Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Берасьцейшчыне ў дэмакратаў няма праблем з подпісамі


Радыё Свабода На Берасьцейшчыне падчас выбараў 14 студзеня будзе сфармавана 225 мясцовых Саветаў – ад абласнога да сельскага ўзроўняў. Канкурэнцыю прадстаўнікам улады складуць некалькі дзясяткаў актывістаў дэмакратычных сілаў.

Берасьцейцы з сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” плянавалі вылучыць у Саветы больш як два дзясяткі прэтэндэнтаў. Аднак, цяпер па вобласьці засталося толькі 13 ініцыятыўных груп. Астатніх не зарэгістравалі. Як паведаміў мясцовы лідэр сацыял-дэмакратаў Ігар Маслоўскі, яны спрабуюць праз суды аднавіць справядлівасьць, але беспасьпяхова:

(Маслоўскі: ) “Мы атрымалі два адказы, што абласны суд не задаволіў нашы пазовы наконт таго, што нашы ініцыятыўныя групы незарэгістраваны”.

У абласным цэнтры працягваюць кампанію 10 сяброў апазыцыйнай Партыі камуністаў – два ў абласны Савет, а восем – у гарадзкі. Сярод іх Людміла Дзенісенка:

(Дзенісенка: ) “Усе кандыдаты сабралі подпісы, якія неабходныя”.

У Кобрыне прадстаўнікам улады амаль не будзе альтэрнатывы. Большасьць тутэйшых актывістаў ня ўдзельнічае ў кампаніі. Сябра Партыі БНФ Аляксандр Мех:

(Мех: ) “Асабіста я ня ўдзельнічаю. Рэч у тым, што, на мой погляд, удзел у гэтых выбарах палітычнага плёну ня мае ніякага. Але ж і ёсьць у нас два кандыдаты, якія пакуль што ўдзельнічаюць”.

У Пінску актывісты дэмакратычных сіл таксама пасіўна паставіліся да цяперашняй выбарчай кампаніі. Але Аляксандр Рамановіч прытрымліваецца іншага пункту гледжаньня:

(Рамановіч: ) “У Пінску ў нас працуе тры чалавекі. Два сябры партыі БНФ і адзін як незалежны. Яшчэ ёсьць, здаецца, з ПКБ. Цяпер на этапе збору подпісаў пакуль што няма ніякіх перашкод. Я пайшоў у абласны Савет па Пінскай Усходняй акрузе. Чаму? Каб правесьці інфармацыйную працу. Каб давесьці праўду да людзей, пагаварыць зь імі, сустрэцца, калі зарэгіструюць. У маёй ініцыятыўнай групе Мілінкевіч Аляксандр Уладзімеравіч. Ён жа таксама будзе й даверанай асобай”.

Найбольш актыўна дэмакратычныя актывісты праводзяць кампанію ў Белаазёрску. Віталь Прыхач – цяперашні дэпутат тутэйшага гарсавету. На гэты раз ён вырашыў балятавацца адразу ў тры саветы – Белаазёрскі гарадзкі, Бярозаўскі раённы й Берасьцейскі абласны.

(Прыхач: ) “Людзі ўладзе ўжо ня так давяраюць. І да прэзыдэнта адносяцца ўжо па-іншаму. Калі кажаш, што ты ад Беларускага народнага фронту, то гэта не выклікае ніякай адмоўнай рэакцыі. Людзі бачаць, што мы зрабілі для горада, пакуль былі дэпутатамі, вельмі шмат. Таму на сваіх участках няма праблем пры зборы подпісаў. Людзі падпісваюць, нас ведаюць”.
XS
SM
MD
LG