Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Літве затрыманы беларускі грамадзянін, падазраваны ў шпіянажы


Тацяна Поклад, Вільня Сродкі масавай інфармацыі ў Літве і Польшчы паведамляюць пра затрыманьне ў суботу ў выніку агульнай літоўска-польскай апэрацыі грамадзяніна Беларусі, якога падазраюць у шпіянажы. Літоўскія афіцыйныя прадстаўнікі не абверглі і не пацьвердзілі гэта, пракурор Польшчы Януш Качмарэк пацьвердзіў гэта аднаму з камэрцыйных тэлеканалаў Польшчы.

Балтыйскае інфармацыйнае агенцтва BNS са спасылкай на уласныя крыніцы паведаміла пра затрыманьне ў суботу 25 лістапада падазраванага ў шпіянажы, як мяркуецца, грамадзяніна Беларусі. Пра гэта ж паведаміла і літоўскае нацыянальнае радыё і інфармацыйны партал балтыйскіх краінаў DELFI. Гэта можа стацца першым фактам пасьпяховага супрацоўніцтва польскіх і літоўскіх спэцслужбаў.

Кіраўнік Дэпартамэнта дзяржаўнай бясьпекі Літвы Арвідас Поцюс не абвяргае і не пацьвярджае гэтую інфармацыю.

Кіраўнік парлямэнцкага камітэту замежных справаў Юсьцінас Каросас у камэнтары для нацыянальнага літоўскага радыё сказаў:

(Каросас: ) “Не магу ні пацьвердзіць, ні абвергнуць гэтую інфармацыю. Але тое, што спэцслужбы Літвы, Польшчы і іншых краінаў супрацоўнічаюць – гэта факт. Што такія рэчы маглі адбыцца, гэта само сабой зразумела. Рэч у тым, што гэтая інфармацыя зьвязаная з дзейнасьцю спэцслужбаў, і пакуль яна не набудзе пэўных контураў, могуць быць непажаданыя наступствы (калі яе паведамляць шырока). Тым і адметная дзейнасьць спэцслужбаў, што са звычайнага пункту гледжаньня яна бачыцца адным чынам, а фактычна ёсьць іншай”.

Аднак гэтую інфармацыю пра затрыманьне падазраванага беларускага шпіёна ў Літве аднаму з камэрцыйных тэлеканалаў Польшчы пацьвердзіў пракурор Польшчы Януш Качмарэк.

Паводле BNS, дзейнасьць затрыманага магла быць зьвязаная з будучым самітам НАТО ў Рызе, альбо з абвастрэньнем сытуацыі на літоўска-латвійскай мяжы, дзе ў памежных літоўскіх раёнах абвешчанае ўчора экстрэмальнае становішча, паколькі некалькі сотняў польскіх і літоўскіх грузавых аўтамабіляў чакаюць суткамі на памежных пунктах. Латвія тлумачыць затрымку тым, што дождж пашкодзіў дарогі. Літва накіравала Латвіі адмысловую ноту; у Літве лічаць, што сапраўдная прычына – спроба латвійскіх транспартных кампаніяў, якія кантралююцца расейскімі бізнэсоўцамі, зьменшыць літоўскі і польскі транзыт праз Латвію.

Сёньня ж BNS са спасылкай на афіцыйную інфармаваную крыніцу паведаміла, што “Расея, якая кантралюе большасьць латвійскіх транзытных кампаніяў, зацікаўленая, каб грузавыя транспартныя кампаніі Літвы і Польшчы мелі праблемы з транзытам праз Латвію і накіраваліся са сваімі грузамі празь нестабільную з пункту гледжаньня транзытнага бізнэсу Беларусь. Такім чынам, дзяржаўныя інстытуцыі Польшчы і Літвы будуць вымушаныя на вышэйшым узроўні кантактаваць з афіцыйным Менскам і тым самым парушаць санкцыі Эўразьвязу”.
XS
SM
MD
LG