Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы падчас акцыі салідарнасьці з Казуліным атрымаў 15 сутак (фота)


Радыё Свабода Жыхар Барысава Алесь Абрамовіч быў затрыманы каля калёніі “Віцьба-3”, дзе адбывае пакараньне Аляксандар Казулін.

Падчас акцыі салідарнасьці з палітвязьнем, якая прайшла ў Віцебску 25 лістапада, Алесь Абрамовіч выйшаў з натоўпу ўдзельнікаў і некалькі разоў крыкнуў: “Свабоду Казуліну! Свабоду ўсім палітвязьням! Лукашэнку за краты!”. У міліцэйскім пратаколе гэтыя дзеяньні кваліфікаваныя як правядзеньне несанкцыянаванага мітынгу.

Мінулыя двое сутак Алесь Абрамовіч правёў у віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня, бо гэта былі выходныя, а сёньня яго прывезьлі ў суд Віцебскага раёну. Судзьдзя Міхаіл Зубеня прызнаў барысаўскага сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” вінаватым у парушэньні заканадаўства адносна правядзеньня вулічных акцыяў. На гэта спадар Абрамовіч заявіў, што сучаснае заканадаўства Беларусі недасканалае й не адпавядае ні міжнародным прававым нормам, ні агульным маральным прынцыпам, бо парушае асноўнае права чалавека — свабоднае волевыяўленьне.

Наконт акцыі каля калёніі “Віцьба-3” Алесь Абрамовіч у судзе сказаў:

(Абрамовіч: ) “Акцыі накшталт той, што правёў я, мусяць ладзіць і менскія, і віцебскія дэмакраты, і праваабаронцы. Таму што Казулін проста можа фізычна загінуць. І трэба максымальна падтрымаць яго — надаць розгалас ягонай галадоўцы, прыцягнуць увагу міжнароднай, айчыннай грамадзкасьці — зрабіць усё, што мажліва. Што тычыцца мяне, то я зрабіў, што мог. І сумленьне маё будзе чыстае”.

У адказ на гэтыя словы судзьдзя Міхаіл Зубеня параіў затрыманаму змагацца зь несправядлівасьцю ў краіне законным шляхам і пакараў Алеся Абрамовіча 15 суткамі арышту.

Сёлета гэта ўжо трэцяе адміністрацыйнае пакараньне барысаўскага сацыял-дэмакрата: у студзені ён адбыў 7 сутак у турме на Акрэсьціна за тое, што выйшаў да прэзыдэнцкай адміністрацыі з плякатам “Выбары без дыктатара Лукашэнкі”, а ў кастрычніку атрымаў 15 сутак зьняволеньня за выхад да будынку прэзыдэнцкае адміністрацыі зь лёзунгам “Свабоду Казуліну й палітвязьням!”.

Паводле судовае пастановы, Алесь Абрамовіч мае вызваліцца зь віцебскага ізалятару часовага ўтрыманьня 10 сьнежня.
XS
SM
MD
LG