Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Гэта ўжо не памяркоўнасьць, Гэта нейкі мазахізм..."


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за чацьвер, 23 лістапада. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон “Свабоды” 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў ў Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" – гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам таксама можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 8-029-391-22-24.

(Стары ўрач Маліч Аркадзь, в. Сноў:) “Я Вас вельмі прашу перадайце Аляксандру Казуліну. Ён павінен спыніць галадоўку. Сваю задачу ён выканаў, сьвет яго пачуў яго патрабаваньні. Калі ён ня спыніць галадоўку, усё закончыцца дрэнна. Наступяць незваротныя працэсы жыцьцядзейнасьці арганізму, а жыцьцё – гэта дар Божы, і яна патрэбна яго дзецям, жонцы,сябрам Беларусі”.

(Спадарыня, Глыбокае:) “Добрай раніцы, “Свабода,” мая думка наконт Вашага пытаньня. Беларускі лідэр у вельмі складанай сытуацыі. Мы ведаем, што ўлада для яго – гэта ўсё. Але быць у Расейскай Фэдэрацыі губэрнатарам Паўночна-заходняга краю ніяк не выпадае. Гэта страшны сон. Тым больш, што два нашчадкі. Разьлік быў на другое, ды трэснуў. А Эўропа…павярнуцца да яе, а тым больш пайсьці да яе – гэта пярэчыць самому нутру такой дзікай зьявы, як лукашызм. Эўропа – гэта, перш за ўсё, дэмакратычныя выбары, гэта подых свабоды, а значыць, мякка кажучы, палітычны скон. Ды і Ўсходняя імпэрыя нас са сваіх абдымкаў так лёгка не выпусьціць. Тут палітычная гульня без правілаў. Ва Ўкраіне была зусім іншая сытуацыя. Якіх неверагодных высілкаў каштавала Ўсходу, а Януковіча ўсё ж прапіхнулі наверх! Вельмі трывожна, што ў апазыцыі на Беларусі раскол паглыбляецца. Некаторыя лідэры яе сьвядома ідуць на гэта. Ужо пачалі дзяліць тое, чаго яшчэ няма. Прынцып “падзяляй і пануй”. Гэты прынцып як міт для Беларусі, так ня раз было ў яе гісторыі. Не навучыліся. Шкада – гэта ня тое слова. І ўсё ж, нягледзячы ні на што, будзем трымацца. Няхай Пан Бог дапаможа Беларусі. І напрыканцы пра іншае. Якая песьня сёньня была цудоўная пра Слуцкі збройны чын у ранішнім эфіры. А ўчора на самым прыканцы ранішняга эфіру гучала ў песьні так: “Танчы, любімая, танчы, гэта наш сьцяг”. Якія маеце песьні! Ну знайдзіце хоць на адну хвіліначку больш эфіру для іх, мы будзем удзячныя. Адданая Вам слухачка. Усяго найлепшага”.

(Мікалай, Смаргонь:) “Сяргей Скрабец, мне проста па-чалавечы шкада Казуліна. Я ведаю, што ты падтрымаў яго галадоўкай у турме. Але чаму астатняя апазыцыя маўчыць? У мяне такое меркаваньне, што яна жыве, як у байцы “Лебедзь, Рак і Шчупак”.

(Анастас Семяновіч:) “Шаноўнае спадарства, Радыё Свабода! Добры дзень. Пытаньне: як лепш выхаваць маленькага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь? Я лічу і на практыцы я пераканаўся, што трэба, каб у дзіцяці не было вольнага часу. Гэта значыць, вуліцы. Вуліца практычна заўсёды вучыць дрэннаму, то бок курыць, гуляць у карты, піць усялякую дрэнь і гэтай далей. Мае хлопцы, сын адзін і другі, ніколі не малі вольнага часу. У выніку абодва закончылі інстытуты, ніколі не курылі, гарэлкі практычна ня п’юць. Дзе б яны не былі, імі заўжды захапляюцца знаёмыя і пытаюцца, як мы іх так выхавалі. Я адказваю, што ў іх не было ніводнай хвіліны на гультайства. Дасягнуць гэтага ў горадзе можна толькі за кошт спорту, музыкі ці іншых відаў дзейнасьці. Караць не было ніякай прычыны. А караць трэба бацькоў за тое, што дзецьмі не займаліся. Таму і такі вынік. Дзякуй за ўвагу”.

(Алесь Абрамовіч, сябра сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, Барысаў:) “Прывітаньне. Учора (21.11.2006 – рэд.) мяне затрымала міліцыя на тры гадзіны за збор подпісаў пад “Пасланьнем свабоды.” Я зьбіраў подпісы грамадзян Барысава на Цэнтральнай плошчы і быў затрыманы міліцыянтамі. Мяне завезьлі ў міліцыю, канфіскавалі 6 экзэмпляраў “Пасланьня свабоды.” Вось, што я хацеў Вам сказаць. Усяго найлепшага”.

(Спадар:) “Паслухаў па Вашаму СМІ прапановы, якія Эўразьвяз зрабіў нам, беларусам. Вы пакажыце гэтыя добрыя намеры на Грузіі дэмакратычнай і на Ўкраіне дэмакратычнай. Там жа свабода поўным ходам. Сёньня нават сьвяткуецца “аранжавы пераварот,” нібыта. Дык вось. Тое, што Вы прапаноўваеце, гэта ультыматум. Лукашэнка на гэты ўльтыматум ня пойдзе. Высоўваць нейкія патрабаваньні – гэта проста нахабства”.

(Спадарыня:) “Добры дзень. “Свабода,” мы жывем Вамі, дыхаем Вамі…І калі можна, я хацела б прачытаць Вам верш: Прывітаньне, беларусы, Памяркоўныя сябры, Плюй у твар, цягай за вушы, Хоць сем скураў з Вас зьдзяры. Гэта рабская пакорнасьць, Наш абрыдлы аптымізм, Гэта ўжо не памяркоўнасьць, Гэта нейкі мазахізм. Можаш, мы яшчэ ня быдла, Мо людзьмі мы можам быць? Як жа, як жа не абрыдла Гэтак не па-людзку жыць?! Гэй, народ, расплюшчы вочы! Ужо дзівіцца ўвесь сьвет, Што зрабіць з краінай хоча Гэты шклоўскі прайдзісьвет. Колькі можна горбіць плечы?! Колькі можна гнуць сьпіну?! Годзе ўжо сядзець на печы, Рана класьціся ў труну, Беларус, уздыхні свабодна, Калі ты яшчэ тут ёсьць. На зямель сваёй роднай Гаспадар ты, а не госьць. Ёсьць людзей сумленных многа, Досыць манкрутаў трываць, Беларусы, годзе спаць, Продкаў успомніце славутых! Памяркоўныя сябры, І не слухайце кранутых, Паралюшкіх разьбярэй, Землякі, на Вас надзея, Што Радзіма будзе жыць. Хачу ведаць, хто я, дзе я, Як сьпяваць, каму служыць. Дзякую. І яшчэ мне хацелася б, каб Вы перадавалі такія песьні, як “Ой Нёман, ой, бацька наш Нёман” і дыктавалі словы, а то ня многія ведаюць. Дзякуй”.

(Васілю Цюхай, Беразіно:) “Неяк раней я тэлефанаваў на “Свабоду” і прыводзіў урыўкі з Карану і Бібліі, дзе апавядаецца пра ўкрыжаваньне Хрыста, што ўкрыжаваньне Хрыста было ілюзіяй (Ісая. 53.8 і Дан. 9.26). Яшчэ адно ўскоснае пацьверджаньне. Бог загадаў Аўрааму прынесьці ў ахвяру свайго сына Ісаака. У апошні момант Ісаак быў выратаваны. Гэта правобразы: Ісаак – Хрыстос, Аўраам – Гасподзь Бог. Ну а Бог – гэта абсалют, гэта значыць, што Аўрааму ніхто не казаў, што ён павінен забіць свайго сына. Звычайны чалавек назваў бы Аўраама вар’ятам. Іншае, “Ва ўсіх месцах тваіх, якія Гасподзь Бог дасьць табе, пастаў сабе судзьдзяў і наглядчыкаў па каленах тваіх. Каб яны судзілі народ судом праведным. Не вычварай законы, не глядзі на асобы і не бяры падарункаў, бо падарункі асьляпляюць вочы мудрых”. Я казаў, што ў Бібліі не прадугледжана выканаўчая ўлада. І яшчэ я казаў, што ў Бібліі прадугледжаная манархія. Але не прадугледжаная дэмакратыя. Калі пачытаць Кнігу судзьдзяў, дык тыя судзьдзі не нагадвалі сучасных міліцыянтаў, яны былі хутчэй крымінальнымі аўтарытэтамі па сучаснай клясыфікацыі, асабліва той зь іх, каго звалі Ііфай. А іншы Фінее, сын Эліазара, пра якога напісана, што ён зьдзейсьніў суд і адвярнуў Божы гнеў ад Ізраільскага народу, дык і ўвогуле быў звычайным кілерам. Дакладней, не звычайным, а ідэйным. Можа быць, яго слушней было б назваць тэрарыстам. Уладу, як і Бога, нельга падзяляць на тры, нягледзячы на ўпартыя спробы зрабіць гэта. Спэцслужбы ёсьць ва ўсіх краінах. І толькі дурныя людзі думаюць, што ўлада падзеленая. Тыя судзьдзі не былі выканаўчай уладай. Я ніколі не бяру свае словы назад, толькі ўдакладняю нязначныя дэталі. Гасподзь Бог – прагматык, і калі ён дапускае раць ці судзьдзяў, гэта не азначае, што так павінна быць вечна. Проста ад дадзенасьці трэба ісьці ў бок свабоды. І яшчэ ў законе гаворыцца пра прарока. І гэта пацьвярджае, што закон зьмяняецца”.

(Спадарыня:) “Паднашэньні прусакоў” – вельмі няўдалае параўнаньне прывяла жанчына, жадаючы абразіць палітыку Эўразьвязу, абразіла сябе. Лукашэнка ўжо пужае беларускі народ вельмі цяжкімі часамі пасьля падвышэньня коштаў на газ. Прапаноўваючы дапамогу, Эўразьвяз хоча дапамагчы беларускаму народу, пазьбегнуць вельмі цяжкіх часоў, нічога не патрабуючы ў замен: ні транзытнай газавай трубы, ні заводаў, ні фабрыкаў, ні зямлі. А толькі выкананьне дэмакратычных нормаў падчас правядзеньне выбараў, вызваліць палітычных зьняволеных, спыніць іх перасьлед і гэтак далей. За такую невялікую цану дзякаваць трэба беларускаму народу за дапамогу, а не прусакоў успамінаць ці ставіць сустрэчныя ўмовы наконт Гааскага трыбуналу. Простаму беларусу Гаагскі трыбунал не перашкаджае, а вось тыя, што самі не без граху, тыя і патрабуюць яго распусьціць”.

(Віктар, Мачулішчы:) “Я хацеў сказаць наступнае. Мне падаецца, што Аляксандр Рыгоравіч, выступаючы сёньня рана пачаў хвалявацца, што будуць вялікія праблемы, што будзе вельмі цяжка ў 2007 годзе. Я ўсёткі думаю, што розум Крамля пераможа запросяць яны яго на перамовы і прабачаць яны яму ўсе мытныя пошліны. А яшчэ я думаю, што хутка будзе паседжаньне Парлямэнту саюзнай дзяржавы. Хутчэй за ўсё, у лістападзе, напрыканцы лістапада і будзе зацьверджаны бюджэт саюзнай дзяржавы, у тым ліку і энэргетычны балянс саюзнай дзяржавы. І атрымае Аляксандр Рыгоравіч, як заўсёды, па нармальных коштах газ па 30-40 даляраў. І таксама нафту атрымае па тых коштах, па якіх атрымліваў. І ўсё будзе далей нармальна. І дарма ён “пасуе” і плача, і хвалюецца. Я думаю, што ўсё будзе нармальна. Уладзімер Уладзімеравіч, Крэмль, ніколі не пойдуць абвастрэньне адносінаў зь Беларусьсю, таму што тут праходзіць газавая артэрыя, тут шмат што праходзіць.

Я лічу, што рана мы хаваем беларускую эканоміку. Тое, што пішуць у газэце “Таварыш,” гэта ўсё няпраўда. Але я асабіста супраць таго, што робіць Крэмль. Я хацеў бы, каб Крэмль яго правучыў, даў яму па лбе як сьлед, што хопіць ужо высмоктваць зь іх нафтавыя рэсурсы, газ, каб пачалі праводзіць нейкія рэформы. Трэба нешта рабіць, каб палепшыць жыцьцё насельніцтва. Напрыклад, маленькая Швэйцарыя, Польшча, яны ж таксама атрымліваюць газ па сусьветных коштах. Але ж неяк выкараскаліся. Таму што там нармальны ўрад дэмакратычны, рэформы праводзяцца. Тут рэформы не праводзяцца. Тут ёсьць труб а і дзьве стратэгічныя базы, якія стаяць супраць нападу НАТА. Таму я думаю. Толькі з-за іх усё будзе так адбывацца. Нічога ня зьменіцца. Але нам трэба з гэтым зьмірыцца. Іншага выйсьця ў нас няма. Нічога ня зьменіцца”.

(Яцкевіч, Віцебск:) “Добры дзень, паважанае Радыё Свабода. Вельмі своечасова закранулі пытаньне пра дзяцей. А цяпер скажам так. Закон “Мацнейшы над слабейшым” перамагае. Гэты закон ніколі ніхто не адмяняў і не адменіць. Цяпер, другое пытаньне. Тэлевізар уключыш, а там паказваюць, як трэба прафэсійна забіваць, як трэба прафэсійна красьці, паказваюць, як працуе прафэсійная міліцыя. Міліцыя заўжды ідзе па другім сьледзе. Трэцяе пытаньне. Колькі бацькі бачаць сваіх дзяцей? Яны заўсёды на працы. Дзеці адны. Чацьвертае. Колькі наладзілі секцыяў, як патрэбна біць у галаву, у жывот?! Не навучыўшы думаць чалавека, вучаць біць чалавека, забіваць. Вось і ўсё. Дзякуй”.

(Гатоўскі, Менск:) “Добры вечар, шаноўныя дзяўчаты! Вы сёньня так добра працягнулі размову па радыё і пра “Нашу Ніву,” і беспрацоўе. І наогул. І Алена, і Ганна. Але я хацеў сказаць, што калі я напрыканцы прагучала песьня Данчыка. Дык я вяду размову, што я абскакаў увесь горад і нідзе не змог знайсьці відэа, кліпы Данчыка. Гэта ж вельмі проста ўзяць хлопца, паставіць каля нейкай драпіроўкі…Няхай сабе і пад фанэру…але хочацца купіць нейкую кружэлку-дыск…А то ж няма нічога. Вось учора заходзіў на сядзібу БНФ, было там дакумэнтальнае…Беларуская была толькі адна, нейкі фільм містычны…”

“У сувязі са стагодзьдзем “Нашай Нівы” хачу павіншаваць хлопцаў Сяргея Дубаўца і Дынько, якому, як кажуць, дастаецца ад афіцыйнай улады. Зычу здароўя, здароўя, здароўя гэтым хлопцам. І хацеў сказаць, што занадта дорага каштуе экзэмпляр “Нашай Нівы” –аж паўтары тысячы. Для мяне, для пэнсіянэра, гэта дарагавата. Зычу ім здароўя і ўсяго найлепшага ў жыцьці.”

“Я хачу, каб у перадачы пра мэдыцыну далі нам. Старым людзям нейкія прапановы. Мне ўжо далёка за 70. Далі б прапанову, як быць зь нітратамі ў ежы. Таму што ўчора апрацоўваў капусты, але ня знаю, што зь ёю рабіць, каб нэўтралізаваць гэтыя нітраты. А мне падаецца, я недзе чуў, што ў многіх месцах Беларусі забаранілі наогул прадаваць і капусту, і моркву, і бульбу, таму што колькасьць нітратаў там у тры-чатыры разы большая за норму. І хацеў бы параіць старым, калі некуды падымаюцца спачатку нахіліцца, а потым уставаць, таму што суставы ў каленях баляць. Дзякую Вам і добрага здароўя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG