Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У лёнданскім шпіталі памёр Аляксандар Літвіненка


Ганна Соўсь, Прага Увечары 23 лістапада ў Лёнданскім шпіталі памёр былы падпалкоўнік ФСБ Расеі Аляксандар Літвіненка. Тры тыдні таму яго атруцілі невядомым ядам. Сярод іншага былы выведнік займаўся незалежным расьсьледаваньнем забойства журналісткі Ганны Паліткоўскай

Вось што заявіў прадстаўнік лёнданскага шпіталю Джым Доўн. (Доўн: ) “Мы з жалем паведамляем, што Аляксандар Літвіненка памёр у шпіталі ў 21 гадзіну 21 хвіліну 23 лістапада. Ён паступіў да нас з цяжкім атручваньнем 17 лістапада. Лекары зрабілі ўсё магчымае, каб выратаваць яму жыцьцё”. Кіраўнік клінічнага аддзяленьня лёнданскага шпіталю Джэф Бэлінгэм кажа, што прычына захворваньня Літвіненкі дагэтуль няясная. Учора стан былога падпалкоўніка ФСБ рэзка пагоршыўся. Ягоны сябра Алекс Гольдфарб сказаў у чацьвер раніцай, што ўначы ў Літвіненкі спынілася сэрца, потым ён знаходзіўся на апараце штучнага дыханьня. Аднак шпіталь не камэнтаваў гэтыя заявы, спасылаючыся на ўрачэбную тайну, паведамляе ВВС. Раней лекары заяўлялі, што стан Аляксандра Літвіненкі наўрад ці выкліканы атручваньнем сульфатам талія, як меркавалася, але не выключалі, што ў ягоны арганізм быў уведзены, магчыма, радыяактыўны ізатоп талія. Паводле лекара Літвіненкі Аміта Натвані, выявіць сапраўдныя прычыны, якія прывялі да рэзкага пагаршэньня здароўя былога падпалкоўніка ФСБ, будзе вельмі складана, паколькі мінула шмат часу, спатрэбяцца новыя аналізы. Справу Літвіненкі расьсьледуе спэцыяльнае падразьдзяленьне брытанскай паліцыі ў барацьбе з тэрарызмам. У шпіталь ён трапіў 1 лістапада ў цяжкім стане. У яго выпалі валасы, не функцыянаваў косны мозг, узровень лейкацытаў упаў да нуля. У дзень меркаванага атручваньня ў Аляксандра Літвіненкі былі, як мінімум, дзьве сустрэчы. Раніцай ён піў гарбату ў адным з лёнданскіх гатэляў з двума расейцамі – сваім сябрам былым ахоўнікам Беразоўскага Андрэям Лугавым і невядомым, якога звалі Уладзімер, якога цяпер лічаць галоўным падазраваным. Пазьней Літвіненка абедаў ў сушы-бары з італьянцам Марыё Скарамэлам. 20 лістапада ў інтэрвію Радыё Свабода Літвіненка са шпітальнага ложка расказаў пра абставіны атручваньня:

(Літвіненка: ) “На мяне выйшаў чалавек і прапанаваў сустрэцца, каб перадаць інфармацыю, у тым ліку і пра людзей, якія забілі Паліткоўскую. Гэта было 1-га лістапада. Я сустрэўся з гэтым чалавекам у рэстарацыі, ён перадаў мне гэтыя паперы, і празь некалькі гадзінаў мне стала кепска. У мяне здарылася цяжкое атручэньне. Цяпер я знаходжуся ў шпіталі. У тых дакумэнтах, якія я прагледзеў, названа імя чалавека, які, магчыма, забіў Ганну Паліткоўскую. Гэта афіцэр расейскіх спэцслужбаў, які дзейнічае на Каўказе”.

Падпалкоўнік ФСБ Аляксандар Літвіненка ўцёк у Лёндан пасьля таго, як абнародаваў дадзеныя, якія нібыта сьведчаць аб падрыхтоўцы расейскіх спэцслужбаў да замаху на расейскага алігарха Барыса Беразоўскага, які атрымаў палітычны прытулак у Вялікай Брытаніі. Аляксандар Літвіненка гэтаксама выдаў кнігу “ФСБ падрывае Расею", у якой сьцьвярджаў, што расейскія спэцслужбы арганізавалі выбухі жылых дамоў у Маскве ў 1999 годзе, каб стварыць падставу для разгортваньня ваеннай апэрацыі ў Чачэніі. Сябры і знаёмыя лічаць, што да атручваньня датычныя расейскія ўлады. Масква ў сваю чаргу катэгарычна абвяргае любую сувязь з тым, што адбылося.
XS
SM
MD
LG