Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра Бакіева: “Гэта наш чалавек”


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня ў Менску міністры замежных справаў краін СНД на супольным паседжаньні рыхтавалі сустрэчу прэзыдэнтаў Садружнасьці, прызначаную на 28 лістапада. Яна пройдзе паралельна з рыскім самітам НАТО. Сёньня ў Менск маюць прыбыць тры прэзыдэнты краінаў СНД, заўтра чакаецца прыезд астатніх — ня будзе толькі кіраўніка Туркмэністану Сапармурата Ніязава.

Першым у Менск прыбыў прэзыдэнт Кіргізстану Курманбэк Бакіеў. Аляксандар Лукашэнка, сустракаючы яго, заявіў, што кіргіскія падзеі, якія прывялі да адстаўкі былога прэзыдэнта Аскара Акаева, ён ня лічыць ніякай рэвалюцыяй. Спадара Бакіева А.Лукашэнка назваў “нашым чалавекам, які разумее жыцьцё й зь якім мы заўсёды можам дамаўляцца”. А.Лукашэнка і К.Бакіеў сёньня падпісалі дамову аб дружбе й супрацоўніцтве Беларусі й Кіргізстану.

Заўтрашні менскі саміт кіраўнікоў краінаў СНД пройдзе паралельна з рыскім самітам НАТО. Выканаўчы сакратар СНД Уладзімер Рушайла лічыць такое супадзеньне выпадковым:

(Рушайла: ) “Шукаць нейкіх паралеляў і антаганізму ня мае сэнсу. Саміт у Рызе прызначаўся тымі, хто на гэта ўпаўнаважаны, а месца і час саміту СНД вызначаліся прэзыдэнтамі дзяржаваў Садружнасьці”.

Тым ня меней, паводле спадара Рушайлы, у цэнтры ўвагі СНД знаходзяцца пытаньні бясьпекі, вайсковага і вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Хоць ступень удзелу асобных дзяржаваў розная.

Міністар замежных справаў Казахстану Касым-Жомарт Такаеў паведаміў, што на сёньняшнім паседжаньні ўхвалілі рашэньне стварыць міждзяржаўную камісію для рэфармаваньня і ўдасканаленьня дзейнасьці СНД. Камісія будзе складацца з намесьнікаў міністраў замежных справаў і пяройме справы ў так званай “групы мудрацоў” пад кіраўніцтвам Урала Латыпава. Спадар Такоеў спадзяецца, што заўтра гэтае рашэньне зацьвердзяць кіраўнікі краінаў СНД.

(Такоеў: ) “Усе міжнародныя арганізацыі знаходзяцца ў працэсе рэформаў, нашая не выключэньне. Гаворка ідзе пра тое, каб павысіць патэнцыял СНД, якая выканала вялікую ролю ў папярэджаньні так званага югаслаўскага сцэнару на постсавецкай прасторы, з гледзішча ўмацаваньня міждзяржаўных сувязяў у новым гістарычным кантэксьце”.

Тым часам міністар замежных справаў Украіны Барыс Тарасюк заявіў, што без эканамічнага супрацоўніцтва СНД пазбаўленая сэнсу. Украіна настойвае на стварэньні зоны вольнага гандлю ў рамках СНД.
XS
SM
MD
LG