Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Машына Мілінкевіча ня мае дачыненьня да дарожна-транспартнага здарэньня


Радыё Свабода Учора ўвечары ў Віцебску быў затрыманы лідэр аб’яднаных дэакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч.

Пасьля збору подпісаў за дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў у Новалукомлі, Полацку і Наваполацку, учора позна ўвечары Аляксандар Мілінкевіч прыехаў у Віцебск. Машыну мясцовага актывіста Хрыстафора Жаляпава, у якой ехаў Мілінкевіч, затрымалі міліцыянты. Пасьля гэтага спадар Мілінкевіч пасьпеў паведаміць нашаму радыё па мабільным тэлефоне.

(Мілінкевіч: ) “Нас затрымала міліцыя зь мігалкамі і сказала, што такая машына як наша, зрабіла дарожна-траспантрае здарэньне, і таму нас забіраюць у міліцыю і зараз суправаджаюць... Забралі дакумэнты ў Хрыстафора Жаляпава, які за рулём. Ні ў якіх ДТЗ мы не ўдзельнічалі. Я быў побач зь ім. Гэта абсалютная выдумка”.

Як пазьней паведамілі БелаПАН ва ўпраўленьні ДАІ Віцебскага аблвыканкаму, пасьля праверкі і агляду было прызнана, што машына Аляксандра Мілінкевіча ня мае дачыненьня да зьдзяйсьненьня дарожна-транспартнага здарэньня з летальным зыходам, у якім яна раней падазравалася. Пасьля праверкі тэхнічнага стану машыны, яе пасажыры былі вызваленыя з абласнога ДАІ. Паводле прэсавага сакратара Мілінкевіча Паўла Мажэйкі, адразу пасьля інцыдэнту лідэр дэмсілаў накіраваўся на сустрэчу з сваімі прыхільнікамі ў Віцебску.

Аляксандар Мілінкевіч зьбірае подпісы за дэмакратычных кандыдатаў у розных рэгіёнах Беларусі. Ён заявіў, што гатовы актыўна падтрымаць тых, на чыю падтрымку ён абапіраўся падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў
XS
SM
MD
LG