Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч дапамагае зьбіраць подпісы апазыцыянэрам у Віцебскай вобласьці


Радыё Свабода Сёньня Аляксандар Мілінкевіч зьбіраў подпісы за вылучэньне былога кіраўніка віцебскага выбарчага штабу Хрыстафора Жаляпава, які мае намер балятавацца на кандыдата ў дэпутаты Віцебскага аблсавету па Новалукомскай выбарчай акрузе №28.

У доме №7 на вуліцы Азьміцеля былога кандыдата на прэзыдэнта пазнавалі, падпісваліся за вылучэньне спадара Жаляпава, але найчасьцей гаварылі, што ў дапамогу дэпутатаў мясцовых саветаў ня вераць.

Гаворыць жыхарка кватэры №113 Тамара Багдановіч:

(Багдановіч: ) “Я ня веру! Вось гэты дом ў 1970 годзе здаваўся. Усе рамы гнілыя. Колькі я пісала заяваў, каб памянялі! Усё цячэ! Але ні мясцовыя дэпутаты не азваліся, ніхто й ніколі!”

Жыхары Наваполацку й Полацку таксама гаварылі зьбіральнікам подпісаў, што на выбары ходзяць хутчэй па завядзёнцы, чым спадзеючыся на перамены да лепшага ў сваім жыцьці. Рэакцыю людзей на зьяўленьне да іх сябраў ініцыятыўных групаў Аляксандар Мілінкевіч акрэсьліў так:

(Мілінкевіч: ) “Рэакцыя розная: некаторыя ставяцца насьцярожана, але агрэсіўных людзей практычна няма. А ўвогуле самае тыповае — гэта ня столькі страх, колькі такая пасіўнасьць, абыякавасьць. Людзі гавораць: “Нічога ўжо ня зробіш, усё дарма, гэтая ўлада ўжо ўсё захапіла, яе не пераадолець...” Таму я лічу, што больш за ўсё трэба змагацца з пасіўнасьцю”.

Заўтра лідэр аб’яднаных дэмсілаў мае сустрэцца з жыхарамі Віцебску й дапамагаць у зьбіраньні подпісаў там.
XS
SM
MD
LG