Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“СНД створана для таго, каб утрымліваць чыноўнікаў”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за панядзелак, 27 лістапада. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон “Свабоды” 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў ў Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" – гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам таксама можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 8-029-391-22-24.

(Спадар:) “Аляксандра Казуліна віншую з Днём нараджэньня. Зычу моцнага здароўя, шчасьця і посьпехаў, Аляксандр, у тваім жыцьці. І прашу цябе спыніць гэтую галадоўку, таму што Лукашэнка задаволены тым, што ты зусім паслабееш. А ты адукаваны чалавек, ты будзеш патрэбны нашай Беларусі. І я спадзяюся…Дай Бог, каб тое збылося, і перамога будзе за намі...”

(Андрэй, Асіповічы:) “Я наконт таго, ці пагражае незалежнасьці Беларусі газавыя пастаўкі? Дык вось, канечне, пагражае, і як ніколі. Таму што быць настолькі залежнымі, настолькі сядзець на гэтай іголцы! І я думаю, што Пуцін проста прапануе такі варыянт узамен на бясьпеку Лукашэнкі, якая будзе яму гарантавана, калі ён сыдзе са сваёй пасады: ён нас проста прадасьць”.

(Уладзімер, Полацак:) “Аляксандр Лукашэнка ўжо шукае ахвярных казлоў, на якіх ён хоча зваліць усе свае пралікі, правалы і праколы, як ва ўнутранай, так і ў зьнешняй палітыцы. І ў тым, што з новага года Расея мае намер падвысіць кошты на газ, аказваецца, вінавата апазыцыя. Ды гэта ж проста бязглузьдзіца! Сьмешна слухаць, хаця сьмешнага тут мала. Вы, Аляксандр Рыгоравіч, ужо 12 год непадзельна правіце. Бяз Вашага ведама і згоды не прымалася ні адно хоць колькі важнае рашэньне. Дык пры чым тут апазыцыя, калі ва ўладзе яе няма?..”

(Іван Карпавіч:) “Я хачу выказацца наконт СНД. Гэтая арганізацыя створана для таго, каб утрымліваць чыноўнікаў, плаціць грошы народныя. Яна нічога не дала з часоў распаду Савецкага Саюзу ні дадатнага, ні адмоўнага. Проста існуе, атрымлівае для гэтага грошы…”

(Барыс, Менск:) “Сёньня ў Палацы культуры Менскага аўтазаводу было цікавае сьвята. Сьвята называецца “Мінскі гармонік”. Выступаў ансамбаль “Мінскія музыкі”. Кіраўніку гэтага ансамблю Равінскаму споўнілася 50 год. Самае цікавае, што вядоўца вяла канцэрт на ўкраінскай мове і апранутая была ва ўкраінскі ўбор. Мы перабудаваліся, і, кажуць, хочам будаваць саюзную дзяржаву з Украінай. Астатнія ўсе творы былі на беларускай мове. Праўда, быў адзін ансамбаль “Казачий круг” з Расеі з Растова. Нармальна быў успрыняты і ён таксама. Але дырэктар менскай гімназіі №14 выйшла віншаваць юбіляра. І самае дзіўнае, выйшла яна адна віншаваць толькі па-расейску. І гэта выглядала, нібы яна павіншавала яго на польскай мове. Гэта было так успрынята. Усе, канечне, прамаўчалі. Але дзіўнае, што вядоўца нават песеньку з заляй развучвала на ўкраінскай мове. І калі не на ўкраінскай, то на паляшуцкай, блізкай да ўкраінскай”.
XS
SM
MD
LG