Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка: СНД ня трэба разбураць, бо яна нікому не перашкаджае


Валер Каліноўскі, Менск У Менску пачаліся афіцыйныя паседжаньні, прымеркаваныя да саміту Садружнасьці незалежных дзяржаваў. Сёньня ў Нацыянальнай бібліятэцы сабраліся кіраўнікі ўрадаў краінаў СНД. Перад гэтым зь імі размаўляў Аляксандар Лукашэнка, які асобна сустрэўся з украінскім прэм’ерам Віктарам Януковічам. Аналягічнай сустрэчы Лукашэнкі з прэм’ерам Расеі Міхаілам Фрадковым не было.

На сустрэчу прэм’ер-міністраў краінаў СНД прыбылі восем прэм’ераў. Грузію і Ўзбэкістан прадстаўлялі віцэ-прэм’еры, а Туркмэністан — амбасадар, акрэдытаваны ў Менску. Перад паседжаньнем яны пагутарылі з Аляксандрам Лукашэнкам. Апошні падтрымаў некаторыя ініцыятывы Ўкраіны ў СНД. У прыватнасьці, яе прапанову ўхваліць пагадненьне, якое б рэглямэнтавала абмежавальныя захады ва ўзаемным гандлі.

У цэлым жа спадар Лукашэнка ацаніў дзейнасьць СНД як “ніжэйшую за магчымасьці”. Тым ня меней, ён заявіў, што СНД нікому не перашкаджае, а таму й няма неабходнасьці яе разбураць “пад выглядам рэфармаваньня”.

А.Лукашэнка сёньня працягнуў спробы наладзіць шчыльнейшае супрацоўніцтва з Украінай. Ён меў асобную сустрэчу з украінскім прэм’ерам Віктарам Януковічам. Ніякай інфармацыі пра гэтыя перамовы няма, яны адбыліся за зачыненымі дзьвярыма.

Учора А.Лукашэнка выказаўся за саюз Беларусі і Ўкраіны, заклікаў украінскае кіраўніцтва весьці супольную палітыку ў галіне тарыфаў на транзыт расейскага газу й забясьпечыць транспартаваньне касьпійскай нафты на беларускія НПЗ.

Напярэдадні прыезду ў Менск, сустракаючыся зь беларускім віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Сямашкам, кіраўнік украінскага ўраду Віктар Януковіч таксама выступіў за ўзмацненьне гандлёва-эканамічных дачыненьняў зь Беларусьсю. Найбольш пэрспэктыўным кірункам двухбаковага супрацоўніцтва ён назваў энэргетыку і, у прыватнасьці, пастаўкі электраэнэргіі й нафты ў Беларусь. У.Сямашка, у сваю чаргу, выказаўся за арэнду Беларусьсю аднаго з энэргаблёкаў Ровенскай ці Хмяльніцкай АЭС.

Менскі эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць спробы А.Лукашэнкі наладзіць сяброўства з Украінай пошукамі альтэрнатыўных расейскім крыніцаў энэргіі.

(Злотнікаў: ) “З майго пункту гледжаньня, яшчэ далёка да таго, каб нафта пайшла праз Украіну, або каб Беларусь і Ўкраіна маглі супольна нейкія ўмовы ставіць Расеі. Вельмі малая вага ў Беларусі, каб дыктаваць Расеі нейкія ўмовы”.

Леанід Злотнікаў сумняецца, што супольныя энэргетычныя праекты Беларусі з Украінай, Азэрбайджанам ці Іранам будуць эканамічна выгадныя беларускай эканоміцы.
XS
SM
MD
LG