Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнсацыяў на саміце не чакаюць


Валер Каліноўскі, Менск У Менску пачынаюцца афіцыйныя паседжаньні, прымеркаваныя да саміту Садружнасьці незалежных дзяржаваў. У сталіцы Беларусі сёньня зьбяруцца кіраўнікі ўрадаў СНД. Юбілейны саміт быў перанесены з сярэдзіны кастрычніка на ініцыятыву Расеі і Казахстану, што выклікала раздражненьне Аляксандра Лукашэнкі. Пазьней зьявілася інфармацыя аб магчымым пераносе саміту ў Казахстан. А амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў казаў, што ў Астане ў сьнежні можа прайсьці яшчэ адзін сьвяточны саміт СНД. Аднак на сёньня гэтая інфармацыя не пацьвярджаецца.

На супольным паседжаньні прэм’ер-міністры краін Садружнасьці будуць разглядаць 24 пытаньні парадку дня. Пазьней, у панядзелак, міністры замежных справаў СНД павінны падрыхтаваць саміт прэзыдэнтаў, прызначаны на аўторак.

Напярэдадні ў Выканкаме СНД паведамілі, што пакуль няма пацьвярджэньня аб прыезьдзе на саміт некалькіх прэзыдэнтаў, але якіх канкрэтна – не казалі, бо там маюць надзею, што на юбілейны саміт, прымеркаваны да 15-годзьдзя стварэньня СНД, прыбудуць усе лідэры. Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка ўчора выказаў расчараваньне, што нібыта адмаўляецца прыехаць у Менск украінскі лідэр Віктар Юшчанка, але ў Кіеве не пацьвердзілі гэтыя зьвесткі.

Гаворачы пра сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў СНД ў Менску, першы намесьнік выканаўчага сакратара Садружнасьці Уладзімер Гаркун шчыра прызнаўся:

(Гаркун: ) “Усе мы чагосьці чакаем ад саміту, але я магу сказаць, што сэнсацый на ім, я спадзяюся, ня будзе. Будзе ўхваленае рашэньня наконт прадаўжэньня і паглыбленьня супрацоўніцтва”.

Галоўная тэма для абмеркаваньня прэм’ер-міністраў і прэзыдэнтаў – рэфармаваньне СНД. Пра гэта дамовіліся яшчэ на казанскім саміце ў 2005 годзе, пасьля якога была створаная адмысловая група мудрацоў. Мудрацы пад кіраўніцтвам Урала Латыпава падрыхтавалі на гэтым тыдні свае прапановы і разаслалі іх кіраўнікам краін СНД. Дэталі дакумэнту застаюцца ў таямніцы.

(Гаркун:) “Пытаньні, якія ёсьць у гэтай справаздачы, зьвязаныя з рэфармаваньнем, павышэньнем эфэктыўнасьці работы Садружнасьці. Я павінен сказаць, колькі існуе Садружнасьць, столькі йдзе рэфармаваньне”.

З асобнымі прапановамі па рэфармаваньні выступілі Украіна і Казахстан. Нурсултан Назарбаеў, які цяпер кіруе саветам кіраўнікоў дзяржаваў СНД, у прыватнасьці прапанаваў перайсьці да працы па прынцыпе, якім кіруюцца ў “вялікай васьмёрцы”. Гэта значыць, каб краіна, якая зьяўляецца старшынёй у СНД, на тэрмін свайго старшынства сама вызначала напрамкі і праграму дзейнасьці арганізацыі і арганізоўвала іх рэалізацыю.

Днямі прадстаўнік Беларусі ў органах СНД Вячаслаў Кузьняцоў выступіў з рэзкай крытыкай гэтых прапаноўваў спадара Назарбаева, заявіўшы, што яны могуць прывесьці да аслабленьня Садружнасьці. Украіна апрача іншага дамагаецца ўнясеньня ў парадак дня саміту праекту заявы наконт дагаворна-прававога афармленьня міждзяржаўных межаў у рамках Садружнасьці. Але супраць выступае Расея. У выніку на экспэртным узроўні толькі Азэрбайджан і Грузія падтрымалі Украіну ў гэтым пытаньні.
XS
SM
MD
LG