Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Анонс: беларускія падзеі ад панядзелка да суботы</B>


Радыё Свабода

Панядзелак, 27 лістапада

У судах Менску й Віцебску адбудуцца разгляды касацыйных скаргаў, датычных недзяржаўных газэт “Товарищ” і “Віцебскі кур’ер”. Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:

(Бастунец: ) “Абедзьве гэтыя справы – пазовы аб абароне гонару й годнасьці. У выпадку газэты “Товарищ” суд вынес рашэньне на карысьць газэты “Товарищ”. У другім выпадку суд часткова задаволіў пазоў прадпрымальніка Данілава, які абскарджваў публікацыю ў “Віцебскім кур’еры” аб будаўніцтве моладзевага цэнтру.

***

У Варшаве будзе ўрачыста адзначаны дзень герояў Слуцкага паўстаньня. А 19-й гадзіне ў сталічным клюбе “Remont” Зьвяз на карысьць дэмакратыі ў Беларусі ладзіць мультымэдыяльную прэзэнтацыю. Старшыня Зьвязу Антось Цялежнікаў.

(Цялежнікаў: ) “Мы плянуем зрабіць мультымэдыяльную прэзэнтацыю, уступ у гісторыю Слуцкага збройнага чыну. Потым будзе паказ фільмаў, у прыватнасьці,“На чорных лядах”, а таксама фільм пра пасьляваенны антыбальшавіцкі супраціў”.

Аўторак, 28 лістапада

У Менску пройдзе саміт лідэраў дзяржаў Садружнасьці. Палітоляг Алесь Лагвінец:

(Лагвінец: ) “Гэта чыста пратакольная сустрэча. Чакаць нейкіх лёсавызначальных рашэньняў ня варта. Тым больш гэта падобна на “костку”, якую кінулі беларускаму прэзыдэнту, каб ён цалкам на ўсіх не пакрыўдзіўся, і перад самітам у Казахстане вырашылі правесьці гэты саміт у Менску”.

***

У Вярхоўным судзе а 10-й гадзіне раніцы адновяцца слуханьні па пазову Міністэрства юстыцыі да Беларускага хэльсынкскага камітэту аб прыпыненьні яго дзейнасьці. Намесьнік старшыні гэтага грамадзкага аб’яднаньня Гары Паганяйла:

(Паганяйла: ) “Сутнасьць у тым, што па рашэньні Вышэйшага гаспадарчага суду ад 20 лістапада 2005 году мы абавязаны заплаціць падаткі з грантаў ТАСІС. Мы некалькі судоў выйгралі, а затым больш як праз паўтары гады адбыўся пратэст, нам у пазове адмоўлена і мы абавязаны заплаціць падаткі памерам каля 75 тысяч даляраў”.

Панядзелак, 27 лістапада – серада, 29 лістапада

Адбудзецца трохдзённы візыт ў Рыгу лідэра аб`яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, які возьме тут удзел у саміце НАТА. Прэс-сакратар беларускага палітыка Павал Мажэйка:

(Мажэйка: ) “Мы лічым дастаткова важным гэты візыт Аляксандра Мілінкевіча ў Рыгу. З тае прычыны, што гэта ёсьць сьведчаньнем той увагі, якую ўсясьветная супольнасьць працягвае надаваць Беларусі. Гэта будзе прадстаўнічы саміт. Удзел бяруць каля дзясятка прэзыдэнтаў, 15 прэм’ер-міністраў, а таксама канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель. Што вельмі важна, на саміце Мілінкевіч сустрэнецца з шэрагам вядучых палітолягаў і эканамічных экспэртаў як з Эўропы, так і Паўночнай Амэрыкі”.

Чацьвер, 30 лістапада

У Варшаве каля амбасады Беларусі адбудзецца чарговая акцыя салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным. Паводле ініцыятара правядзеньня пікету Ігара Крыштона, ён і ягоныя сябры-беларусы, што жывуць у Варшаве, маюць намер пэрыядычна нагадваць польскаму грамадзтву аб тым, што ў Беларусі ў турмах сядзяць Аляксандар Казулін ды іншыя палітвязьні. Гаворыць 72-х гадовы Адольф Капелька, які мае намер узяць удзел у акцыі.

(Капелька: ) “Мы за Казуліна і за тое, каб нікога не затрымлівалі і не садзілі па палітычных матывах. Гэта ж ніякія не хуліганы, а людзі, якія ўздымаюць актуальныя для цяерашняй Беларусі пытаньні”.

***

У Познані на міжнародным тэатральным фэстывалі “Маскі: тэатар і палітыка” адбудзецца прэм’ера спэктакля, у якім будуць браць удзел беларускія, польскія ды ўкраінскія акторы. Аўтар праекту Зьміцер Чарткоў з Жодзіна, былы студэнт Беларускай акадэміі мастацтваў, які быў выключаны з палітычных прычынаў. Цяпер Зьміцер навучаецца па праграме Каліноўскага ў Кракаўскай вышэйшай тэатральнай школе і актыўна займаецца беларуска-польска-украінскім праектам:

(Чарткоў: ) “Праз тэатральную форму мы вырашылі паказаць трагедыю катастрофы, якая адбылася на Чарнобыльскай АЭС, і пра тыя тэрыторыі, пра тых людзей, якія там жывуць”.

Пятніца, 1 сьнежня

У Вярхоўным судзе будзе агучаны вырак чальцам так званай “марозаўскай групоўкі”. Па справе банды Марозава, якая дзейнічала ў Гомелі больш 10 гадоў, праходзіць 46 чалавек. Слуханьні закрытыя; вядома, аднак, што дачыненьне да банды маюць высокапастаўленыя супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў. Генэрал-лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “А гэта прадстаўнікі ўлады. Калі вынесьці на адкрыты суд, то людзі будуць параўноўваць і перакладаць віну на ўсе праваахоўчыя органы. І таму ўлада, закрываючы суд, думае, што гэткім чынам зьберагае свой аўтарытэт”.

Субота, 2 сьнежня

Адбудзецца 8-ы рэспубліканскі фэстываль гітарнай музыкі “Грыфаманія-2006”. На сцэне Дому культуры Менскага трактарнага заводу зьбяруцца лепшыя беларускія гітарысты. Дырэктар фэстывалю Юры Рашэтнікаў:

(Рашэтнікаў: ) “Фармат музычнага фэстывалю – рок плюс джаз, фляменка. У нас, як правіла, выступаюць людзі ўжо вядомыя, а сёлета шмат моладзі будзе, шмат новых імён будзе”.
XS
SM
MD
LG