Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра саюз з Украінай: "З гэтай дзяржавай лічыліся б усе"


Валер Каліноўскі Сёньня Аляксандар Лукашэнка ўпершыню прымаў групу ўкраінскіх журналістаў. Прадстаўнікі каля сарака сродкаў масавай інфармацыі наведалі ў арганізаваным беларускай уладай туры Гомельшчыну й Магілёўшчыну, Менск. Журналісты пабывалі на прамысловых прадпрыемствах і мэмарыялах Хатынь, “Лінія Сталіна”. Падчас размовы зь імі Аляксандар Лукашэнка закранаў ня толькі дачыненьні Кіева й Менску, але і вёў завочную спрэчку з Масквой.

Напачатку размовы Лукашэнка згадаў гісторыю Кіеўскай Русі, калі асобныя княствы цярпелі ад міжусобіцы ды зазначыў, што разам славянскім народам удалося “пабудаваць магутную дзяржаву Савецкі Саюз”, захаваць які перашкодзілі “амбіцыі купкі палітыкаў”. Што да дачыненьняў з Украінай, то А.Лукашэнка выказаў гатовасьць іх разьвіваць, нягледзячы на празаходнюю арыентацыю. Але пры ўмове, што “ня будуць умешвацца трэція сілы”.

Пры гэтым А.Лукашэнка расчараваўся, што Віктар Юшчанка не прыедзе ў Менск на саміт СНД 28 лістапада:

(Лукашэнка: ) “Адзіны прэзыдэнт, які заявіў, што не прыедзе. Што за гэтым, мне дагэтуль не зразумела. Думаю, не зусім далёка. Калі ёсьць праблемы, мы дамо дапамогу, каб прыехаць у родны яму горад. Таму перш за ўсё хацелася б, каб палітычнае кіраўніцтва Ўкраіны бачыла тое, што патрэбна людзям. Мы некалькі разоў зь ім дамаўляліся пра сустрэчу, але пакуль гэтыя сустрэчы пераносяцца… Варта толькі дамовіцца Беларусі і Ўкраіне, адразу ж памяняецца палітычная й эканамічная сытуацыя ў рэгіёне”.

А.Лукашэнка зазначыў, што Беларусі і Ўкраіне трэба дамаўляцца па ўмовах транзыту газу, каб ператварыцца ў своеасаблівае “горла паміж Расеяй і Эўропай”. Ён заклікаў таксама дамовіцца наконт транзыту касьпійскай нафты праз Украіну для перапрацоўкі ў Беларусі. Транзыт, як лічыць Лукашэнка, можа прынесьці Беларусі дадатковыя грошы для аплаты новай цаны расейскага газу:

(Лукашэнка: ) “Штогод празь Беларусь праходзіць 100 мільёнаў тон грузаў з Заходняй Эўропы ў Расею і назад. Калі 10 даляраў за тону браць — мільярд. І няма пытаньняў з цаной на газ”.

А.Лукашэнка заявіў, што немагчыма будаваць “саюзныя дачыненьні” з Расеяй на нераўнапраўнай аснове, калі цана на газ ня будзе аднолькавая для расейскіх і беларускіх спажыўцоў.

(Лукашэнка: ) “Пра які саюз можа ісьці гаворка ў такой сытуацыі? Калі розныя ўмовы, то адсюль выснова адназначная — гэта ўжо не адзіная дзяржава, якую мы замахнуліся пабудаваць. Больш за тое, Расея выходзіць з пагадненьняў, якія мы падпісалі раней. Як гэта разумець? Народ не ўспрыме гэтага, і такі саюз разваліцца на працягу некалькіх гадоў”.

Палітыку Расеі спадар Лукашэнка ацаніў гэтак: “Беларусь хочуць трымаць на кароткім павадку”.

Разам з гэтым ён прызнаў, што ня супраць стварэньня саюзнай дзяржавы з Украінай, і гэта будзе лягчэй ажыцьцяўляцца з-за параўнальных маштабаў дзьвюх дзяржаваў.

(Лукашэнка: ) “Дай Бог, каб гэта калі-небудзь здарылася. І паверце, што з гэтай дзяржавай лічыліся б усе. Мы вельмі шмат у сьвеце маглі б выгандляваць для сваіх народаў”.

Пры канцы гутаркі з украінскімі журналістамі А.Лукашэнка прызнаў, што ў яго асабіста карані “ёсьць дзесьці ва Ўкраіне”.
XS
SM
MD
LG