Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць гарадзенцы наконт будучыні СНД?


Сяргей Астраўцоў, Горадня Ці пагражае распад Садружнасьці незалежных дзяржаваў? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы, зь якімі размаўляў наш карэспандэнт.

(Малады спадар: ) “А што можа канкрэтна пагражаць існаваньню СНД — тое, што міністры не прыехалі на саміт? І ўвогуле — ці існуе тэндэнцыя да распаду? Не. Я асабіста лічу, што перадумоваў да гэтага асабліва ніякіх няма”.

(Спадар: ) “Я думаю, што СНД будзе існаваць, бо нам ужо няма дзе падзецца, апроч Садружнасьці незалежных дзяржаваў. Існуе, вядома, шмат фармалізму, але ёсьць і станоўчыя моманты. Дапусьцім, мы маем цяжкасьці з выездам за мяжу, а вось у краіны СНД пакуль яшчэ езьдзім бязь цяжкасьцяў. Гэта адзін з плюсаў таго, што існуе СНД. А каб яго не было, магчыма, мы б нават у Расею ды Ўкраіну не змаглі б паехаць — пэўна ж так?”

(Сталы спадар: ) “Як на мой суб’ектыўны погляд, аналіз падзеяў усіх апошніх гадоў нічога добрага не прадказвае, на жаль. Чамусьці нічога добрага ў нашай садружнасьці няма. Падобна, што ўсё ідзе да ціхага, мірнага развалу, а калі не да мірнага — дык, можа, да развалу з трэскам”.

(Малады спадар: ) “Я мо не валодаю ўсёй інфармацыяй аб працэсах, што адбываюцца ва ўсіх рэспубліках СНД. Але рэспублікі, якія арыентуюцца на Амэрыку і Эўразьвяз, яны, канечне, хочуць выйсьці з СНД. Можа, яны гэта і зробяць. А астатнія, хіба, застануцца. Можа, і ў меншым складзе, але СНД застанецца”.

(Спадар: ) “Думаю, што СНД будзе існаваць. З адной простай прычыны: дзяржавам гэта патрэбна, вось і ўсё”.

(Малады спадар: ) “СНД? Мне здаецца, што зь яго нічога толкам не атрымаецца, бо кожны хоча сам існаваць, а застануцца, магчыма, толькі Расея, Беларусь ды Ўкраіна”.

(Спадар: ) “У хуткім часе я ня думаю, што СНД распадзецца. Грузія, можа, і выйдзе з садружнасьці, а Ўкраіна — я ня думаю”.

(Малады спадар: ) “Я думаю, што распаду ня будзе, палітыка Беларусі скіраваная стабільна на разьвіцьцё СНД. Так, арганізацыя будзе існаваць надалей”.

(Спадар: ) “Вы ведаеце, я думаю, што гэтая садружнасьць нежыцьцяздольная, таму што кожная рэспубліка — яна стала краінай. Я думаю, што СНД, можа, нават распадзецца”.
XS
SM
MD
LG