Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Бамбіза: "Для нас газ і нафта — ніякі не наркотык"


Алесь Дашчынскі, Менск Галяндзкі банк ABN AMRO мусіць назваць кошт “Белтрансгазу”. У сувязі з гэтым сёньня ў Менск для перамоваў прыбыла дэлегацыя “Газпрому” на чале з выканаўцам абавязкаў намесьніка старшыні праўленьня канцэрну Валер’ем Голубевым. Віцэ-прэм’ер Іван Бамбіза запэўнівае, што Беларусь не застанецца бяз газу й нафты, аднак не падае дэталяў перамоваў з Расеяй.

Перадача “Белтрансгазу” пад кантроль “Газпрому” мае стаць падставай для захаваньня нізкіх коштаў на расейскі газ для Беларусі. Дзеля абмеркаваньня цаны на беларускае газатранспартнае прадпрыемства ў Менск прыбылі прадстаўнікі “Газпрому” й банка-ацэншчыка ABN AMRO. Прэсавы сакратар “Белтрансгазу” Надзея Паўлава сказала:

(Паўлава: ) “Гэта чарговы раўнд перамоваў. Сёньня не апошняя сустрэча. Перамовы працягваюцца. Калі будзе магчымасьць даць нейкую інфармацыю ў прэсу, то яна будзе ўжо сёньня. Я чакаю вяртаньня генэральнага дырэктара й ягоных указаньняў”.

Віцэ-прэм’ер Іван Бамбіза ня стаў раскрываць дэталяў перамоваў з Расеяй пра кошты на энэрганосьбіты. Заявіў, што гэта можа нашкодзіць перамовам. Адносна цаны на “Белтрансгаз” ён заявіў:

(Бамбіза: ) “Ёсьць фактычны кошт. Цана будзе вызначаная згодна з фактычным рынкавым коштам. Сёньня ў сьвеце няма такога, што нехта вызначае цану. Любы тавар і маёмасьць ацэньваецца згодна з рынкавым коштам, калі яны прывабныя, прыбытковая, нават калі малыя памерамі”.

Сёньня спадар Бамбіза адказваў на пытаньні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Дэпутат Віктар Кучынскі спытаў, што будзе рабіць урад, калі скончыцца нафтавы й газавы наркотык, калі Беларусь прачнецца й адчуе, што павінна жыць адпаведна сродкам.

(Бамбіза: ) “Ніякі для нас газ і нафта не наркотык. Мы і за газ плацім, і за нафту — адпаведна тым дамоўленасьцям, якія існуюць сёньня паміж Беларусьсю і Расеяй. Ставіць тут пытаньне, што мы нейкі наркотык атрымоўваем, што нас нехта спансаруе і гэтак далей — неправамоцна”.

А ці адпрацоўвае беларускі ўрад сытуацыю, калі “Газпром” адключыць ад 1 студзеня пастаўкі газу ў Беларусь?

(Бамбіза: ) “Навошта “Газпрому” гэта рабіць? “Газпром” атрымоўвае выручку ад продажу газу. Газ пастаўляюць не бясплатна, за яго плацяць. У Беларусі няма запазычанасьці ў пастаўках газу. Усё роўна мы будзем яго спажываць штодня. Размова не ідзе пра тое, што 31 сьнежня адно, а з 1 студзеня іншае. Можа і 20 сьнежня цана мяняцца, і 20 студзеня. Пытаньне ня ў гэтым. Калі дамовімся, тады й будзе новая цана. Вядуцца перамовы, і я ўпэўнены, што дамоўленасьць будзе дасягнутая”.



Беларусь і Расея некалькі гадоў ня могуць дамовіцца пра ацэнку “Белтрансгазу”. Для вызначэньня цаны прадпрыемства прыцягнуты банк ABN AMRO. Аднак паводле кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, тая цана будзе толькі стартавай для далейшых перамоваў з “Газпромам”. Спадар Лукашэнка раней заявіў, што цана на “Белтрансгаз” можа быць да 17 мільярдаў даляраў. У 2003 годзе беларускі ацэншчык выставіў за “Белтрансгаз” 5 мільярдаў даляраў, і гэта не задаволіла “Газпром”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG