Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Лукашэнка спачатку намаляваў 90%, а потым сфальшаваў фальшаванае”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за пятніцу, 24 лістапада. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон “Свабоды” 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" – гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам таксама можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 8-029-391-22-24.

(Анастас Семяновіч: ) “Што можна параіць таварышу Лукашэнку ў дадзенай сытуацыі? Бог на небе ёсьць, Ён спусьціўся на родную Беларусь. Рашэньне Эўропы і Амэрыкі максымальна дапамагчы Беларусі бывае адзін раз у жыцьці. За гэта прапаноўваецца зьмяніць выбарчы закон, каб выбары былі дэмакратычнымі, як ва Ўкраіне ці ў Расеі. Усе камісіі на 50 % павінны складацца з прадстаўнікоў дэмакратычных партый. Адхіліць “палатнікаў” і прызначыць новыя выбары, а затым прызначыць выбары прэзыдэнта. На дадзены момант трэба правесьці круглы стол з апазыцыяй. Пасьля гэтага ўрад адправіць у адстаўку і прызначыць новы ўрад з дэмакратаў-прафэсіяналаў, ён будзе праводзіць рынкавую эканоміку. Іншага шляху няма. Разьлічваць на танны газ час прайшоў. Трэба максымальна скараціць АМАП і іншых нахлебнікаў, а іх вельмі шмат. Праводзячы гэтую працу, Вы застанецеся ў новай гісторыі Беларусі як думаючы чалавек”.

(Марыя Лукашук, Берасьце:) “Віншую са стогадовым юбілеем “Нашу Ніву” і цудоўнага волата Свабоды Сяргея Дубаўца, які так глыбока, грунтоўна нам паведамляе. І віншую маладых “нашаніўцаў,” каб і яны доўга-доўга, да стогадовага юбілею жылі”.

(Павел Давыдзенка, г/п Парычы: ) “Хачу зьвярнуцца да Лукашэнкі. Усе ідэалягісты хлусяць, што жыць стала лепш, што пэнсіі падвышаныя на 11 %. Чаму тады чыноўнікі з маёй пэнсіі скралі гэтыя 11 %?”

(Раманчук, Гарадок: ) “Вы калі-небудзь зьвярталі ўвагу на тое, як наш, як казалі ў савецкія часы, “правадыр і настаўнік” Лукашэнка рэагуе на тое, як яму яго расейскі калега спадар Пуцін кажа наконт кошту газу? Ён заўсёды адказвае адное і тое ж, што “мы разам гнілі ў акопах, і таму Расея павінна нам даваць дармавы газ”. Але ўкраінцы і грузіны таксама гнілі ў акопах разам зь беларусамі і расейцамі, але ні Саакашвілі, ні спадар Юшчанка ніколі не гаварылі, што яны маюць права на дармавы газ па гэтай прычыне. А спадар Лукашэнка такое кажа”.

(Спадарыня: ) “Аляксандра Казуліна забівае Лукашэнка і абыякавасьць беларускага народу, з-за якога ён пазбавіўся нармалёвага жыцьця, свабоды, здароўя, і цяпер, як сьвечка, гасьне яго жыцьцё. А народ Беларусі нават не хоча пацікавіцца, дзе былы кандыдат на прэзыдэнта, што зь ім адбываецца. Просьба да журналістаў “Свабоды” штодзённа весьці апытаньні пра галадоўку і стан здароўя Аляксандра Казуліна на вуліцах гарадоў Рэспублікі Беларусь”.

(Васіль Цюхай, Бярэзіна: ) “Лукашэнка мог бы пайсьці далей – сфальшаваць выбары на карысьць Мілінкевіча, прыпісаўшы яму 99% і потым хваліцца на ўвесь сьвет, які ён супэр-дэмакрат. А сябры арганізацыі “Партнэрства,” якіх пакаралі зьняволеньнем за спробу назіраньня за выбарамі, перашкаджалі, значыць, Мілінкевічу або Казуліну стаць прэзыдэнтам. І яшчэ я ўпэўнены, што Лукашэнка спачатку намаляваў сабе 90 зь нечым адсоткаў, а потым ужо сфальшаваў фальшаванае, у чым і прызнаўся. У любым выпадку, такія прызнаньні цягнуць на крымінальны артыкул”.

(Анатоль Жэрдзеў, Гомель:) “У сёньняшняй перадачы прагучаў аповед жанчыны, якой не саступілі месца ў тралейбусе, нягледзячы на яе цяжарнасьць. Гэта яе вельмі ўразіла, нават у сэнсе, ці магчыма выхаваць дзіця ў такім грамадзтве. Вельмі сумна такое чуць, бо тое сьведчыць, што на самой справе ў нас наогул няма грамадзтва. А ёсьць толькі адасобленыя адзінкі. Дык практычна таталітарныя рэжымы разбураюць грамадзтва, і аднавіць яго ва ўмовах таталітарызму немагчыма. Бо тыраны ўсё робяць для таго, каб не магла выкараскацца сапраўдная грамадзкая эліта. На жаль, тое ж самае назіраецца і ў асяродзьдзі апазыцыі. Апошні Кангрэс дэмсілаў, які пры галасаваньні раскалоўся на дзьве паловы, яскрава сьведчыць, што і ў апазыцыі няма сапраўднай эліты. Менш чым паўгода засталося да новага Кангрэсу, але ў суполках няма ніякіх матэрыялаў для абмеркаваньня пытаньняў будучага Кангрэсу. Лідэрам гэта не патрэбна, бо іх хвалюе нешта іншае, больш для іх асабіста істотнае”.
XS
SM
MD
LG