Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Уладзімер Караткевіч<br><br>26.11.1930, Ворша — 25.7.1984, Менск. Пахаваны на менскіх Усходніх могілках.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Ліст ад яго з водгукам на адно зь першых маіх апавяданьняў — самая дарагая “адзінка захоўваньня” ў хатнім архіве. Дзякуючы таму, поўнаму авансаў і незаслужаных камплімэнтаў лісту, мая першая кніжка была без ваганьняў названая па адрэцэнзаваным мэтрам юначым опусе — “Добры дзень, мая Шыпшына”. На жаль, я ўжо ня змог падпісаць яму аўтарскі асобнік зь нераўнальным водарам сьвежай друкарскай фарбы.

Пахаваньне запомнілася вострым да фізычнага болю адчуваньнем велізарнай трагічнай страты — ня толькі выдатнага пісьменьніка, але і асабіста блізкага чалавека. У разьвітальным слове Генадзь Бураўкін назваў Караткевіча апосталам нацыі, і ў гэтым не пачулася ніякага перабольшваньня.

Памятаю, калі ў продажы зьявіўся новы зборнік ягонае прозы зь “Дзікім паляваньнем караля Стаха”, у нас на гістфаку БДУ сарвалася лекцыя, бо амаль увесь курс, не згаворваючыся, рушыў у кнігарню. Кнігі Уладзімера Караткевіча, зь іх рамантызмам, багацьцем мовы, вытанчанасьцю стылю й вострымі авантурнымі сюжэтамі, ня проста вярталі нам сапраўднае мінулае нашае зямлі, што, аказваецца, было прыгожай і багатай гісторыяй эўрапейскага народу, а зусім ня сьціплым разьдзельчыкам у гісторыі Расеі, як спрабавалі пераканаць нас зацьверджаныя ў Маскве падручнікі і верныя ім выкладчыкі.

Караткевіч вяртаў нам Радзіму. Ён падводзіў да “моманту ісьціны”. Мы пачыналі разумець, што з народам, пазбаўленым памяці, можна рабіць самыя злачынныя сацыяльныя экспэрымэнты і ўрэшце перакрэсьліць ягоную гістарычную пэрспэктыву.

А потым адбылося ўсьцешлівае адкрыцьцё ягонай паэзіі. Томік “Маёй Іліяды”, каб ён заўсёды быў са мною, я вывучыў на памяць. Гэтая кніга і сёньня гучыць ува мне: “Сьнягір” (О Радзіма, мой сьветач цудоўны, адзіны, Явар мой, мой агністы сьнягір на сасьне, Ледзь цябе не забыў я з чужою жанчынай...), “Балада плахі” (Кожны дзень гінуць мужнасьць і сьвятасьць...), “Безгаловая Вэнэра” (За што галаву ты згубіла, Якую праўду сказала?), прарочая “Дзяўчына пад дажджом” (Дзяўчына ад шчасьця сьпявала... Стронцый быў у дажджы...).

У 2005-м на сьвяткаваньні 75-годзьдзя Караткевіча ў Воршы, у музэі пісьменьніка (створаным, дарэчы, у колішняй радзільні, дзе той зьявіўся на сьвет) да мяне падышоў чалавек зь някідкім абліччам. “Вы — Владимир Орлов”,— сказаў ён, і я мусіў пагадзіцца, што гэта сапраўды так. “Я уже два дня наблюдаю за вами, і вы постоянно чем-то недовольны”. Я сапраўды быў незадаволены: да прыкладу, тым, што шмат каго з жывых сяброў і добрых знаёмых Караткевіча на ягоны юбілей проста не паклікалі, а калі і запрасілі, дык не давалі слова. “Я — Арлоў. А хто вы такі?” — у сваю чаргу пацікавіўся я. “Участник юбилейных торжеств”,— не зьбянтэжыўшыся, адрэкамэндаваўся мой суразмоўца. Думаю, што яны, гэтыя “участники торжеств”, як і я сам, ані не сумняваліся, з кім, зь якой Беларусьсю, быў бы Ўладзімер Сямёнавіч, каб дажыў да сёньняшніх дзён.

Адзін з замежных гасьцей-навукоўцаў выказаў тады ў Воршы думку, што, калі б Бог своечасова не паслаў беларусам Караткевіча, на палітычнай мапе сьвету магло б быць цяпер на адну краіну меней. Наконт гэтага можна, відаць, падыскутаваць, але не падлягае сумневу, што безь яго мы былі б іншыя.
XS
SM
MD
LG