Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Укапаем пад Смаленскам памежныя слупы, якія выкопвалі ў 1994-м”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111"

Для Беларусі, відавочна, заканчваецца эпоха танных расейскіх нафты й газу, якая цягнулася з моманту распаду Савецкага Саюзу. Арыентаваная выключна на Маскву вонкавая палітыка цяперашняга беларускага кіраўніцтва церпіць крызіс. Многія людзі ў Беларусі ўстрывожаныя гэтым, паколькі небеспадстаўна апасаюцца, што наступствы беларуска-расейскіх супярэчнасьцяў могуць адбіцца на іхным жыцьці й побыце.

Гэтымі трывогамі, чаканьнямі й апасеньнямі слухачы “Свабоды” дзеляцца ў лістах у рэдакцыю. Сёньняшнюю размову пачну з допісу на гэтую тэму Віктара Жаўнярука з Асіповіцкага раёну.

“Для Лукашэнкі цяпер самы зручны момант, каб зрабіць круты віраж і павярнуцца да Масквы задам, а да Эўропы — перадам. Галоўнае, што народ гэта цалкам зразумее й падтрымае. Ня хоча Масква цеснага саюзу, цісьне цэнамі на газ, адмаўляецца ад братэрства — і ня трэба. Мы тады ўкапаем пад Смаленскам памежныя слупы, якія выкопвалі ў 1994 годзе. А стратэгічнай мэтай абвесьцім далучэньне да эўрапейскай сям’і народаў.

Гэтым можна забіць адразу двух зайцоў. Па-першае, ёсьць магчымасьць атрымаць шматмільярдныя пазыкі ды субсыдыі ад Эўразьвязу — і гэтым кампэнсаваць непазьбежныя страты, якія бюджэт пацерпіць у выніку сквапнасьці Масквы. А па-другое, улада выб’е глебу з-пад ног у апазыцыі. Пра што змогуць казаць людзям Мілінкевіч і Лябедзька, калі сам Лукашэнка будзе езьдзіць у Брусэль, прысутнічаць на самітах эўрапейскіх прэзыдэнтаў і весьці перамовы пра далучэньне Беларусі да Эўразьвязу?”

Ну, перш чым прэтэндаваць на тое, каб быць запрошанымі на саміт эўрапейскіх лідэраў, беларускім кіраўнікам трэба прайсьці немалы шлях. Эўрапейская камісія назвала дванаццаць канкрэтных умоваў, пры якіх Эўразьвяз гатовы пайсьці Менску на значныя саступкі — у прыватнасьці, адчыніць свае рынкі для беларускіх тавараў, даць фінансавую дапамогу беларускім фірмам, спрасьціць візавы рэжым і гэтак далей. Сярод гэтых умоваў — спыненьне перасьледу апазыцыі, вызваленьне палітвязьняў, правядзеньне сапраўднага сьледзтва ў справах зьніклых палітыкаў, свабодныя выбары… Выкананьне гэтых умоваў па сутнасьці стала б дэмантажом аўтарытарнай сыстэмы. І сумнеўна, што Аляксандар Лукашэнка лёгка пагодзіцца на такі варыянт. Хоць пачатак перамоваў з Эўразьвязам у цяперашняй сытуацыі, калі фактычна пацярпела крах усходняя палітыка, для беларускага рэжыму, сапраўды, быў бы эфэктным дыпляматычным ходам.

Новы ліст ад нашага даўняга слухача й аўтара Барыса Руцька зь Менску. Спадар Руцько — пасьлядоўны крытык цяперашняй беларускай апазыцыі. Ён піша:

“Старая гвардыя” кіраўнікоў (Лябедзька, Дабравольскі, Мілінкевіч) больш не патрэбная. Для большасьці грамадзянаў Беларусі яны — ніхто. Аўтарытэту ў народзе ў іх няма. Яны не жадаюць аб’ядноўвацца. І я так думаю: яны сьвядома імкнуцца, каб дзяржавай працягвала кіраваць адна ўсім вядомая асоба. Яны ня будуць яго мяняць на іншага палітыка. Хіба ж гэта апазыцыя? Патрэбныя новыя асобы. Усе цяперашнія апазыцыйныя партыі, рухі, прафсаюзы ды іншыя суполкі павінны быць самаліквідаваныя. Яны з 1996 году і да сёньняшняга дня нічога не рабілі й ня робяць. І ня будуць рабіць. З такой апазыцыяй мы ніякіх зьменаў не дачакаемся.

Усе апазыцыйныя сілы павінны аб’яднацца ў адзін магутны рух — Фронт нацыянальнага выратаваньня. І гэта трэба зрабіць сёньня, цяпер. Вядома, для гэтага фронту неабходны лідэр. Але ня варта зноў выбіраць Мілінкевіча: ён не праявіў сябе 19—25 сакавіка. Не патрэбны й Лябедзька. Ёсьць сэнс паспрабаваць на гэтую ролю Пятра Краўчанку”.

На пачатку наступнага году мае адбыцца новы Кангрэс дэмакратычных сілаў. Якраз гэтыя пытаньні, спадар Руцько, там і будуць абмяркоўвацца як галоўныя — і няўдачы апазыцыі, і праблема лідэра, і магчымасьць новага аб’яднаньня... Тыя высновы, якія вы агучылі ў сваім лісьце, шырока распаўсюджаныя ў апазыцыйным асяродзьдзі. Многія шараговыя актывісты стаміліся ад шматгадовых паразаў і няўдачаў. Натуральна, яны шукаюць прычынаў гэтых расчараваньняў і няспраўджаных надзеяў. І часта бачаць іх у сваіх лідэрах, у недастатковай згуртаванасьці і аб’яднанасьці. У выніку за мінулае дзесяцігодзьдзе якіх толькі варыянтаў і канфігурацыяў аб’яднаньня не было апрабавана. А колькі асобаў паспрабавалі сябе ў ролі лідэраў...

Відавочна, спадар Руцько, праблема гэта больш глыбокая, чым падаецца на першы погляд. Аднымі толькі арганізацыйнымі перастаноўкамі, стварэньнямі новых рухаў і зьменамі апазыцыйных лідэраў яна не вырашаецца.

Сумнай навіной з жыцьця сваёй грэка-каталіцкай суполкі падзялілася Яўгенія Казлова з Воршы. Яна піша:

“Няма больш з намі нашага каталіцкага сьвятара айца Андрэя Сідаровіча. Яго ад нас з Воршы забралі, перавялі кудысьці на мяжу з Латвіяй, і нават датэлефанавацца да яго складана. Адарвалі ад нашых сэрцаў, і цяпер нашы сэрцы параненыя. Думаю, гэта зроблена спэцыяльна. Ворша — даволі значны горад, 130 тысяч насельніцтва. А айцец Андрэй быў у нас ня толькі сьвятаром, але і асьветнікам. Ён ладзіў сустрэчы, вечарыны з удзелам вядомых пісьменьнікаў, паэтаў, бардаў. У нас бывалі Ўладзімер Арлоў, Рыгор Барадулін, Андрэй Хадановіч. Быў вечар памяці Васіля Быкава. Зьбіралася шмат людзей. Канечне, такое ня ўсім у горадзе падабалася.

23 лістапада ў айца Андрэя дзень народзінаў — яму спаўняецца ўсяго 27 гадоў. Мы ўсе яго віншуем, любім і чакаем зь ім сустрэчы ў касьцёле ў Воршы, у нашай грэка-каталіцкай парафіі. Калі яму ўдасца прыехаць да нас на Божае нараджэньне, мы будзем шчасьлівыя”.

Напэўна, спадарыня Казлова, заўсёды балюча разьвітвацца зь людзьмі, якія шмат значаць для нашага духоўнага жыцьця. Застаецца суцяшаць сябе думкай, што і там, у беларускіх вёсках і мястэчках на мяжы з Латвіяй, куды накіравалі вашага сьвятара, таксама патрэбныя асобы, здольныя ажывіць мясцовую духоўную і культурную атмасфэру.

Наш даўні сябар Ільля Копыл зь Менску нядаўна трапіў у шпіталь — у адну палату з такімі ж, як і сам, адстаўнымі афіцэрамі савецкай арміі. Адзін зь іх аказаўся сталым чытачом “Народнай Волі” і адначасова — заўзятым апанэнтам дэмакратычнай апазыцыі. Выявілася, былы палкоўнік — актывіст так званага “казацкага руху” ў Беларусі. А незалежную газэту чытае дзеля таго, каб зь веданьнем справы весьці прапаганду сярод моладзі. Гутаркі з гэтым казаком-прапагандыстам Ільлю Копыла ўстрывожылі.

“Аказваецца, па ўсёй Беларусі існуюць казацкія арганізацыі — раённыя, гарадзкія, абласныя. Ва Ўруччы ў Менску ў іх ёсьць база для трэніровак. Зь імі сустракаюцца кіраўнікі вэртыкалі, праваслаўныя сьвятары, у тым ліку Філарэт. Мне падумалася: вельмі хутка разам з амапаўскімі дубінкамі мы паспытаем і смак казацкіх бізуноў.

Казакі для Беларусі — чужародная зьява. Але ў іх няма праблемаў з рэгістрацыяй, памяшканьнямі, дазволамі на акцыі. Казакі прыходзяць у школы, узьдзейнічаюць на падлеткаў, займаюцца так званым “выхаваньнем” моладзі. Які там у іх “патрыятызм”, можна толькі здагадвацца. У 2007 годзе ў адной са школ Менску будзе створаны Казацкі кадэцкі корпус. Аднаго разу гэты палкоўнік пасьля гутарак і прагляду фатаздымкаў мне кажа: “Раіў бы табе, Ільля, памяняць свае палітычныя погляды”. А я яму адказаў: “А я б вам параіў спыніць гульні ў казакі-разбойнікі”.

Да казацкага руху ў ягоным сёньняшнім выглядзе супярэчлівае стаўленьне нават там, дзе ён нарадзіўся й дзе застаюцца ягоныя гістарычныя карані — на поўдні Расеі, на Кубані. Апэрэткавыя мундзіры, прэтэнзіі на ўладу, паказальныя суды, праявы этнічнай нецярпімасьці — усё гэта ня раз выклікала канфлікты й напружанасьць сярод мясцовага насельніцтва.

У Беларусі ня раз рабіліся спробы стварыць рознага кшталту рухі й арганізацыі прарасейскай скіраванасьці. Аднак наўрад ці гэтыя спробы можна назваць удалымі. Самі ініцыятары звычайна заяўляюць пра сваё поўнае ўзаемаразуменьне з уладамі. Але ўлада, якая сама заўсёды выкарыстоўвала й выкарыстоўвае лёзунгі панславізму й яднаньня з Расеяй, да новых гульцоў на гэтым полі звычайна ставіцца зь недаверам і падазрэньнем. Думаю, гэта ж можна сказаць і пра казацкі рух на Беларусі.

А ўвогуле, палітыка беларуска-расейскага братэрства, бескарысьлівай дружбы й яднаньня цяпер перажывае глыбокі крызіс. І зусім верагодна, што ў недалёкай будучыні гэта адаб’ецца і на дзейнасьці адпаведных грамадзкіх арганізацыяў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду й нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG