Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь абірае беларускую мову на знак пратэсту супраць русіфікацыі


Ігар Карней, Менск У часе ўчорашняй прэс-канфэрэнцыі з украінскімі журналістамі Аляксандар Лукашэнка заявіў: адраджэньне беларускай мовы — ня самае важнае для яго пытаньне. Між тым, Лукашэнка схільны лічыць, што менавіта пры ім пачаў выяўляцца падвышаны інтарэс да роднай мовы. Паводле кіраўніка дзяржавы, калі “пры нацыяналістах” у пачатку 1990-х на іспытах сачыненьні па-беларуску пісалі 20% абітурыентаў, то цяпер большасьць выпускнікоў абірае менавіта беларускую мову. Спэцыялісты згодныя са статыстыкай ад Лукашэнкі, але лічаць гэта асэнсаванай формай пратэсту супраць русіфікацыі ўсіх сфэраў жыцьця.

Паводле старшыні Таварыства беларускай школы Алеся Лозкі, названыя Лукашэнкам лічбы блізкія да рэальнасьці. Аднак, як удакладняе спадар Лозка, такі высокі працэнт выпускнікоў школаў, якія здаюць цэнтралізаваныя тэсты на беларускай мове, ёсьць пратэстным паказьнікам: моладзь, насуперак палітыцы русіфікацыі, дэманструе асабістае стаўленьне да штучнага вынішчэньня мовы.

Паводле Таварыства беларускай школы, сёлета тэсты здавалі па-беларуску болей за 80 тысяч чалавек, тады як школы зь беларускай мовай навучаньня закончылі толькі 22 тысячы вучняў.

Намесьнік міністра адукацыі Беларусі Казімір Фарыно прызнае тэндэнцыю на агульнае выраўноўваньне выбару моваў падчас цэнтральнага тэставаньня.

(Фарыно: ) “Цэнтралізаванае тэставаньне праходзіла больш за 100 тысяч навучэнцаў па расейскай мове і больш за 85 тысяч па беларускай. Па вялікім рахунку, гэта прыкладна роўная колькасьць, як і ў мінулым годзе. У выбары мовы на ўступных іспытах прасочваецца прапарцыйны падзел, амаль пароўну. Калі ўзяць матэматыку, фізыку, біялёгію ды іншыя 14 прадметаў, то больш за 7 тысяч навучэнцаў праходзілі цэнтралізаванае тэставаньне на беларускай мове. Астатнія, адпаведна, на расейскай. То бок, у нас няма праблемаў з падрыхтоўкай тэстаў на расейскай альбо беларускай мовах”.

Спэцыялісты кажуць, што нараканьні Аляксандра Лукашэнкі на адрас Станіслава Шушкевіча, пры якім нібыта не пісалі па-беларуску, неабгрунтаваныя. Тая “большая палова” выпускнікоў, што выбрала для тэставаньня беларускую мову, пайшла ў першую клясу менавіта пры Шушкевічу. Разам з тым, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня будзе адмаўляцца ад расейскай мовы, якая зьяўляецца роднай для беларусаў. А таксама дадаў, што ў беларускай мове няма многіх фізычных і матэматычных тэрмінаў.

Літаратар і дасьледчык Валер Булгакаў згадвае, што стэрэатып аб “нікчэмнасьці” беларускай мовы кіраўнік краіны выкарыстоўвае не ўпершыню.

(Булгакаў: ) “Як сфармаваліся гэтыя гістарычныя ўяўленьні пра нібыта “нікчэмнасьць” беларускай мовы й культуры? Яны ж не былі ад пачатку ўласьцівыя беларусам! Гэта папросту вынік сьвядомай дзяржаўнай палітыкі Расейскай імпэрыі, якая накідвала такія ўяўленьні праз навуковыя працы, праз публіцыстыку, праз навучаньне ў школах. І ўжо недзе на мяжы ХІХ—ХХ стагодзьдзяў гэтыя комплексы былі ўкарэненыя, прынятыя беларусамі, за выняткам элітаў. Цяпер мы бачым, што яны становяцца нейкім такім агістарычным беларускім комплексам. Гэта значыць, цяпер гэтыя падыходы да нацыянальнай спадчыны нібыта не валодаюць сваёй генэалёгіяй. Фактычна абвяшчаецца, што так было заўсёды й так будзе таксама заўсёды”.

Паводле афіцыйных зьвестак Міністэрства адукацыі, у беларускамоўных школах цяпер навучаецца 24% ад агульнай колькасьці вучняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG