Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 76-годзьдзя Караткевіча на помніку зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг (фота)


Радыё Свабода, Віцебск З самае раніцы да помніка славутаму пісьменьніку моладзь несла кветкі. Ужо колькі дзён запар уладальнікі мабільных тэлефонаў перасылалі адно аднаму адмысловае SMS- паведамленьне: "Спадарове! 26-га лістапада ўшануйма памяць Караткевіча! Прынясем па адной кветцы да ягонага помніка – пакажам усім, колькі нас ёсьць!" Нехта прынёс ды замацаваў побач і бел-чырвон-белы сьцяг, але аб 11-й раніцы яго зьнялі міліцыянты з Кастрычніцкага райаддзелу.

Гадзінай раней ускласьці кветкі да помніка прыходзілі сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Як распавёў мясцовы апзыцыянэр Барыс Хамайда, сьцяг яны заўважылі не адразу.

(Хамайда: ) "Група сябраў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі падышла, і я падышоў, усклаў кветкі. Бачу – нейкі пакунак. Я колькі хвілін прыглядаўся, а потым перахрысьціўся ды таргануў за вяровачку. А адтуль, як парашут, бел-чырвон-белы сьцяг! Ніякай цыдулкі пры ім не было, аднак можна сабе ўявіць такое, што гэта зрабіў легендарны Мірон. А можа, і не Мірон!"

Каля помніка прайшлі дзесяткі мінакоў, і нехта зь іх патэлефанаваў у міліцыю – прынамсі, такім чынам патлумачылі сваё зьяўленьне супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУСу. Найперш яны перапісалі асабістыя зьвесткі прысутных журналістаў, якія назіралі за ўскладаньнем кветак да помніка, а потым сфатаграфавалі сьцяг і забралі яго з сабой.

Разам зь бел-чырвон-белым сьцягам у пастарунак паехала і папяровая шальдачка, якую пакінулі тут чальцы прадзяржаўнага саюзу пісьменьнікаў. 24-га лістапада чальцы Саюзу пісьменьнікаў Беларусі таксама прыходзілі да помніка Караткевічу, і побач з букетам гвазьдзікоў пакінулі цыдулку з подпісам, ад каго гэтыя кветкі. Міліцыянты забралі "дзяржаўную" шыльдачку разам з забароненым ныцыянальным сьцягам.

Імпрэзы да ўгодкаў Уладзімера Караткевіча на Віцебшчыне ўжо трыдыцыйна маюць афіцыйны і неафіцыйны характар. У абласным цэнтры, а таксама ў Воршы, на малой радзіме пісьменьніка, мясцовыя аддзелы культуры штогод ладзяць ускладаньні кветак ад аддзелаў культуры і літаратурныя гасьцёўні. А што да неафіцыйных іпрэзаў, то сёньня аршанскі музей Уладзімера Караткевіча мае наведаць шмат моладзі з усяе Беларусі ды зладзіць там імправізаваны канцэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG