Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Архэалягічная выстава зьменшылася пасьля пераезду ў Беларусь


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні ў Новым каралеўскім замку адкрылася супольная беларуска-польская выстава. Яна мае назву “Каштоўнасьці пяці тысячагодзьдзяў: архэалягічная спадчына Падляшша і Гарадзеншчыны”, а фінансавалася паводле праграмы TACIS. Наведнікі могуць убачыць і каменныя сякеры, і старажытныя бранзалеты, і кафлю з магнацкімі гербамі.

Натальля Кізюкевіч, загадчыца аддзелу архэалёгіі Гарадзенскага гісторыка-архэалягічнага музэю, расказала, што ідэя гэтай выставы ўзьнікла ў палякаў. Яе арганізаваў Музэй Падляшша ў Беластоку, і яна дзейнічала з траўня да канца кастрычніка.

(Кізюкевіч:) “Зараз яна прыехала сюды, толькі ўжо ў крыху іншым выглядзе. Натуральна, што тысячы адзінак, якія паказваліся ў Беластоку, няможна было перавезьці сюды праз мяжу, бо гэта вельмі цяжка, таму што патрабуецца шмат дакумэнтацыі. Тут больш нашых забыткаў — больш за 600 прадмэтаў з нашага Гарадзенскага гісторыка-архэалягічнага музэю і 121 прадмэт з музэю Падляшша ў Беластоку. Сярод гэтых польскіх прадмэтаў выдатнейшая калекцыя балцкай кэрамікі. І самымі прыгожымі экспанатамі, якія прывезьлі да нас польскія калегі, можна, канечне, лічыць мэталічныя аздобы і зброю”.

Натальля Кізюкевіч зазначае, што ад Эўразьвязу быў атрыманы грант на двухбаковае супрацоўніцтва, ім прадугледжана перадусім выстава і архэалягічныя раскопкі. А беластоцкія экспанаты ў Горадню прывезьлі дзякуючы падтрымцы польскага міністэрства культуры.

Мяне зацікавілі рэчы з пахаваньня пшэворскай культуры, прывезеныя з Беластоку. Асабліва ўразіў меч, сагнуты нібы зьмейка некалькі разоў. Супрацоўніца музэю зазначыла, што меч адмыслова псавалі перад тым, як пакласьці ў магілу. У іншай вітрыне — знойдзеныя на гарадзенскай Замкавай гары абутак, шахматныя фігуркі, дзіцячыя цацкі, верацёны, вясло.

Знаёмства са старажытнымі знаходкамі таксама карыснае самім музэйшчыкам.

(Кізюкевіч:) “Панёманьне — вельмі спэцыфічны рэгіён, гэта памежная, як, можна сказаць, і тэрыторыя Падляшша, зона і вельмі часта сустракаюцца аднолькавыя вырабы. Напрыклад, мяне вельмі моцна зьдзівіла, калі мы прыехалі рабіць выставу ў Беластоку, і я там убачыла ўпрыгожаньне у выглядзе сякеркі — копію, ідэнтычную той, што захоўваецца ў нас і якая знойдзена ў Гальшанах. Кераміка таксама вельмі-вельмі падобная”.

Карацей кажучы, мяжы паміж Гарадзеншчынай і Беласточчынай раней не існавала, і ня трэба было запаўняць безьліч папераў, каб правезьці каменныя сякеры альбо касьцяныя шахматныя фігуркі…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG