Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: "Няма сэнсу хадзіць на выбары, калі ўсё пераробяць"


Любоў Лунёва, Менск Як Вы ставіцеся да заявы А.Лукашэнкі, што прэзыдэнцкія выбары былі сфальсыфікаваныя ўладай на карысьць апазыцыі? На гэтае пытаньне адказвалі людзі на менскіх вуліцах.

(Спадарыня: ) “Ну, калі ён прызнаў... Кожны можа прызнаць свае памылкі”.

(Спадар: ) “Канечне, ненармальна. Але ж у нашай краіне — што хочаце можа быць. Па-мойму, ён ужо пажыцьцёвы цар”.

(Хлопец: ) “Калі б ён зрабіў наадварот, калі б за яго прагаласавала меней, то тады іншая рэч. А так — нястрашна”.

(Студэнт: ) “Гэта ненармальна, трэба прызначыць новыя выбары”.

(Дзяўчына: ) “Я абураная. І што цяпер? Здаецца, што больш нікому нельга верыць. Наступны раз не пайду галасаваць”.

(Спадар: ) “Яны ўсе зацікаўленыя асобы. Мне крыўдна — а каго гэта цікавіць?”

(Студэнт: ) “Вядома, абурае… А як зь імі змагацца?”

(Спадарыня: ) “Я ўчора ўважліва слухала прамову нашага прэзыдэнта, і я захопленая ім. Тое, што ён казаў наконт выбараў — ён казаў так, як думаю і я. А я стары камуніст”.

(Пэнсіянэр: ) “Ня трэба падладжвацца пад Захад. Трэба паказваць так, як людзі выказалі жаданьне”.

(Спадар: ) “Ён будзе й надалей так рабіць. А як можна зрэагаваць? У нас толькі ёсьць Валадарскага, Акрэсьціна…”

(Спадарыня: ) “Гэта абуральна. Я хадзіла на выбары. Усе нашы знаёмыя галасавалі за іншых кандыдатаў”.

(Студэнт: ) “На мой погляд, фабрыкаваць выбараў ня трэба, бо народ мусіць выбіраць свайго лідэра дэмакратычным шляхам. Аляксандар Рыгоравіч і гэты тэрмін дабудзе, і іншыя, бо ў яго ёсьць міліцыя і ўнутраныя войскі”.

(Пэнсіянэрка: ) “Абураная, бо галасавала за Лукашэнку. Мне здаецца, што так рабіць нельга. Ну, калі б там было 5% і 1%, то было б яшчэ зразумела. А такой вялікай колькасьці, ясна, нельга фальсыфікаваць”.

(Дзяўчына: ) “Няма папросту сэнсу хадзіць на выбары, калі ўсё роўна ўсё пераробяць”.

(Студэнтка: ) “Мяне абурае — нават ня тое слова! Думаю, што хутчэй арыштуюць генэральнага пракурора, чым каго-небудзь іншага. Мы вяртаемся ў нейкія трыццатыя гады, у час дыктатуры. Мы жывем у вольнай краіне, але пры гэтым усе разумеюць, што краіна далёка ня вольная”.

(Пэнсіянэр: ) “Будзе як Туркмэн-башы”.

(Дзяўчына: ) “Ну, калі ён прызнаўся, то гэта ўжо добра. Нейкая колькасьць людзей здагадваецца, што там нешта ня так”.

(Хлопец: ) “Дзікунства, але ўжо, на жаль, прызвычаіліся. Дванаццаць гадоў відаць, што гэта адна каманда — генэральны пракурор, Ярмошына, прэзыдэнт”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG