Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 27 лістапада


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

Блогер Lipkovich зьмясьціў у сваім дзёньніку навіну: у Літве затрыманы грамадзянін Беларусі, які займаўся шпіянажам супраць Польшчы. Навіна пасьпела сабраць такія камэнтары чытачоў блогу:

“Што рабіла ў гэтых выпадках Польшча? Здаецца, заяўляла, што ўсё гэта правакацыя беларускіх уладаў. Як вы мяркуеце, беларусам варта паступіць гэтаксама?”

“Цікава, ён скраў схему літоўскай бульбакапалкі?”

“Цяпер у нас усё “па-даросламу”. Нават уласны злоўлены шпіён”.

Яшчэ адна дыскусія, справакаваная Lipkovich’ам: блогер прыводзіць у сваім дзёньніку выказваньне вядомага польскага пісьменьніка, рэдактара часопісу “Поліш Піпэлінэ” Вітольда Міхайлоўскага наконт забойства былога афіцэра КГБ Аляксандра Літвіненкі. “…гісторыя расейска-польскіх узаемадачыненьняў сьведчыць пра тое, што расейская дзяржава ня здольная жыць па законах цывілізаванага сьвету. Гісторыя Расеі насычаная шматлікімі фактамі, калі іхныя ўлады выкарыстоўвалі рознага кшталту атруту ў дачыненьні палітычных апанэнтаў і дысыдэнтаў. Як польскі грамадзянін і пісьменьнік, я з адказнасьцю заяўляю, што польская дзяржава ды ейны народ ня хочуць быць у складзе аб’яднанай Эўропы, куды ўвойдзе Расея. Гістарычнае й геаграфічнае месца Расеі ў Азіі, я мяркую, што азіяцкія ўладары ды іхныя народы лепей зразумеюць “палітыку” Расеі, чым эўрапейскія краіны”.

Камэнтары: “Гэта скандал, разьдзьмуты брытанскімі мэдыямі, як помста за тое, што Расея выкінула іхных шпіёнаў”. “Расея ніколі ня ўвойдзе ні ў якую Эўропу. А вось Эўропа, магчыма, увойдзе ў Расею, цалкам альбо часткова. Ня варта забывацца на тое, што частка… цяперашняй Эўропы пакінула Расею ўсяго 15 год таму…” “Расея была й застаецца азіяцкай краінай, якая жыве па законах Чынгісхана й Заладой Арды…”

А на сайце "Беларуская жаба" зьявілася карыкатура пад назвай “Тры кампанэнты беларускай стабільнасьці”. Тры асобы трымаюць вялікі дыск, на якім сядзіць вусаты чалавек з хакейнай клюшкай замест скіпэтра. Адна з асобаў – мужчына зь відэакамэрай на шыі, на відэакамэры напісана “БТ”. Іншая асоба – мужчына ў форме амапаўца. Трэцяя – жанчына, якая стаіць на скрыні для галасаваньня на выбарах. Подпіс пад малюнкам: “Атлянты і карыятыда. (Амаль паводле Шамякіна)”.

На форумах сайту Нашы дзеткі можна даведацца пра тое, як і дзе беларусы знаходзяць сабе спадарожнікаў жыцьця. Вось адна з жыцьцёвых гісторыяў ад наведніка Палівача: “Мы з жонкай пазнаёміліся на Новы год, калі яна прыехала ў Гомель у госьці да маіх крэўных. Бачыліся пасьля гэтага яшчэ два разы (я езьдзіў да яе ў Тулу). Потым яна ізноў прыехала ў Гомель, і я прапанаваў выходзіць за мяне замуж. Згадзілася. Каб доўга не чакаць (звычайна два месяцы) заяву падалі не ў Гомельскі ЗАГС, а ў сельсавет, і праз два дні нас расьпісалі. Атрымалася, што да шлюбу мы бачыліся тры разы (агулам 12 дзён). Жывем разам 18-ы год”.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG