Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"І ніколі ня біць, бо яны вырастуць і таксама будуць біць сваіх дзяцей"


Любоў Лунёва, Менск Беларускае заканадаўства забараняе ўжываць фізычную сілу да дзяцей. Сёлета толькі ў Менску пракуратура накіравала ў суды 40 крымінальных справаў за гвалт і зьдзекі зь дзяцей. Летась такіх справаў было 62. Каб спыніць хвалю самагубстваў сярод падлеткаў, якіх прыніжаюць бацькі, у Менску працуе тэлефон даверу. Ці можна ўжываць да дзяцей фізычную сілу дзеля выхаваньня? Гэтае пытаньне на менскіх вуліцах Любоў Лунёва задавала дзецям і дарослым.

(Спадарыня: ) “Толькі дабрыня. Фізычнае ўзьдзеяньне зробіць дзіця злым. Сфармуецца зусім іншы характар”.

(Спадар: ) “У мяне двое хлопчыкаў. Ну, настолькі актыўныя! Пяць-сем, дзесяць разоў скажаш… Толькі сілавы эфэкт. У мяне ёсьць стары салдацкі рэмень. Для іх гэта найлепшыя лекі. Разумееце?”

(Спадарыня: ) “У мяне муж такі ж. Прашу яго, каб ня біў дзіця. Сваруся зь ім. Дзіця трэба выхоўваць словамі, а ня рэменем”.

(Пэнсіянэр: ) “Лепей даць рамня. Шнар будзе, але ня болей”.

(Дзяўчынка: ) “Не. Таму, што тады яны з маленства навучаюцца біць потым сваіх дзяцей”.

(Спадар: ) “Абавязкова. Пашкадуеш лазінку — сапсуеш дзіця. Калі ў цябе дарослы сын, надзяваеш баксёрскія пальчаткі, выходзіш зь ім на рынг — і хто каго”.

(Спадарыня: ) “Маёй дачцэ чатырнаццаць гадоў. Я яе ўдарыла аднойчы ў тры гады. Дык яна дагэтуль мне нагадвае. Гвалт не нараджае лепшых пачуцьцяў”.

(Школьніца: ) “Ну яны ж дзеці, яны ж яшчэ ня ўсё разумеюць. Іх трэба любіць і ніколі ня біць, бо яны вырастуць і таксама будуць біць сваіх дзяцей, а, можа, і бацькоў пакараюць”.

(Пэнсіянэрка: ) “Трэба дзяцей угаворваць, размаўляць зь імі штодня”.

(Студэнт: ) “Не, бо гэта забаронена заканадаўствам”.

(Спадарыня: ) “Трэба знаходзіць нейкія словы. Біцьцё прыніжае годнасьць. Потым могуць быць розныя комплексы ў чалавека, нават дэпрэсіі”.

(Спадар: ) “Гледзячы за што. На калені нават можна паставіць. Рэменем можна біць. Я свайго рэменем вучыў — і нічога, нармальны стаў”.

(Дзяўчынка: ) “Не! Бо дзецям вельмі крыўдна”.

(Спадарыня: ) “Не. Навошта, калі можна тлумачыць словамі”.

(Спадарыня: ) “Можна інакш пакараць — забараніць яму гуляць, альбо пазбавіць нейкай пакупкі”.

(Спадар: ) “Не, яны ж яшчэ ня вырасьлі й часам ня ведаюць, што робяць. Трэба быць прыгожымі”.

(Спадар: ) “Ні ў якім выпадку. Мяне бацька аднойчы так пакараў, дык я на ўсё жыцьцё запомніў”.

(Школьнік: ) “Я думаю, што, калі ён кепска вучыцца, то, вядома, можна, але лепш ня біць. Можа часам даць па карку”.

(Дзяўчынка: ) “Ні ў якім выпадку. Гэта негуманна. Гэта потым кепска паўплывае на ягоную асобу, маўляў, вось мяне бацькі білі — і я цяпер буду ўсіх біць”.

(Гімназістка: ) “Я лічу, што ня трэба біць, бо гэта можа адбіцца на ягоным унутраным сьвеце. Ён можа зрабіцца агрэсіўным, а можа, наадварот — замкнецца ў сабе й ня зможа выказаць сваёй волі”.
XS
SM
MD
LG