Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літвіненка быў атручаны палёніем, Расея адмаўляе абвінавачаньні сваякоў


Радыё Свабода Былы падпалкоўнік ФСБ Расеі Аляксандар Літвіненка памёр ад узьдзеяньня моцнага радыяактыўнага рэчыва, паведаміла сёньня брытанскае Агенцтва аховы здароўя (HPA). Расейскія ўлады абвінавацілі ў гэтай сьмерці бізнэсмэна Барыса Беразоўскага, але сваякі Літвіненкі працягваюць сьцьвярджаць, што гэта справа расейскіх спэцслужбаў.

Прафэсар лёнданскага "University College Hospital" Роджэр Кокс паведаміў, што ў мачы Аляксандра Літвіненкі, які памёр у чацьвер увечары, знойдзеная вялікая колькасьць палёнію – моцнага радыяактыўнага элемэнту, які выклікае рак.

“У выніку дасьледаваньняў высьветлілася, што ў целе Літвіненкі ёсьць даволі вялікая колькасьць ізатопу палёнію 210. Невядома яшчэ, як гэты хімічны элемэнт туды патрапіў. Гэтым займаецца паліцыя”, – гаворыцца ў заяве брытанскага Агенцтва аховы здароўя.

Кіраўнік паліцыі Пэт Троп патлумачыў у часе прэсавай канфэрэнцыі, што вялікая колькасьць палёнію ў арганізьме сьведчыць аб тым, што ён мог трапіць туды разам зь ежай, шляхам інгаляцыі ці праз рану.

Скотланд Ярд адкрыў адмысловую тэлефонную лінію для асобаў, якія мелі кантакт з Аляксандрам Літвіненкам ці гатавалі ежу, якую ён спажываў апошнім часам, ды зьвярнуўся да гэтых людзей з просьбай даць паказаньні, якія маглі б дапамагчы сьледзтву. Антытэрарысты праглядаюць таксама запісы з камэраў, што ўсталяваныя на вуліцах, дзе мог хадзіць Літвіненка.

Сваякі і сябры былога супрацоўніка КГБ і ФСБ заяўляюць, што ягоная сьмерць – гэта справа расейскіх спэцслужбаў, якія, перадусім, не хацелі дапусьціць, каб Літвіненка займаўся справай забітай расейкай журналісткі Ганны Паліткоўскай ды сытуацыяй у Чачні.

Між тым прадстаўнікі расейскіх уладаў і дзяржаўных мэдыяў абвінавацілі бізнэсмэна Барыса Беразоўскага ва ўдзеле ў атручваньні Літвіненкі, якое, на іхную думку, зьяўляецца “часткай варожай змовы супраць Расеі”.

“Для расейскай выведкі і ўласна для Расеі сьмерць Аляксандра Літвіненкі ня мае ніякага значэньня. Ані Крэмль, ані выведка ня мелі ніякіх падставаў, каб гэта рабіць. Таму я лічу, што гэта наступства нейкай гульні Беразоўскага”, – заявіў у перадачы першага каналу расейскага тэлебачаньня дэпутат расейскай Дзярждумы Валеры Далаценка. Таксама іншы дэпутат Думы з праўрадавай партыі “Адзіная Расея” Канстанцін Касачоў заявіў, што ў дадзеным выпадку “мы маем дачыненьне з акцыяй супраць сучаснай Расеі”.

А паводле дарадцы Ўладзіміра Пуціна Сяргея Ястржэмбскага “нехта спрабуе дыскрэдытаваць Крэмль, забіваючы ягоных крытыкаў”.

Між тым у часе саміту Расея-Эўразьвяз у Фінляндыі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на пытаньне пра забойства Ганны Паліткоўскай пачаў абвінавачваць Захад у тым, што там таксама забіваюць людзей:

(Пуцін: ) "Мы не павінны забываць аб злачынствах такога кшталту ня толькі ў Расеі, але і ў эўрапейскіх краінах ёсьць гучныя палітычныя забойствы, якія да сёньняшняга дня не раскрытыя. І гэта наша агульная праблема. А калі мы паглядзім, што адбываецца ў некаторых краінах Эўразьвязу з мафіяй, якая не ў адзінкавым выпадку, а на сталай аснове зьнішчае прадстаўнікоў праваахоўчых органаў, судзьдзяў, пракурораў, сьледчых, журналістаў, палітычных дзеячоў? Гэтых мафіёзі ловяць у эўрапейскіх краінах дзесяцігодзьдзямі...", – сказаў Уладзімір Пуцін.

На здымку: Аляксандар Літвіненка да й пасьля атручэньня.



Палёній – радыяактыўны элемэнт, адкрыты П’ерам Кюры і Марыяй Кюры-Складоўскай ва ўранавай рудзе ў 1898 годзе. Першы ўзор палёнію, які зьяўляецца адным з найбольш небясьпечных радыяактыўных элемэнтаў, быў выдзелены ў 1910 годзе. Выкарыстоўваецца для стварэньня кампактных і вельмі моцных нэўтронных крыніцаў. У арганізьме кожнага чалавека ёсьць крыху гэтага элемэнту. Вялікая колькасьць палёнію хутка выклікае рак.

XS
SM
MD
LG