Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сядзяць на бочцы з газам і хочуць злупіць з найлепшага сябра ў чатыры разы даражэй, чым той газ каштуе”


Валянцін Жданко, Менск Адной з галоўных тэмаў нашай пошты апошняга тыдня па-ранейшаму застаюцца няпэўныя эканамічныя пэрспэктывы Беларусі, выкліканыя намерам Расеі з наступнага году ў шмат разоў падвысіць кошт на свае энерганосьбіты, найперш — на газ. Як гэта адаб’ецца на жыцьці беларусаў, на грамадзкіх настроях, на ўстойлівасьці аўтарытарнай сыстэмы ўлады ў краіне?

Слухачы “Свабоды” па-рознаму адказваюць на гэтыя пытаньні.

Сёньняшнюю размову пачну зь ліста Яўгена Саўчука зь Івацэвіцкага раёну. Ён піша:

“Паслухаў я ў апошнія дні “Свабоду” і зьдзіўляюся: няўжо цана на газ можа мець такі катастрафічны ўплыў на беларускую ўладу? Мне здаецца, вы недаацэньваеце тое, як беларусы ўмеюць прыцярпецца й прыстасавацца да самых неспрыяльных умоваў. Ну, што нам той газ? Гадоў трыццаць таму яго ў нас увогуле не было. А ў нашых вёсках да таго газу ня надта і прывыклі. Ва ўсіх — печы на дровах. Дроваў жа ў лесе хапае. Замярзаць беларусы ня будуць.

Я з самага пачатку разумеў, што тая агульная газыфікацыя — вялікае глупства. Думалі, што танны газ будзе вечна. Закапалі ў зямлю мільярды. А цяпер тыя трубы будуць ржавець бяз справы. Ніякай катастрофы ў нас не адбудзецца. Можа, у гарадзкіх кватэрах стане крыху халадней. Нічога, гараджанам гэта карысна, адчуюць сябе бліжэй да астатняга народу. А кацельні пачнуць працаваць на дровах, торфе, бурым вуглі...

Памыляецца апазыцыя, калі думае, што беларусы ад той газавай атакі пачнуць выходзіць на плошчу. Іншая рэч, што да Расеі стаўленьне зьменіцца. Ды і ўжо мяняецца. Мы іх называлі самымі блізкімі саюзьнікамі й братамі, а яны паводзяць сябе, нібы якія немцы... Сядзяць на бочцы з газам і хочуць злупіць з найлепшага сябра ў чатыры разы даражэй, чым той газ каштуе... Ну, як пасьля гэтага да іх ставіцца? Імпэрыялісты, адным словам. Якімі былі, такімі й засталіся. І Ленін іх нічому не навучыў...”

Калі б рэч была толькі ў ацяпленьні кватэраў ды вясковых хатаў, спадар Саўчук... Ад цаны на газ і нафту залежыць канкурэнтаздольнасьць усёй беларускай эканомікі. Танны быў газ — танныя былі й беларускія тавары. Іх лёгка было прадаваць на замежных рынках (найперш, зразумела, на расейскім). А як цяпер канкураваць якому-небудзь беларускаму заводу з расейскім, калі ён будзе купляць газ за 200 даляраў, а яго расейскі канкурэнт — за 40? За кошт чаго ўтрымаць нізкую, прывабную для пакупніка цану на тавар?

Выйсьцяў тут няшмат. Давядзецца альбо рэзка ўзьняць прадукцыйнасьць працы й якасьць тавара (на гэта патрэбныя інвэстыцыі, тэхналёгіі, новая тэхніка), альбо проста скраціць выдаткі (а гэта значыць — звольніць частку работнікаў альбо зьнізіць зарплату).

Як вы разумееце, шматмільярдныя інвэстыцыі й новая замежная тэхніка — гэта справа не аднаго году. І займацца гэтым найлепш было б тады, калі газ быў танным. А вось масавыя скарачэньні й зьніжэньне заробкаў — гэта рэальная блізкая пэрспэктыва для многіх беларускіх вытворчасьцяў. Як на гэта могуць адрэагаваць рабочыя, якім зусім нядаўна абяцалі заробкі 500 даляраў? Вось таму, спадар Саўчук, так шмат апошнім часам дыскусіяў наконт магчымых палітычных наступстваў гэтай надзвычай сур’ёзнай для Беларусі праблемы.

На тэму беларуска-расейскіх дачыненьняў выказаўся ў сваім лісьце на “Свабоду” і іншы наш слухач — Алег Марыеўскі з украінскага гораду Севераданецку Луганскай вобласьці. Ён піша:

“Часам можна пачуць і пабачыць па тэлебачаньні, нібы Лукашэнка й Пуцін пасварыліся. Лічу, што ўсё гэта гульні, каб заблытаць і ачмурыць беларусаў. Якая ж гэта сварка, калі праз два-тры дні Лукашэнка зноў у Маскве і ўжо абдымаецца з Пуціным?

У Беларусі па-ранейшаму зьнішчаецца й перасьледуецца ўсё беларускае. Расейская мова мае ўсе перавагі й прывілеі, а беларуская ў заняпадзе. Каму гэта выгадна? Чые інтарэсы абараняюць чыноўнікі, якія ажыцьцяўляюць такую палітыку? У Беларусі знаходзяцца многія тысячы маскоўскіх палітолягаў ды паліттэхнолягаў, якія дураць беларусаў, абяцаючы ім рай пад крыламі расейскага арла. Але ўсё гэта падман і ашуканства. Няўжо беларусы купяцца на гэтыя абяцаньні й прададуць сваю незалежнасьць?”

Напэўна, спадар Марыеўскі, вы даўно не былі ў Беларусі. Ніякага наплыву расейскіх паліттэхнолягаў тут не назіраецца. Ня той цяпер час, і вялікай патрэбы ў іх няма. І пра гандаль незалежнасьцю сёньня размовы не вядзецца. Прэзыдэнт Лукашэнка яўна ня мае намеру мяняць статус кіраўніка незалежнай дзяржавы на пасаду расейскага губэрнатара, якога прызначае Крэмль. Прапановы пра ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі ў свой час з Масквы гучалі, але былі катэгарычна адрынутыя тым жа прэзыдэнтам Лукашэнкам.

І сёньняшняя газава-нафтавая спрэчка — не гульня, а сапраўдны канфлікт, працяг таго гандлю, які цягнецца з ініцыятывы Лукашэнкі зь сярэдзіны 1990-х гадоў і ўрэшце, падобна, наблізіўся да свайго лягічнага завяршэньня. Мяняць газ і нафту на абяцаньні хуткага шлюбу расейская нявеста больш не зьбіраецца. Шлюб не адбыўся, і жаніху давядзецца разьлічваць толькі на ўласную маёмасьць, а не на чужы пасаг.

Наша слухачка Надзея Лушчынская зь вёскі Яновічы Клецкага раёну ў сваім лісьце распавяла пра выпрабаваньні, зь якімі давялося сутыкнуцца яе сям’і за палітычныя погляды. Спадарыня Лушчынская — маці Іны Кебікавай, маладой настуўніцы і апазыцыйнай актывісткі, якую нядаўна звольнілі са школы з фармулёўкай “за парушэньне працоўнай дысцыпліны”. Мы падрабязна расказвалі пра гэтую гісторыю ў сваім эфіры. У сваім лісьце Надзея Лушчынская піша:

“У свой час мы ўсе зьбіралі подпісы й агітавалі за Мілінкевіча. Дочкі-студэнткі пасьля фальсыфікацыі вынікаў выбараў вышлі на плошчу Каліноўскага і заставаліся там да апошняга моманту. Малодшую, Тацяну, студэнтку 4-га курсу БДУ, схапілі амапаўцы, арыштавалі на 10 сутак. Потым яна вымушаная была зьехаць за мяжу, цяпер давучваецца ў Польшчы па праграме Каліноўскага.

Пра ўсё гэта стала вядома ўладам Клецкага раёну, дзе жывем мы з мужам. На мяне пачаліся нападкі на працы. Я ўжо пятнаццаты год працавала на Клецкім мэханічным заводзе, апошнім часам — эканамістам па збыце. 4 красавіка мяне звольнілі. Я зьвярталася ў суд, але бескарысна. Засталася бяз працы. Ня маю яе і дагэтуль”.

Далей у сваім лісьце Надзея Лушчынская падрабязна апісвае гісторыю сваёй старэйшай дачкі Іны, якая нашым слухачам ужо вядомая:

“Апошняй кропляй стала рашэньне Іны вылучыцца кандыдатам у дэпутаты мясцовага савету. Калі пра гэта дазналася начальства, адразу ж знайшлася падстава для звальненьня яе са школы. Вось так улады абыходзяцца зь іншадумцамі. Няма ў іх ніякай спагады для людзей. Мы для іх — быдла, якое павінна стаяць у стойле. А калі ты маеш чалавечую годнасьць і гонар, свае меркаваньні, то ты — вораг. Чым ня 1937 год?”

Думаю, Надзея Браніславаўна, вы можаце ганарыцца сваімі дочкамі — іхнай грамадзянскай мужнасьцю, неабыякавасьцю і прынцыповасьцю. Не сумняюся, што многія людзі схіляюць галаву перад вашай адвагай. Гэтак жа, як вы, думаюць многія. Але адкрыта адважваюцца выказваць свае погляды — адзінкі. Асабліва ў вёсцы ці невялікім гарадку, дзе ўсе навідавоку й дзе цяжка знайсьці працу.

Застрашыць людзей у такіх умовах вельмі лёгка — на вашым прыкладзе гэта ўсім паказалі. Але прымусіць чалавека думаць інакш альбо па-іншаму ставіцца да сілы, якая грунтуецца на падмане і несправядлівасьці — немагчыма. І рана ці позна гэта выявіцца, усё стане на свае месцы, і рэчы будуць названыя сваімі імёнамі. Ня ў сіле Бог, а ў праўдзе.

Вялікі ліст даслаў нам Віктар Окунь з пасёлка Ула Бешанковіцкага раёну:

“Свабоду я слухаю з 1996 году. У мяне праблемы са зрокам, і радыё для мяне мае вялікае значэньне. Жыву я з мамай, якой 75 гадоў. Працую на заводзе вартаўніком. Калі вечар праводжу дома, то ўключаю “Свабоду” з 18-й гадзіны, калі на працы — з 22-й”.

Далей у сваім лісьце Віктар Окунь падрабязна аналізуе расклад нашых праграмаў, выказвае заўвагі пра іх зьмест і паўторы ў эфіры, успамінае колішніх журналістаў, якія ў свой час працавалі на “Свабодзе”. А заканчвае допіс наступным чынам:

“Для нас у глыбінцы Радыё Свабода — гэта глыток сьвежага паветра. Ведайце, што для вельмі многіх людзей вы вельмі шмат значыце. І яшчэ просьба: калі можна, вышліце каляндарыкі з новым раскладам “Свабоды”. Вельмі крыўдна, што я іх дагэтуль ня маю”.

І вы, спадар Окунь, і сотні іншых нашых слухачоў, якія ўваходзяць у Клюб сяброў Свабоды, неўзабаве атрымаеце новыя каляндарыкі зь зімовым раскладам нашых праграмаў. Дзякуй вам за добрыя словы на адрас “Свабоды”, за цікавыя заўвагі й прапановы — мы іх абавязкова разгледзім і пры магчымасьці ўлічым.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG