Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня вырашыцца лёс БХК


Радыё Свабода 28 лістапада ў Вярхоўным судзе Беларусі адновіцца разгляд справы аб прыпыненьні дзейнасьці Беларускага Хэльсынскага камітэту. У выпадку яго закрыцьця спыніцца шэраг праграмаў, у тым ліку маніторынг выбараў.

Справу разглядае сёньня судзьдзя Вярхоўнага суду Мікалай Бабкоў. Праваабаронцам пагражае часовае прыпыненьне дзейнасьці арганізацыі, а далей наагул магчымае і яе закрыцьцё. Між тым у БХК цьвердзяць, што патрабаваньні Мін''юсту выканаць немагчыма: на рахунку грошай няма, а сплаціць трэба амаль 70 тысяч даляраў падаткаў і штрафаў.

Гэтак вырашыў Вышэйшы гаспадарчы суд, які задаволіў пазоў падатковай інспэкцыі да БХК – сплаціць падаткі з эўрапейскіх праграмаў дапамогі, атрыманыя да 2004 году. У сваю чаргу праваабаронцы настойваюць: тая дапамога ішла ў Беларусь з умовай неабкладаньня падаткамі.

Што будзе азначаць прыпыненьне дзейнасьці арганізацыі, якога дамагаецца Мін''юст? Выканаўчы дырэктар БХК Алег Гулак:

(Гулак: ) “Гэта значыць, што мы ня зможам праводзіць маніторынг выбараў у гарадзкія і мясцовыя саветы, які цяпер праводзім. Як мне вядома, сярод праваабарончых арганізацыяў гэтым займаемся мы адзіныя. І таксама ня зможам вырашаць праблемы людзей, якія зьвяртаюцца да нас са скаргамі на парушэньні іх правоў. Нам будзе забаронена працаваць з гэтымі людзьмі”.

Працяглы канфлікт ужо адбіўся на дзейнасьці праваабаронцаў – ім давялося скараціць маштабы юрыдычнай дапамогі, асабліва ў рэгіёнах Беларусі. Паводле Алега Гулака, магчымае закрыцьцё БХК стане пэўным палітычным знакам.

(Гулак: ) “Гэта будзе яшчэ адна знакавая падзея: Беларусь не зьбіраецца канструктыўна адказваць на апошнія прапановы Эўразьвязу, не зьбіраецца вяртацца да дэмакратычнага разьвіцьця”.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Людміла Гразнова, якая днямі ў Лёндане сустракалася з прадстаўнікамі вядомых праваабарончых арганізацыяў “Міжнародная амністыя” і “Article 19”, пацьвердзіла: там аддаецца вялікая ўвага падзеям вакол Беларускага Хэльсынскага камітэту.

(Гразнова: ) “Усё ведаюць: і пра зьняволеных, і пра зачыненыя арганізацыі, пра зачыненыя газэты. Усё ведаюць і пытаюцца, што рабіць, каб дапамагчы?”

За тры мінулыя гады, паводле дадзеных Мін''юсту, у Беларусі было зачынена да 50 грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку праваабарончыя “Прававая дапамога насельніцтву”, “Вясна” , “Асацыяцыя незалежных прававых дасьледаваньняў” і іншыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG