Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовыя выбары: улада цісьне на грамадзкіх актывістаў


Вячаслаў Кулік, Менск Паводле зьвестак кіраўніцтва кааліцыі дэмакратычных сілаў Беларусі, 480 сябраў Партыі БНФ, ПКБ, БСДП (Грамада) і Аб’яднанай грамадзянскай партыі працягваюць зьбіраць подпісы для вылучэньня кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў. Вядома і пра факты, калі ўлада перасьледуе апазыцыянэраў, якія ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі.

Сёньня ў Горадні кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Сяргей Мальчык быў выкліканы ў падатковую інспэкцыю. Спадар Мальчык чатыры гады арандуе кватэру, а прапісаны ў іншым месцы. Ён лічыць, што кантралёры зноў цікавяцца даўно вядомымі фактамі:

(Мальчык: ) “Зь ператрусамі прыходзіць на гэты адрас можна. Іншыя пытаньні міліцыі вырашаць можна, а вось адзінае, чаго нельга — балятавацца ў дэпутаты мясцовага савету. Як вынік, закруцілася гэтая дзяржаўная машына, каб паспрабаваць мяне выпіхнуць”.

З падатковай інспэкцыяй у Горадні ўзьніклі праблемы й у іншых вылучэнцаў ад дэмакратычнай кааліцыі. Сьведчыць сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту Раман Юргель:

(Юргель: ) “У акруговай камісіі запэўнілі, што можна зьвярнуцца ў падатковую інспэкцыю. Там дапамогуць скласьці дэклярацыю аб прыбытках. Сёньня я пайшоў. Падатковыя інспэктары сказалі, што нічым дапамагаць яны ня будуць, кансультаваць ня будуць. А калі выйшлі за дзьверы, то паведамілі, што зь Менску дасланы ліст, каб кансультацыі не давалі менавіта кандыдатам у дэпутаты пад пагрозай скасаваньня кантракту й звальненьня”.

У Міністэрстве падаткаў і збораў сытуацыю тлумачыць прэс-сакратар Аляксандар Жыгуліч:

(Жыгуліч: ) “Не магу сказаць пра існаваньне такога ліста, пацьвердзіць яго. Але кожны кандыдат мусіць сам ведаць пра парадак запаўненьня дэклярацыі й сам запаўняць яе правільна”.

Сёньня, пакрыўджаная, патэлефанавала на Радыё Свабода сябра Партыі БНФ Іна Кебікава з Клецкага раёну. Колішняя мэдалістка Янавіцкай школы паведаміла, што тры настаўніцы гэтай школы напачатку падтрымалі вылучэньне яе кандыдаткай у дэпутаты мясцовага савету, а пасьля тэрмінова папрасілі скасаваць іхныя подпісы.

(Кебікава: ) “Спачатку яны з задавальненьнем паставілі свае подпісы, пахвалілі за маё рашэньне балятавацца на месца дэпутата ў мясцовым сельсавеце. Але пасьля тэлефанавалі й прасілі выкрасьліць іхныя подпісы. Даводзілі, што баяцца рэпрэсіяў”.

Таксама сёньня стала вядома, што зь Берасьця й Белаазёрску ў абласны суд зьвярнуліся сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Сьвятлана Анісюк і Эльвіра Ткачэнка. Выбарчыя камісіі на месцах адхілілі ад збору подпісаў іхныя ініцыятыўныя групы.
XS
SM
MD
LG