН тут, у Менску. Я асабіста ня ведаю”.

Прэсавая сакратарка Вярхоўнага Суду Анастасія Цымановіч таксама кажа, што кіраўніцтва пакуль не гатова даць камэнтар.

(Цымановіч: ) “Мы ня можам пракамэнтаваць гэтую сытуацыю. Рашэньня такога мы ня бачылі, і ня ў курсе справы”.

Прэсавы сакратар БГК Зьміцер Маркушэўкі сьцьвярджае, што афіцыйны беларускі бок ня можа ня ведаць пра гэтую справу.

(Маркушэўскі: ) “Так, канечне, мусяць ведаць, бо яны выступалі адным з зацікаўленых бакоў у гэтым спаборніцтве. Гэта працэдура ў Камітэце ААН правоў чалавека нагадвае судовыя спрэчкі, калі спачатку зьвяртаецца заяўляльнік, а пасьля гэтага Камітэт зьвяртаецца да ўраду краіны з прапановай падаць камэнтар ці абвяржэньне і выносіць сваё рашэньне”.

Цікава, што не прадугледжаная працэдура абскарджваньня рашэньняў Камітэту правоў чалавека ААН. То бок гэта апошняя інстанцыя, і яе рашэньні дзяржавы – сябры ААН павінны выконваць абавязкова. Тлумачыць Зьміцер Маркушэўскі.

(Маркушэўскі: ) “У факультатыўным пратаколе, які падпісала Рэспубліка Беларусь да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правоў, якраз Камітэт правоў чалавека надзелены паўнамоцтвамі даваць канчатковыя заключэньні ў канкрэтных выпадках парушэньняў правоў чалавека. А Рэспубліка Беларусь узяла на сябе абавязак выконваць міжнародны пакт”.

Прычым, адказным выканаўцам рашэньняў Камітэту правоў чалавека зьяўляецца ўрад краіны. Але як паказвае практыка, Беларусь можа сабе дазволіць праігнараваць рашэньне Камітэту ААН. Напрыклад, так было ў выпадку з прафэсарам Міхаілам Пастуховам, якога незаконна звольнілі з Канстытуцыйнага Суду, і ў 1997 годзе ён выйграў справу ў Камітэце правоў чалавека ААН.

Гаворыць кандыдат юрыдычных навук Сяргей Леўшуноў.

(Леўшуноў: ) “Весьці гаворку аб нейкіх маральных абавязках у сёньняшніх умовах немагчыма, таму што нават тыя заключэньні, якія выносіў Камітэт правоў чалавека па сытуацыі ў Беларусі, іх заўвагі ніколі не былі ўлічаныя палітычнай, юрыдычнай ды іншай практыкай. Так што, я думаю, і адносна гэтай гомельскай арганізацыі таксама будзе нуль рэакцыі з боку беларускіх уладаў. Для іх ня маюць ніякага аўтарытэту ні міжнародныя арганізацыі, ні якія-небудзь іншыя дамовы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG