Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: А.Мілінкевіч працягвае зьбіраць подпісы


Радыё Свабода Аляксандар Мілінкевіч з самае раніцы зноў скіраваўся зьбіраць подпісы за вылучэньне мясцовых апазыцыянэраў на ўдзел у выбарах. Сёньня да мікрараёну Руба, які месьціцца за межамі горада вакол прадпрыемства "Даламіт", А.Мілінкевіч і ягоныя паплечнікі дабраліся без прыгод.

Учора а 10-й вечара лідара аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча і грамадзкага актывіста Хрыстафора Жаляпава затрымалі супрацоўнікі міліцыі і ДАІ. Іх завезьлі ў пастарунак і пратрымалі там да апоўначы. Міліцыянты прызналі, што падазрэньні, паводле якіх былі затрыманыя спадары Жаляпаў і Мілінкевіч, беспадстаўныя — машына спадара Жаляпава, у якой яны вярталіся з Полацку ў Віцебск, ня мае дачыненьня да дарожна-транспартнага здарэньня, якое расьследуе віцебская міліцыя.

Начны інцыдэнт яны лічаць нічым іншым, як спробай перашкодзіць іхнае працы. Учора па дарозе з Віцебску на Навалукамаль абедзьве машыны, у якіх ехалі Аляксандар Мілінкевіч і Хрыстафор Жаляпаў разам з сябрамі ініцыятыўнае групы, супрацоўнікі ДАІ спынілі ажно тры разы – спачатку правяралі камплектацыю аптэчкі, потым запыталіся, ці няма ў багажніку зброі ды наркотыкаў, і ўрэшце перапісалі асабістыя дадзеныя кіроўцаў ды пасажыраў, патлумачыўшы гэта правядзеньнем у Чашніцкім раёне апэрацыі "Нелегал".
XS
SM
MD
LG