Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кардынал Сьвёнтэк стаў Камандорам францускага ордэну Ганаровага легіёну


Валер Каліноўскі, Менск У загараднай рэзыдэнцыі францускага амбасадара ў Беларусі Стэфана Шмялеўскага прайшла цырымонія ўручэньня ордэну Ганаровага легіёну кардыналу Казіміру Сьвёнтку. Кардынал Сьвёнтэк — першы грамадзянін Беларусі, ганараваны званьнем камандора Ордэна Ганаровага легіёну, што зьяўляецца найвышэйшай вайсковай і грамадзянскай узнагародай Францыі. Ордэн быў заснаваны Напалеонам Банапартам у 1802.

(Шмялеўскі: ) “Казімір Сьвёнтэк! Ад імя прэзыдэнта Рэспублікі і дадзенымі нам паўнамоцтвамі мы надаём вам званьне камандора нацыянальнага ордэна Ганаровага Легіёна”.

Ва ўрачыстай прамове амбасадар Францыі Стэфан Шмялеўскі заявіў, што Францыя, жадаючы выказаць прызнаньне і падтрымку беларускаму народу, вырашыла, што кардынал Казімір Сьвёнтэк як ніхто іншы ўвасабляе сабой пакуты, якія перажыў народ Беларусі ў 20-м стагодзьдзі. Спадар Сьвёнтэк пацярпеў ад двух ідэалёгій – нацыянал-сацыялістычнай і камуністычнай. Казімір Сьвёнтэк за сваю сьвятарскую працу арыштоўваўся і камуністамі і нацыстамі, савецкая ўлада прысудзіла яго да сьмяротнага пакараньня, якое было замененае на 10 гадоў сталінскіх лягероў.

Казімір Сьвёнтэк словы падзякі выказаў па-француску:

(Сьвёнтэк: ) “Беларускі народ, атрымаўшы праз мяне гэтую ўзнагароду, на самой справе варты падтрымкі і захапленьня, якімі Францыя яго адарыла за мужнасьць і годнасьць, зь якой ён сіліўся учора і сіліцца сёньня выжыць у якасьці асобнай нацыі”.

Спадар Сьвёнтэк пасьля цырымоніі паведаміў Свабодзе, што яму давялося пабываць у Францыі і яе сталіцы Парыжы.

(Сьвёнтэк: ) “Мае ўражаньні вялізныя, таму што, як я адчуў, народ францускі блізкі славянам, не толькі палякам ці беларусам, але увогуле. Адносіны да славян у Францыі цудоўныя. Я гэта адчуваў на кожным кроку. Тым больш я вельмі рады, што спадар Прэзыдэнт Шырак згадаў кагосьці ў Беларусі і ўзнагародзіў яго такім пачэсным званьнем”.

Прэзыдэнт Францыі даведаўся пра Казіміра Сьвёнтка, дзякуючы амбасадару Стэфану Шмялеўскаму, які добра ведае кардынала.

(Шмялеўскі: ) “Для мяне кардынал Сьвёнтэк з’яўляецца сьведкам тых сумных часоў, і мы вырашылі ў Парыжы, што гэта было б добрым знакам ацэнкі і павагі да народа – узнагародзіць чалавека, які так добра прадстаўляе народ сваёй краіны”.





XS
SM
MD
LG