Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юлія Казуліна: “Я веру ў бацьку. Я веру ў маці”


Ганна Соўсь, Прага На гэтым тыдні слухачы “Свабоды” праз пошту і тэлефанаваньні адказвалі на пытаньне “Ў што я веру”. Гэтаксама пра сваю веру і перакананьні гаварылі суразмоўцы "Начной Свабоды”.

На гэтым тыдні найстарэйшая беларуская газэта “Наша Ніва” адзначала 100-гадовы юбілей. І ў начным эфіры “Свабоды” былы галоўны рэдактар газэты літаратар і журналіст Сяргей Дубавец расказаў, у што ён верыць:

(Дубавец: ) "Я веру, што праўда пераможа хлусьню, што сьвятло пераможа цемру, што прыгажосьць уратуе сьвет. Веру ў тое, што не культура зьяўляецца невялічкай часткай палітыкі, а палітыка зьяўляецца невялічкай часткай культуры. Магу прывесьці кароткі прыклад. У Інтэрнэце зьяўляюцца новыя сайты, дык у іх рубрыка "Культура" ідзе пасьля "Бамонду", "Скандалаў", "Мабільніка", "Аўто" на нейкіх саракавых месцах. А польскі інтэлектуал Ежы Гедройц, які выдаваў часопіс, што па сутнасьці перавярнуў сацыялістычную Польшчу... Гэта быў палітычны часопіс пад назвай "Культура". Я веру ў розум сэрца".

Дарэчы, на гэтым тыдні адзначыла сваё 25-годзьдзе Беларускае аб’яднаньне студэнтаў Польшчы, і адзін з яго кіраўнікоў Павал Бушка гэтак сказаў пра сваю веру:

(Бушка: ) "Я веру ў шмат рэчаў, і ў шмат рэчаў, на жаль, ня веру. Пытаньне веры заўсёды асабістае. Хацеў бы верыць у Бога напэўна. Таму што вера ў Бога дае вялікую псыхалягічную бясьпеку, не дазваляе адчуць сябе адзінокім. Хацеў бы верыць у Бога. На жаль, не атрымоўваецца. Гэта мая асабістая трагедыя. Хацеў бы верыць у тое, што беларускасьць і ў Беларусі, і ў нас у Польшчы выжыве. Вось гэта дзьве рэчы, у якія я хацеў бы верыць, а часам і веру".

А зараз зьвярнуся да лістоў слухачоў, якія пішуць пра сваю веру.

Алег Мартысюк з Менску верыць “у нашу моладзь, што наша Радзіма хутка будзе свабоднай і квітнеючай”.

А Марыя Тананка са Смаргонскага раёну піша: “Веру, што “мая восень” ня будзе вельмі руплівай, паблукае дзе-небудзь па лесе, затрымаецца на раздарожжы, не пасьпяшаецца на свой апошні прыпынак. Веру, што надыходзіць сапраўдная зіма і не пашкадуе старых і нямоглых, асабліва ў вёсцы. Веру, што мае дзеці, унукі і праўнукі будуць сумленна працаваць і прыстойна жыць у роднай краіне. Веру, што гэтай краінай будзе незалежная дэмакратычная Беларусь. Веру, што апазыцыя ўрэшце зразумее, што сваімі групоўкамі і разборкамі прыносіць вялікую шкоду Беларусі. Гэта валтузьня за лідэрства, дзяльба партфэляў цяжкім молатам б’е па аўтарытэце яе сярод простых людзей і адштурхоўвае нават прыхільнікаў. Веру, што, якое б ні было вялікае зло, дабро пераможа, і Бог нам дапаможа”.

Адзін са слухачоў "Свабоды", які не назваў свайго імя, праз тэлефон-аўтаадказьнік гэтак сказаў пра свае перакананьні:

(Спадар:) “Хацеў бы адказаць на пытаньне Радыё Свабода “У што я веру?” Дык, у што я веру, то бок, на што я жадаю заплюшчыць вочы, пра што не хачу ведаць праўды. Бо вера – гэта прага ўцячы ад ісьціны ў сьвет ілюзіяў. А я заўжды быў прыхільнікам праўды, нават той, якая ўскладняе жыцьцё. Таму я ня веру ў бясконцы шэраг багоў, створаных чалавечым невуцтвам і страхам. Тым больш ня веру ў касту пасярэднікаў паміж людзьмі ды багамі, у касту сьвятошаў, якія ня больш карысныя на зямлі, чым хваробатворныя мікробы. Ня веру я таксама ані ў дыктатуру, ані ў дэмакратыю, ані ў “трэці шлях”. Любая ўлада будзе ашукваць і рабаваць народ, у які я, дарэчы, таксама ня веру, бо ведаю праўду: народ у пераважнай большасьці – гэта статак невукаў, поўных забабонаў і здатных самастойна мысьліць. Адпаведна, я ня веру ў выбраньніка гэтага народу Лукашэнку, бо ягоны ўзровень IQ блізкі да нуля. Ня веру і ў вядомых нашых апазыцыянэраў, у тое, што іх бясконцыя замежныя паездкі і ёсьць зацятае змаганьне за рэжым. Ня веру ў тое, што напаўмёртвая беларуская мова раптам ўваскрэсьне, а што баба Маруся зь вёскі нечакана пачне чытаць Ніцшэ. Я ня веру ў сьветлую будучыню Беларусі, як і іншых краін, таксама ў бязглуздае аптымістычнае мармытаньне гасьцей на Радыё Свабода. А веру я, а дакладней, ня веру, а ведаю, што праз колькі год памру і памру назаўсёды без пасьмяротнага ўваскрэсеньня, бяз сьледу. Зьнікну і ўсе забудуцца на мяне...”

Пасьля такога пэсымістычнага адказу я прапаную Вам паслухаць Юлію Казуліну, дачку палітвязьня Аляксандра Казуліна, якому ўчора споўніўся пяцьдзесят адзін год. Юлія Казуліна, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, верыць:

(Казуліна: ) “Я веру ў бацьку. Я веру ў маці. Я веру ў справядлівасьць. Я веру ў Бога."

Наступны госьць “Начной Свабоды” – тэлежурналіст, аўтар дакумэнтальнага кіно Леанід Міндлін, адказваючы на пытаньне вядучай Вольгі Караткевіч пра веру, згадвае стары адэскі анэкдот:

(Міндлін: ) "Жора, пачынай рыбу смажыць! – Дык жа рыбы няма. – А ты смаж, смаж, рыба будзе..." Вось я веру, што рыба будзе калісьці. А калі сур''ёзна, то я б хацеў верыць у тое, што маўклівая большасьць нашага грамадзтва калі-небудзь падасьць голас. Жыць у стане страху, як гэта цяпер адбываецца, і, дарэчы, гэта ня страх рэпрэсіяў, ня страх ГУЛАГу, гэта нейкі страх перад будучыняй, перад тым, што трэба нешта рабіць, нейкія актыўныя дзеяньні. Мне здаецца, што ўсё ж інстынкт існуе. Людзі павінны думаць пра сваіх дзяцей, пра тое, што будзе з краінай, якая будучыня будзе ў дзяцей. Я веру, што гэтая большасьць загаворыць. І тады будзе дзень, каля я пабачу маю чароўную суразмоўцу Вольгу Караткевіч у эфіры першага вольнага тэлеканалу ў Менску".

І на завяршэньне агляду пра сваю веру гаворыць літаратар і выкладчык з Магілёва Аляксей Бацюкоў:

(Бацюкоў: ) "Я веру, што Беларусь здольная, мае сілы для самаачышчэньня. Гэта значыць, што Беларусь па-за вонкавымі ўплывамі, яна вяртаецца да сваіх культурных каштоўнасьцяў, да тых, якія сталіся асноўнымі фактарамі ўзьнікненьня Беларусі. Але пастаянны ўплыў звонку непазьбежны, таму самаачышчэньне – гэта той шлях, на які мне хацелася б, каб Беларусь стала".

Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG