Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебшчына: А.Мілінкевіч зьбірае подпісы за вылучэньне актывістаў (фота)


Радыё Свабода, Віцебск Каля трыццаці апазыцыянэраў з розных рэгіёнаў Віцебшчыны ўключылі Аляксандра Мілінкевіча ў свае ініцыятыўныя групы. За тры апошнія дні палітык аб’ехаў шэсьць рэгіёнаў вобласьці, дапамагаючы зьбіраць подпісы за вылучэньне незалежных кандыдатаў для ўдзелу ў мясцовых выбарах.

Сёньня лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў зьбіраў подпісы за вылучэньне актывісткі Партыі БНФ і руху “За свабоду” Тамары Карызны ў рабочым пасёлку Руба пад Віцебскам, а таксама ў самім абласным цэнтры — за вылучэньне актывісткі руху “За свабоду” Тацяны Севярынец — маці вядомага моладзевага палітыка Паўла Севярынца.

Паводле Тацяны Севярынец, гарадзкая выбарчая камісія спачатку ўвогуле не пагаджалася ўключыць Аляксандра Мілінкевіча ў склад ейнай ініцыятыўнай групы.

(Севярынец: ) “Калі я прыйшла забіраць дакумэнты, што мая ініцыятыўная група зарэгістраваная, высьветлілася, што ў яе не ўключылі Аляксандра Мілінкевіча. Казалі: “Ой, Мілінкевіч — ды гэтага ня можа быць! Хіба ён прыедзе, хіба будзе зьбіраць подпісы? Мы праверым!” Я кажу: “Гэта вашая справа. А ён прыедзе”. І ён насамрэч прыехаў, і разам са мной глядзеў у вочы маім патэнцыйным выбарцам, і людзі яго пазнавалі. Думаю, што яны пра гэта апавядуць суседзям. І ў мяне дзякуючы Аляксандру Мілінкевічу, можа, і будзе нават болей галасоў!”

Тацяна Севярынец зьбірала подпісы ў тым самым доме, дзе жыве сама. Тут шмат хто ведае яе як маці апазыцыйнага палітыка. Таму ў некаторых кватэрах, ды яшчэ ўбачыўшы побач Аляксандра Мілінкевіча, людзі адмаўляліся падпісвацца. Іншыя выказвалі падтрымку, але не жадалі пакідаць зьвестак пра сябе на падпісных аркушах. Але ж было й багата ахвотных падпісацца.

Увогуле ж, на думку Аляксандра Мілінкевіча, палітычная актыўнасьць жыхароў абласнога цэнтру вышэйшая, чым у рэгіёнах.

(Мілінкевіч: ) “Горад адрозьніваецца яўна ад тых гарадоў, якія я наведаў. Бо агульнай праблемай ёсьць апатыя людзей — большасьць ня верыць, што выбары могуць нешта зьмяніць. А тут амаль усе давалі подпісы, вельмі мала было адмоваў. Але, можа, самае галоўнае — гэта ня колькасьць подпісаў, што мы сабралі, а якасьць размоваў, што мы праводзілі. Бо вельмі важна зразумець сытуацыю ў краіне, а такія паходы па кватэрах лепшыя за любыя трактаты па сацыялёгіі”.

Зарэгістраваўшы падпісныя лісты, Аляксандар Мілінкевіч мяркуе правесьці сустрэчу зь віцебскімі грамадзкімі актывістамі. А наступны раз ён паабяцаў наведацца на Віцебшчыну ўжо ў часе агітацыйнае кампаніі — каб, паводле ягоных словаў, яшчэ раз выказаць салідарнасьць паплечнікам і аднадумцам, якія падтрымлівалі на выбарах яго.



XS
SM
MD
LG