Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У перадсьмяротнай запісцы А.Літвіненка абвінаваціў у сваёй сьмерці Пуціна


Віталь Цыганкоў, Прага Сёньня ўначы ў лёнданскім шпіталі памёр былы падпалкоўнік ФСБ Расеі Аляксандар Літвіненка. Тры тыдні таму ён быў атручаны невядомым ядам. У сваёй перадсьмяротнай запісцы Літвіненка абвінаваціў у сваёй сьмерці прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

“Магчыма, вам удасца прымусіць мяне маўчаць, але гэтае маўчаньне будзе куплена дарагім коштам. Вы паказалі сябе грубым і бязьлітасным – такім, якім вас называюць самыя варожыя крытыкі. Вам, магчыма, удасца прымусіць маўчаць аднаго чалавека. Але пратэст усяго сьвету будзе гучаць у вашых, спадар Пуцін, вушах да канца жыцьця. Хай Бог даруе вам усё, што вы зрабілі”, – гаворыцца ў перадсьмяротнай запісцы Літвіненкі, якая была зачытаная ягоным сябрам. Разам з тым, у гэтым дакумэнце Літвіненка не вылучае ніякіх вэрсіяў, для чаго Крамлю спатрэбілася ягоная сьмерць. 16 лістапада, ужо знаходзячыся ў бальнічным ложку, у інтэрвію Паўночна-каўкаскай службе нашага радыё Літвіненка сказаў:

(Літвіненка: ) “Пачынаючы ад 1998 году, пасьля таго, як Пуцін стаў дырэктарам ФСБ, я быў адным зь першых у Расеі, хто выступіў супраць гэтага чалавека. Пачынаючы з гэтага часу мне імкнуцца закрыць рот. Кнігі мае ў Расеі забароненыя. Ёсьць толькі адна структура, зацікаўленая ў тым, каб мне заткнуць рот – гэта расейскія спэцслужбы”.

Сапраўды, у спэцслужбаў ёсьць падставы не любіць Літвіненку, які ў 1997 годзе, працуючы ў ФСБ, сэнсацыйна заявіў, што кіраўніцтва службы загадала яму забіць Барыса Беразоўскага. Атрымаўшы 6 гадоў таму палітычны прытулак у Брытаніі, Літвіненка напісаў кнігу “ФСБ узрывае Расею”, у якой сьцьвярджаў, што расейскія спэцслужбы датычныя да выбухаў жылых дамоў у Маскве ў 1999 годзе, што стала нагодай для разьвязаньня чачэнскай вайны, якая ў значнай ступені і прывяла да ўлады Ўладзіміра Пуціна. Апошнім часам былы выведнік займаўся расьсьледаваньнем забойства ў Маскве журналісткі Ганны Паліткоўскай.

Афіцыйная Масква, натуральна, рэзка адмаўляе любую датычнасьць расейскіх спэцслужбаў да сьмерці Літвіненкі. Першы намесьнік прэсавага сакратара прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў, прамаўляючы сёньня ў Хэльсынкі, дзе Пуцін знаходзіцца з афіцыйным візытам, сказаў:

(Пяскоў: ) "Любыя сьцьвярджэньні супраць Расеі ў сувязі з гэтай справай ёсьць бессэнсоўнасьць. Гэта сапраўды нонсэнс, і гэта настолькі глупа і недарэчна, што нават не вартае нейкіх камэнтароў афіцыйных асобаў".

У вэрсіі датычнасьці расейскіх спэцслужбаў упэўнены, напрыклад, і Алег Гардзіеўскі, знакаміты былы агент КДБ, які яшчэ ў 1985 годзе ўцёк з СССР і знайшоў прытулак у Брытаніі. Разам з гэтым, існуе і вэрсія, што забойства Літвіненкі было арганізаваная нейкімі асобамі, якім трэба дыскрэдытаваць расейскае кіраўніцтва і знайсьці новыя аргумэнты для антыкрамлёўскіх дзеяньняў.
XS
SM
MD
LG