Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Трусаў: “Я веру, што беларуская мова будзе гучаць ў Эўрапарлямэнце”


Радыё Свабода Алег Трусаў – удзельнік праграмы “Ў што я веру”.

Бязь веры чалавеку жыць вельмі цяжка, а часам зусім немагчыма. Дзякуючы сваёй прабабулі, Марыі Кузьмінічне Драздоўскай, якая пражыла на белым сьвеце 100 гадоў, я зь дзяцінства веру ў Бога і заўсёды ў цяжкіх момантах майго жыцьця зьвяртаюся да яго. І заўжды адчуваю дапамогу.

Я веру, што Бог адзіны для ўсіх, і таму я добра сябе адчуваю як у праваслаўнай царкве, так і ў каталіцкім касьцёле ці ў пратэстанцкім малітоўным доме. Я веру, што хрысьціяне ў рэшце аб''яднаюцца і непаразуменьні паміж імі зьнікнуць. Адбудзецца гэта ў першую чаргу ў аб''яднанай Эўропе, і я веру, што Беларусь стане яе неаддымнай часткай, як гэта было да XVIII стагодзьдзя. Наша эўрапэйская мэнтальнасьць вельмі адрозьніваецца ад эўразійскай мэнтальнасьці нашых усходніх суседзяў і я веру ў тое, што мы захаваемся як эўрапейскі народ са сваімі традыцыямі, мэнтальнасьцю, культурай і мовай.

Я веру, што наша старажытная мова, вытокі якой сягаюць у бронзавы век, у часы агульнай індаэўрапейскай супольнасьці і старажытнага санскрыту, неўзабаве зойме сваё пачэснае месца сярод моваў вольных народаў Эўропы. Я веру, што яна будзе гучаць ў Эўрапарлямэнце разам з мовамі нашых суседзяў: палякаў, літоўцаў, латышоў і ўкраінцаў. На ёй штодня будуць прамаўляць прэзыдэнт і прэм’ер-міністар незалежнай дэмакратычнай Беларусі, будуць працаваць банкі і войска, міліцыя і паштовая служба, Нацыянальная акадэмія навук і дэпутаты парлямэнту.

Каб вера мая стала рэальнасьцю, я штодня працую ў гэтым накірунку разам зь сябрамі і аднадумцамі і бачу вынікі сваёй працы. Таму вера мая мацуецца і расьце.

***

Алег Трусаў – археоляг, кандыдат гістарычных навук, адзіны ў краіне выкладчык гісторыі філятэліі Беларусі. Палітык і грамадзкі дзеяч, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
XS
SM
MD
LG