Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапануецца 2007 абвясьціць годам памяці вязьняў ГУЛАГу


Міхал Стэльмак, Менск У Менску заснаваная грамадзкая ініцыятыва дзеля аднаўленьня гістарычнай справядлівасьці і ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў і камуністычнага рэжыму. Яна прапануе абвясьціць наступны год годам памяці ахвяраў.

Сёньня прайшло першае паседжаньне каардынацыйнай рады новай ініцыятывы. Гаворыць адзін зь яе заснавальнікаў, актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Раманоўскі:

(Раманоўскі: ) “Памятаючы пра тое, што пікавым, сымбалічным стаў 1937 год, 2007 год дае падставу грамадзтву, і асабліва старэйшаму пакаленьню, прадстаўнікі якога зьяўляюцца прамымі нашчадкамі тых ахвяраў, успомніць і аддаць даніну памяці. Таму што страты пэрыяду тых гадоў у Беларусі супастаўныя з стратамі Айчыннай вайны”.

Удзельнікі паседжаньня абралі кіраўніцтва ініцыятывы. Спадар Раманоўскі будзе адказным сакратаром новай грамадзкай структуры, а яе сустаршынямі сталі акадэмік Радзім Гарэцкі, гісторык Ігар Кузьняцоў й пісьменьнік Васіль Якавенка. Спадар Якавенка прапанаваў накіраваць ліст старшыню ўраду Сяргею Сідорскаму, каб наступны год абвясьцілі Годам памяці й на афіцыйным узроўні.

(Якавенка: ) “Як вядома, у Беларусі бязьлітасны тэрор абрынуўся перадусім на людзей жывой думкі й незламанага духу, на пэдагогаў, лекараў, духоўных асобаў, на дзеячаў навукі, культуры, мастацтва. Але пацярпелі ўсе катэгорыі насельніцтва, у тым ліку заможныя сяляне, рабочыя. А зьнішчэньне нацыянальнай эліты напрыканцы 1920-х і асабліва ў 1930-я гады адчуваецца як непапраўная страта аж да сёньняшняга дня”.

Ініцыятыва акрэсьліла плян дзеяньняў. Сустаршыня Ігар Кузьняцоў прапанаваў далучыць да працы людзей з палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў:

(Кузьняцоў: ) “Абавязкова ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў — то бок, у нас пяць партыяў, і ад гэтых партыяў павінны быць прадстаўнікі. Трэба прапанаваць на чарговай палітрадзе, каб кожная партыя дэлегавала свайго прадстаўніка. Потым у нас застаецца кірунак — канфэсіі”.

Каардынаваць дзейнасьць новай ініцыятывы з канфэсіямі будзе першы намесьнік старшыні Саюзу габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў Якаў Басін.

(Басін: ) “З гледзішча рэлігійных структураў злачынства савецкай улады нічым ня можа быць патлумачана. І дараваньня ніякага быць ня можа. Таму што бальшавікі фактычна зьнішчалі сваіх ідэалягічных супернікаў”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG