Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У навучэнцаў Коласаўскага ліцэю пачынаецца выязная сэсія


Ігар Карней, Менск Ад сёньня ў мястэчку Крыжова блізу польскага гораду Вроцлаў пачынаецца выязная восеньская сэсія навучэнцаў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа. На запрашэньне дабрачыннага фонду ў культурных і моладзевых абменах “Крыжова” цягам двух тыдняў ліцэісты будуць карыстацца клясамі ды лябараторыямі аналягічных польскіх ліцэяў. Гэтаксама заплянаваная багатая экскурсійная праграма.

Па дарозе ў Крыжова ліцэісты спыніліся ў Варшаве, дзе ўзялі ўдзел ў прэм’еры дакумэнтальнай стужкі Міраслава Дэмбіньскага “Урок беларускай мовы”, прысьвечанай сакавіцкім падзеям у Беларусі. А напярэдадні навучэнцы і выкладчыкі пачалі абжывацца ў старадаўнім маёнтку нямецка-польскага арыстакратычнага роду фон Мольтке. Дарэчы, менавіта тут пры канцы 1980-х адбылася так званая “імша прымірэньня” з удзелам тагачасных кіраўнікоў Нямеччыны Гэльмута Коля і прэм’ер-міністра Польшчы Тадэвуша Мазавецкага. Якія мэты ставяць перад сабой у Крыжове беларусы – па тэлефоне расказаў дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас.

(Колас: ) “Мэты, як і заўсёды: павучыцца ў нармалёвых умовах. Будзем вучыцца ў двух ліцэях у горадзе Сьвідніца, а таксама ў клясах, якія ёсьць у маёнтку Крыжова. Сам маёнтак, дарэчы, проста нейкі цуд, у выдатным стане. Маёнтак роду фон Мольтке стаў цэнтрам польска-нямецкіх моладзевых сустрэчаў. Увогуле вельмі важна для нас пабыць разам у нармалёвых умовах, без нейкіх праблемаў, бяз ціску, які зьвязаны з нашым існаваньнем у Беларусі. І проста набрацца сілаў для працы ў сябе на Радзіме. Таксама –кантакты з моладзьдзю польскай, зь ліцэістамі. Думаем аднавіць наш праект “Народны альбом” з удзелам польскіх ліцэістаў. А таксама ў плянах наведваньне гістарычных, культурных мясьцінаў Сьвідніцы, Вроцлава і невялікіх мястэчкаў тут, у гарах”.

Апошнім часам менавіта Польшча зрабілася для ліцэістаў адной са сталых навучальных пляцовак. Некалькі разоў на год навучальны працэс пераносіцца на сумежную тэрыторыю, дзе падлеткі спалучаюць навуку з экскурсіямі і адпачынкам. Адзін з заснавальнікаў ліцэю Алег Трусаў бачыць у такой вымушанай схеме навучаньня і станоўчыя бакі.

(Трусаў: ) “Вельмі важна, што тут яны адчуваюць: беларусаў шмат. І калі йдзе, прыкладам, па Гданьску сто чалавек выкладчыкаў і дзяцей, і па-беларуску гавораць, то гэта – пачуцьцё еднасьці. Як кажуць тыя украінцы, нас багата. Гэта вельмі важна: калі дзіцёнак быў адзін у сям’і, толькі з бацькам па-беларуску, ці з маткай размаўляў, а ўсюды навокал расейшчына, то тут іх многа! Іх сустракаюць мэр горада, былы прэм’ер-міністар і г.д. І ўсе кажуць: вы – наша надзея. Магчыма, менавіта вы ўсталюеце з Польшчай лепшыя стасункі. Таму мы зараз даём вам, каб потым вы далі нам – праз 20 гадоў, праз 50”.

Сур’ёзныя канфлікты з уладай у ліцэя пачаліся ў сярэдзіне 1990-х. Радыё Свабода распавядала пра высяленьне ліцэістаў зь гістарычнага будынку ў Менску на вуліцы Кірава, 21, калі вучням і бацькам даводзілася ладзіць пікеты, зьбіраць подпісы, нават будаваць барыкады. У траўні 2003-га тагачасны міністар адукацыі Пётар Брыгадзін паведаміў Уладзімеру Коласу пра намер прызначыць новага дырэктара ліцэю. Потым была дзяржаўная ініцыятыва далучыць ліцэй да Пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка, што пагражала як “чысткай кадраў”, так і карэктаваньнем навучальных праграмаў. Пераход “у падпольле” захаваў ліцэйскія традыцыі, але стварыў шмат праблем, перадусім зьвязаных з памяшканьнем для навучаньня.
XS
SM
MD
LG