Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандру Казуліну, які галадае 37 дзён, споўніўся 51 год


Алег Грузьдзіловіч, Менск 25-га лістапада ў Аляксандра Казуліна дзень нараджэньня – палітыку споўніўся 51 год. Сёньня ў калёнію, дзе ўтрымліваюць Казуліна, выправіліся ягоныя сваякі і аднадумцы.

Жонка палітыка Ірына Казуліна набрала крынічнай вады, якую зьбіраецца перадаць мужу ў калёнію. З прычынаў бясьпекі жанчына не называе мясьціны, дзе знаходзіцца крыніца. Ірына шчыруе, што ніколі не магла ўявіць, што галоўным падарункам для мужа на дзень нараджэньня стане чыстая крынічная вада. А сьвяточнага настрою Ірына не прадбачыць.

(Ірына Казуліна: ) “Там нічога цікавага ня будзе, бо Аляксандра, канешне, не дадуць пабачыць. Я перадам яму рэчы, перадам ежу, якая патрэбная для выхаду з галадоўкі. З намі паедуць яшчэ палітыкі, яны таксама хочуць ў гэты дзень быць бліжэй да Аляксандра. Магчыма, мы там пап’ем якой гарбаты”.

У Віцебск сабраліся таксама малодшая дачка Казуліна Юля. Дзяўчына згадала, як звычайна праходзілі дні нараджэньня таты: заўсёды накрываўся стол для гасьцей, якія ішлі цэлы дзень. Толькі апошні дзень нараджэньня Казуліна ў гэтым сэнсе адрозьніваўся, кажа Юля.

(Юля Казуліна: ) “У мінулым годзе таксама сябры прыходзілі. Быў накрыты так званы швэдзкі стол. Людзі прыходзілі, мы стаялі вакол стала, размаўлялі. Было шмат людзей, яле значна меней, як раней. Чаму, вы самі разумееце...”

Летась Аляксандр Казулін заявіў пра намер змагацца за пасаду прэзыдэнта. Стрыжнем сваёй выбарчай кампаніі ён зрабіў крытыку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і яго асобы. Паводле афіцыйных вынікаў выбараў Казулін быў толькі чацьвёртым, між тым ягоны рэйтынг сярод людзей імкліва рос, што выявілася падчас мітынгу 25 сакавіка ля помніку Янкі Купалы. Вось запіс, зроблены напярэдадні таго мітынгу:

(Казулін тлумачыць міліцыянтам: ) “Мы хочам ўскласьці кветкі. Там помнік, мы хочам пакласьці кветкі ў дзень БНР, прадэманстраваць, што мы ў цэнтры Эўропы. У чым праблема?”

(Голас міліцыянта па рацыі: ) “Тут сабраліся людзі... трэба зачысьціць”.

(Казулін: ) “Што значыць зачысьціць? Вы чулі, што яны кажуць? Каго зачысьціць, мірных людзей? Мы мірна ідзем ўскласьці кветкі. Ганьба ўладам!”

Заклікі Казуліна падтрымалі тысячы людзей і пайшлі разам зь ім да турмы на Акрэсьціна, дзе ў той час сядзела некалькі соцень удзельнікаў намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы. Абаронцам гэтых людзей Аляксандр Казулін выяўляў сябе да апошніх хвілінаў на волі. Яшчэ адна стужка з архіву “Свабоды”, запісаная падчас разгону дэманстрантаў на праспэкце Дзяржынскага:

(Міліцыя б’е палкамі ў шчыты)

(Казалін: ) “Бачыце, што адбываецца? Была ж мірная дэманстрацыя”.

З 25-га сакавіка Аляксандр Казулін пазбаўлены волі. У віцебскую калёнію яго зьмясьцілі паводле прысуду на 5,5 гадоў і першае, што зрабіў апазыцыянэр – ён папярэдзіў адміністрацыю пра пачатак 20-га кастрычніка галадоўкі пратэсту супроць улады Аляксандра Лукашэнкі. Сваё слова палітык стрымаў. Былы дэпутат Сяргей Скрабец, які сустрэўся ў калёніі з Казуліным і галадаў разам зь ім, згадвае настрой Казулін напярэдадні іх разьвітаньня 15-га лістападу:

(Скрабец: ) “Настрой быў вельмі добры. Ён сказаў: “Сяргей, я буду трымацца да апошняга, гатовы ісьці да канца”. Сказаў абсалютна спакойна, без хваляваньня”.

Лідэры апазыцыйных партый заклікаюць Аляксандра Казуліна ўсё ж спыніць галадоўку. Да закліку палітыкаў далучылася і маці Аляксандра Казуліна Яўгенія Дудко. Яна віншуе сына з днём нараджэньня і кажа, што людзям ён патрэбны жывы і здаровы:

(Яўгенія Дудко: ) “Вераць у цябе вельмі шмат людзей. Дзе б я ні была, мяне пазнаюць па фатаздымках з газэт, падыходзяць і пытаюцца: “Вы маці Казуліна? Трымайцеся! Мы з вамі! Жыве Беларусь!”
XS
SM
MD
LG