Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пінску на выбары зноў ідуць вэтэраны дэмакратычнага руху


Радыё Свабода 15 гадоў таму ў Пінскім гарсавеце траціна дэпутатаў уваходзілі ў “Дэмакратычны блёк”. Дзякуючы ім, у 1991 годзе Пінскі гарсавет адзіны ў Беларусі асудзіў спробу ГКЧП захапіць уладу. Мясцовыя дэпутаты таксама былі супраць прызначэньня кіраўнікоў “вэртыкалі”. Яшчэ яны вызначыліся заснаваньнем новай газэты і разьвіцьцём прыватнага сэктару эканомікі. Гэта – гісторыя. А якія шанцы дэмакратам у Пінску абяцае падрыхтоўка да будучых мясцовых выбараў?

У Пінску цяпер 14 прадстаўнікоў ад дэмакратычнай кааліцыі зьбіраюць подпісы для рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты мясцовага Савету. Пра спадзяваньні гаворыць сябра партыі БНФ Аляксандар Аўсеенка:

(Аўсеенка: ) “Па гораду Пінску, я мяркую, шанцы ў нас нулявыя. Перадусім, мала дэмакратычных людзей ідуць ў дэпутаты. Людзі баяцца. Пра кантракты кажуць некаторыя. Другое: самая галоўная прычына – я лічу, што ў нас даўно інстытут выбараў зьліквідаваны. У нас выбараў няма”.

Аляксандар Аўсенка ўдакладняе, што агульная колькасьць дэпутацкіх месцаў ў Пінскім гарсавеце – тры дзесяткі. Партыя БНФ вылучае чатыры прэтэндэнты; Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) – тры; ПКБ і Аб’яднаная дэмакратычнай партыя – адпаведна чатыры і тры. Чаму ў сьпісе кандыдатаў няма, напрыклад, былога дэпутата Раманцава тлумачыць ягоны сябра Уладзімер Роўда:

(Роўда: ) “Ён ад ПКБ хацеў вылучыцца. Пасьля “наехалі”, што не працягнуць кантракт з ягонай дачкой. Ну, і ён адмовіўся”.

Вядома, што напачатку кампаніі мясцовых выбараў у Пінску было амаль 30 ініцыятыўных груп у падтрымку дэмакратычных кандыдатаў. На сёньня іх засталося, паўтару, толькі 14. Між тым, сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік даводзіць пра нібыта палітычную апатыю дэмакратаў:

(Лазавік: ) “Агульнае маё ўражаньне ад удзелу апазыцыі ў цяперашняй выбарчай кампаніі, што ён у дзясяткі разоў ніжэйшы, чым на папярэдніх выбарах”.

Пярэчыць Мікалаю Лазавіку жыхар Пінска Юры Бахцераў. Дэпутат 1991 году зьбірае подпісы за вылучэньне кандыдатам у гарсавет і вось як ён адказвае на пытаньне чаму дэмакраты ў Пінску не спадзяюцца паўтарыць мінулыя посьпехі?

(Бахцераў: ) “Шанцы, вядома, ёсьць, гледзячы на тое, як людзі да нас ставяцца і на тое, як падтрымліваюць. Паказчык гэтага – збор подпісаў. Людзі ахвотна пакідаюць подпісы за нас.Але ёсьць іншы бок мэдаля – ідзе татальная фальсыфікацыя. Гледзячы з гэтага боку – шанцаў няма”.

Усяго ў Беларусі, паводле Цэнтрвыбаркама, зарэгістравана больш як 15 тысяч ініцыятыўных груп па вылучэньню кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. У партыі БНФ іх 138, у АГП – 135, у Партыі камуністаў Беларускай і БСДП (Грамада) – адпаведна 134 і 82.
XS
SM
MD
LG