Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэсіяй Эўрапарлямэнту моладзі ў Беластоку будзе кіраваць беларуска


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Беластоку адкрылася рэгіянальная сэсія Эўрапейскага парлямэнту моладзі, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі ня толькі моладзі краінаў Эўразьвязу, але і іншых эўрапейскіх дзяржаваў, у тым ліку і Беларусі.

Эўрапейскі парлямэнт моладзі – гэта недзяржаўная арганізацыя, якая дзейнічае пад патранатам прэзыдэнта Эўрапейскага парлямэнту і старшыні Эўрапейскай камісіі з мэтай пашырэньня дэмакратычных каштоўнасьцяў. На сэсію ў Беласток прыехалі каля 200 прадстаўнікоў Аўстрыі, Бэльгіі, Эстоніі, Грузіі, Беларусі, Украіны, Швэцыі ды іншых краінаў.

(Скабадзіньска: ) “Галоўная тэма сэсіі – гэта свабода, якую мы паспрабуем абмеркаваць з розных пунктаў гледжаньня. Гэта, канешне, свабода слова, перадусім у краінах Усходняй Эўропы – Расеі, Украіне, Беларусі. Але гэта будзе таксама тэма, прыкладам, забароны паліць у грамадзкіх месцах. Як падыходзіць у Эўропе да гэтага? Гэта таксама праблема свабоды выбару”, – сказала нашаму радыё Бэата Скабадзіньска – прэзыдэнт польскай арганізацыі Эўрапейскага парлямэнту моладзі.

Адметна, што працай сэсіі сёлета кіруе беларуска Наста – мы не падаем яе прозьвішча з увагі на тое, што Эўрапейскі парлямэнт моладзі ў Беларусі дагэтуль незарэгістраваны. Беларусаў у Беласток прыехала аж 40 чалавек, гэта, бадай, самая шматлікая дэлегацыя. Наста кажа, што беларуская моладзь вельмі цікавіцца эўрапейскімі пытаньнямі.

(Наста: ) “Беларускія дэлегаты абмяркоўваюць пераважна тэмы эўрапейскага накірунку, моладзевы аспэкт гэтых тэмаў. Выказваюць свае погляды на праблемы моладзі, на праблемы, якія існуюць у нашым грамадзтве”.

Іншы дэлегат зь Беларусі – Ігнат, кажа, што для яго перадусім цікава абмеркаваць з раўналеткамі з Заходняй Эўропы апошнія праблемы дачыненьняў паміж Беларусьсю і Расеяй.

(Ігнат: ) “Дачыненьні з Расеяй, цана газу, цікава пагаварыць пра тое, што стала цяпер надзвычай актуальным”.

Ігнат кажа, што нягледзячы на тое, што беларускія ўлады ня надта схільныя супрацоўнічаць з Эўразьвязам, беларуская моладзь сярод сваіх калегаў з Заходняй Эўропы адчувае сябе вельмі добра.

(Ігнат: ) “Вельмі прыемна адчуваць, што мы добра разумеем адны адных. Толькі сярод іх, тут, напрыклад, у Польшчы, можна адчуць, што я жыву ў Эўропе, а не невядома дзе”.

Сэсія Эўрапейскага парлямэнту моладзі працягнецца да 26 лістапада.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG