Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На беразе Бярэзіны перапахаваныя парэшткі салдат арміі Напалеона (фота)


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня на беразе ракі Бярэзіны ля вёскі Студзёнка былі ўрачыста перапахаваныя парэшткі салдат арміі Напалеона, якія загінулі, вяртаючыся з паходу ў Расею ў 1812 годзе. Цырымонія была прымеркаваная да чарговых угодкаў пераправы францускіх войск праз Бярэзіну 26 — 29 лістапада 1812 года.

Пахаваньне адбылося з выканьнем усіх правілаў вайсковай пашаны, выкананьнем гімнаў Беларусі і Францыі, артылерыйскім салютам. Імшу памяці ахвяр далёкай вайны адслужылі праваслаўныя і каталіцкія сьвятары па-стараславянску, беларуску і француску. Гімн Францыі граў вайсковы аркестар сухапутных войск Францыі, у ганаровай варце стаялі ўдзельнікі менскіх вайскова-гістарычных клюбаў у мундзірах салдат расейскай і францускіх арміяў 1812 года.

Сёньня пахавалі толькі адну труну з парэшткамі. Чакаецца, што пазьней тут вечны спачын знойдуць усе 224 францускія салдаты, знойдзеныя год таму ў кар’еры ў Вілейскім раёне. Амбасадар Францыі Стэфан Шмялеўскі вітаў сучасную беларускую армію, якая сабрала і вывучыла гэтыя парэшткі, і выказаў спадзеў, што з часам на беразе ракі Бярэзіны будуць збудаваныя іншыя помнікі, царква і музэй, куды б маглі прыехаць эўрапейцы, нашчадкі прадстаўнікоў 11 нацыяў, якія ваявалі ў складзе арміі Напалеона, у тым ліку беларусы.

(Шмялеўскі: ) “Што да воінаў, якія нарадзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, тых, якія ваявалі на баку Напалеона было столькі ж, колькі знаходзілася ў радах імпэратарскага расейскага войска”.

Памочнік міністра абароны Аляксандар Гура падкрэсьліў афіцыйныя падыходы сучаснай Беларусі.

(Бура: ) “Паводле хрысьціянскага звычаю мы аддаём зямлі парэшткі воінаў францускай арміі, якія сталі ахвярамі тых, хто 194 гады таму вырашыў размаўляць з нашай зямлёй з пазыцыі сілы”.

Прысутны на цырымоніі палітык Пятро Краўчанка лічыць, што прадстаўнік мінабароны знайшоў ня тую танальнасьць у выступе:

(Краўчанка: ) “Нейкая, ведаеце, мілітарысцкая бурбалка, нашы вайскоўцы, як калісьці Бурбоны, нічому не навучыліся і ніякіх высноваў не зрабілі з таго, што было раней”.

Труна з парэшткамі салдат была пахавана ў падножжы абэліска ў гонар трагічнай пераправы войска Напалеона праз Бярэзіну. Гэты помнік быў збудаваны ў 1997 годзе на грошы дырэктара Цэнтра напалеонаўскіх дасьледаваньняў Фэрнара Бакура. Сам спадар Бакур памёр паўтара гады таму, але на ўрачыстасьць прыехалі супрацоўнікі гэтага цэнтру, дзеці і ўнукі дасьледчыка. Гаворыць ўнучка Фэрнара Бакура Эглянтын Гранье:

(Гранье: ) “Тут вельмі прыгожа, і Бярэзіна нашмат меншая, чым мы думалі… Цяжка ўявіць, што людзі тут ваявалі. І сёньня не так холадна, я ўяўляла сьнег і мароз, паколькі ў 1812 годзе людзі паміралі ад холаду, тады было 29 градусаў марозу”.

Барысаўскі краязнаўца Валеры Рэянтовіч нядаўна знайшоў ля Бярэзіны парэшткі расейскага салдата 1812 года:

(Рэянтовіч: ) “Да 50 тысяч французаў тут загінула. Сюды езьдзяць і францускія валянтэры, і шукальнікі скарбаў з Расеі. Тут ходзяць легенды пра залатую карэту, якой на самай справе не існуе”.







XS
SM
MD
LG