Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці пагражае распад Садружнасьці незалежных дзяржаў?


Галіна Абакунчык, Менск Ці пагражае Садружнасьці незалежных дзяржаў (СНД) распад? Гэтае пытаньне менскім мінакам задавала наша карэспандэнтка.

(Юнак: ) “На мой погляд, пагражае распад, бо вельмі многія краіны ўжо не імкнуцца заставацца ў гэтай садружнасьці. Да прыкладу, Грузія выйшла з СНД. І таму мне здаецца, што з кожным годам усё больш краін будуць ставіць пытаньне: ці заставацца ў СНД, ці выходзіць”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што толькі будзе мацнець, бо ўсе вераць у прэзыдэнта. Няхай палова беларусаў супраць яго, але яго падтрымліваюць Украіна і Расея”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці пагражае Садружнасьці незалежных дзяржаў (СНД) распад?”

(Спадар: ) “Я думаю, што не, а хутчэй наадварот будзе мацнець. Я думаю, што ўсе мы, беларускі народ, мы ўсе рады, што мы больш хочам садружнасьці з Расеяй. А калі Расея будзе з намі добрая, то мы ўсе будзем мацнейшыя”.

(Юнак: ) “Я мяркую, што СНД ня будзе існаваць доўга і яму наканавана сысьці ў нябыт. Бо ўсё ж-такі мінаюць гады і прыходзяць новыя пакаленьні, якія ўжо жывуць не ўспамінамі пра савецкае мінулае, а пра будучыню ў рынкавых узаемадачыненьнях”.

(Спадарыня: ) “Ці пагражае распад садружнасьці? Не, не пагражае. А чаго ён будзе пагражаць? Кожны хадзі адзін да аднаго ў госьці, ды і ўсё”.

(Юнак: ) “Я думаю, што яна досыць жыцьцяздольная. Пакуль ёсьць такі цэнтар, як Масква, ад якога многія залежаць энэргетычна, альбо проста знаходзяцца пад ціскам, то яна будзе існаваць”.

(Юначка: ) “Першыя краіны, якія хочуць выйсьці з гэтай структуры і якія выйшлі на сапраўдную эўрапейскую арэну, гэта Ўкраіна і Грузія. А ў нас Лукашэнка падтрымлівае гэтае СНД. Так, што Ўкраіна і Грузія выйдуць, а астатнія застануцца”.

(Спадар: ) “СНД, што вось зараз будзе зьбірацца саміт і гэтак далей, я нічога добрага ад гэтага не чакаю. Я ведаю, што сёньня, на вакзале і ў іншых месцах у крамах пераўлік. Гэта азначае, што заўтра кошты будуць падвышаныя ў сярэднім на 25-30%”.

(Юначка: ) “Я ня бачу ніякага сэнсу ягонага існаваньня. Я ведаю, што частка моладзі, 28 лістапада, мы ўсе выйдзем на плошчу, каб паказаць, што гаварылася на гэтым саміце. А таксама, каб паказаць, што моладзь жадае бачыць дэмакратычныя вынікі і дэмакратычную краіну”.
XS
SM
MD
LG