Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці пагражае распад Садружнасьці незалежных дзяржаў?


Галіна Абакунчык, Менск Ці пагражае Садружнасьці незалежных дзяржаў (СНД) распад? Гэтае пытаньне менскім мінакам задавала наша карэспандэнтка.

(Спадарыня: ) “Не, не пагражае, бо нашыя прэзыдэнты ў вельмі добрых адносінах, заўсёды вядуць перамовы. І, як наш прэзыдэнт выказваецца, што мы людзі адной нацыі, адной веры і толькі з Расеяй”.

(Юнак: ) “Я лічу, што гэты орган, СНД, ён увогуле не працоўны. І я думаю, што пакуль ня пройдзе час пасьля распаду Савецкага саюзу, нічога ня зьменіцца. Ня зьменіцца, пакуль ня вырасьце новае пакаленьне”.

(Карэспандэнтка: ) "Ці пагражае Садружнасьці незалежных дзяржаў (СНД) распад?"

(Спадар: ) “Па-мойму, ён ужо распадаецца. Зараз што адбылося: на адной мове размаўляем, адну гарэлку п’ем, аднымі мацюкамі лаемся, а кожны сам сабе. Расея сабе, мы сабе, а Расею ўвогуле не зразумець. Да прыкладу, вось пытаньні паліва, энэрганосьбітаў хвалююць. Нібыта, братні народ, а што хочуць – не зразумела”.

(Спадарыня: ) “Ну, гэта залежыць ад кіраўнікоў краінаў. Наш прэзыдэнт настроены рашуча, але ж ня толькі ад яго залежыць. Пакуль ніякай карысьці ад гэтай супольнасьці няма, я лічу, а далей – паглядзім”.

(Спадар: ) “Распад адбыўся вельмі даўно, і зараз кожны кіраўнік цягне коўдру на сябе”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці пагражае Садружнасьці незалежных дзяржаў (СНД) распад?"

(Юнак: ) “СНД? Сэнсу ў ім і так ня шмат, бо ягоная эфэктыўнасьць вельмі маленькая. Недарэмна, я чуў, што, здаецца, Юшчанка даў даручэньне разглядзець пытаньне, ці варта там заставацца ў СНД”.

(Юначка: ) “Цяжка меркаваць будзе СНД існаваць ці не. Але хутчэй за ўсё, што будзе. Як жа мы без садружнасьці?”

(Спадар: ) “Што я думаю пра СНД і ці можа яно разваліцца? Дык я бы сказаў, што ня можа разваліцца тое, чаго няма насамрэч. Вось Савецкі саюз – ён мог разваліцца, ён і разваліўся. Бо гэта ўсё ж-такі было нейкае ўтварэньне. А СНД – гэта хутчэй клюб напаўаўтарытарных і аўтарытарных кіраўнікоў для вырашэньня нейкіх сваіх эканамічных альбо палітычных інтарэсаў. І нічога іншага сваім дзяржавам і сваім грамадзтвам яны не прапанавалі”.
XS
SM
MD
LG