Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія каталікі правялі акцыю пратэсту перад аблвыканкамам


Сяргей Астраўцоў, Горадня Раніцай каля ста вернікаў прыйшлі да Гарадзенскага аблвыканкаму. Яны запатрабавалі ад уладаў дазволу на будаваньне новага касьцёлу — у занёманскай частцы гораду, на вуліцы Рэпіна. Некалькіх вернікаў на чале са сьвятаром прыняў старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка.

Сярод вернікаў, якія прыйшлі да аблвыканкаму, быў Аляксандар Шэмет. Сабраныя пачалі маліцца пад вокнамі аблвыканкаму. Адзін вернік патлумачыў, што каталіцкай грамадзе даўно патрэбны свой храм у раёне, называным Аўгустоўкай, — там раней была загарадная сядзіба апошняга караля.

(Спадар: ) “Нам не даюць дазволу пабудаваць касьцёл ужо дзесяць гадоў. Таму людзі з парафіі прыйшлі перадаць пэтыцыю ўладам, што з 1 сьнежня будзе абвешчаная галадоўка”.

Парафія даўно зарэгістраваная, у ёй восем тысяч чалавек, а набажэнствы адбываюцца ў капліцы. Гаворыць адна з прыхаджанак:

(Спадарыня: ) “Там так цесна, што людзі трацяць прытомнасьць, а старым людзям куды яшчэ ісьці маліцца? А людзей зьбіраецца вельмі многа на імшу”.

Старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка паабяцаў задаволіць патрабаваньне вернікаў. Аднак каталікі гавораць, што калі не атрымаюць пісьмовага дазволу на будаўніцтва касьцёлу, пачнуць з 1 сьнежня галадаць. Ужо склалі папярэдні сьпіс галадоўнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG