Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці палепшаюць дачыненьні Беларусі й Эўропы пасьля прапановаў Эўразьвязу?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка й рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

(Валер Карбалевіч: ) “Беларуская апазыцыя й незалежныя экспэрты ўвесь час наракалі, што Захад ня мае яснай стратэгіі адносна Беларусі. Былі няўдалыя спробы наладзіць перамовы паміж уладамі й апазыцыяй у 1997—1998 гады, потым у 2000 годзе. Эўразьвяз і ЗША рэагавалі на падзеі ў Беларусі дэклярацыямі, у якіх асуджалі беларускія ўлады за парушэньні правоў чалавека.

Рухам наперад можна лічыць візавыя абмежаваньні адносна беларускіх чыноўнікаў і праекты дзеля арганізацыі радыё- і тэлевяшчаньня на Беларусь, але іхная эфэктыўнасьць таксама выклікае шмат пытаньняў.

І вось нарэшце ў Эўразьвязе зьявіўся сур’ёзны дакумэнт, які прапануе афіцыйнаму Менску эканамічныя прэфэрэнцыі ў абмен на крокі дзеля дэмакратызацыі краіны. Прычым, адначасова выкарыстоўваецца бізун і пернік. З аднаго боку, застаюцца візавыя абмежаваньні, якія могуць нават пашырыцца, працягваецца абмеркаваньне пытаньня аб пазбаўленьні Беларусі гандлёвых прэфэрэнцыяў за парушэньне прафсаюзных правоў. А зь іншага боку, прапануецца сыстэма гандлёвых і іншых ільготаў.

Чаму гэты дакумэнт зьявіўся цяпер? Ці азначае гэта, што роля беларускага пытаньня ў палітыцы Эўразьвязу падвысілася, і ён сасьпеў да сур’ёзных захадаў адносна палітычнага рэжыму ў Беларусі?”

(Вінцук Вячорка: ) “Беларусь мяжуе з трыма краінамі ЭЗ і Ўкраінай. Таму немагчыма сур’ёзна плянаваць палітыку суседзтва на эўрапейскім кантынэнце, ладзіць доўгатэрміновую палітыку стасункаў з Расеяй, калі застаецца вялікая цёмная пляма. Сапраўды, доўгі час у ЭЗ не было стратэгіі датычна Беларусі. Я вельмі рады, што цяпер зьявіўся дакумэнт, які, у існасьці, зьяўляецца падарожнай мапай для шляху Беларусі ў эўрапейскую цывілізацыйна-палітычную прастору, і, у канцавым выпадку, можа быць нават і ў ЭЗ.

Зьяўленьне гэтага дакумэнту прысьпешыла сытуацыя, у якой апынаецца беларускі рэжым пасьля 1 студзеня 2007 году. Для яго гэта геапалітычны тупік. Думаю, у пэўным сэнсе прынесьлі плён нашы сустрэчы з Х.Салянам, Б.Фэрэра-Вальднэр ды іншымі палітыкамі ЭЗ”.

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Па-першае, гэты дакумэнт рыхтаваўся, мусіць, пэўны час. Раней такога канцэптуальнага дакумэнту не было, у асноўным прымаліся заявы. Можна згадаць пакрокавую стратэгію, якая не на адзін крок і не прасунулася. Эўракамісію крытыкавалі ня толькі прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасьці, але й дэпутаты Эўрапарлямэнту, якія даўно патрабавалі ад брусэльскіх чыноўнікаў прыняць нейкія захады ў беларускім кірунку.

Цяпер, сапраўды, беларускае праблема актуалізавалася ў зьвязку з расейскім ціскам. Зьяўляецца прастора для манэўру, зьяўляецца поле для гульні паміж Менскам і ЭЗ”.

(Карбалевіч: ) “Пакуль прадстаўнікі беларускай выканаўчай улады, дзяржаўныя мэдыі маўчаць, не выказваюць свайго стаўленьня. Мусіць, там існуе пэўная разгубленасьць. Толькі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў (Папоў, Катляроў) нэгатыўна ацанілі гэтыя прапановы. Але ўсе апазыцыйныя палітыкі й экспэрты аднадушна заяўляюць, што афіцыйны Менск адмовіцца ад такога абмену. А як вы можаце ацаніць магчымую рэакцыю беларускіх уладаў на гэтыя прапановы Эўразьвязу?”

(Вячорка: ) “Думаю, што крокаў насустрач ЭЗ ня будзе з прычыны інэрцыі, самаўпэўненасьці, а таксама супрацьдзеяньня з боку Расеі, якая не зацікаўленая ў разьвіцьці дачыненьняў Беларусі з Эўропай. Аднак адным з наступстваў гэтага дакумэнту стане пэўная сумятня ў галовах тэхнакратаў, мэнэджараў, дырэктарату, якія бачаць зьяўленьне крызісных зьяваў у беларускай эканоміцы.

Дзякуючы зьяўленьню гэтага дакумэнту мы маем пункт біфуркацыі, раздваеньня будучага шляху Беларусі. Гэты дакумэнт можа раскалоць уладную эліту”.

(Класкоўскі: ) “Першыя камэнтары згаданых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў даволі сымптаматычныя, і рэакцыя чаканая. Яны заявілі, што недапушчальны дыктат, выстаўленьне ўмоваў. Думаю, менавіта так будуць трактаваць гэтыя прапановы й афіцыйныя мэдыі. Хоць пра дыктат у гэтым дакумэнце гаворка не ідзе, наадварот, тут прапаноўваецца пернік.

Разам з тым, тут з боку афіцыйнага Менску магчымая пэўная гульня. Напрыклад, будуць выпушчаныя з-за кратаў адзін-два палітвязьні, і кіраўніцтва Беларусі пачне патрабаваць: давайце саступкі наўзамен.

Таксама тут можна пачаць гульню з Масквой. Расея можа ўбачыць у гэтых прапановах пагрозу руху Беларусі на Захад. На гэтых імпэрскіх струнах беларускія вярхі каторы год спрытна гуляюць. Аднак рэжым пачуваецца пакуль даволі ўпэўнена — і таму наўрад ці пойдзе на рэальныя крокі па дэмакратызацыі. Беларуская сыстэма пабудаваная на аснове жорсткай вэртыкалі. Кіраўніцтва рэжыму лічыць, што калі нейкія шрубы трошкі адкруціць, апазыцыя, грамадзянская супольнасьць адчуе сябе трохі вальней, і ўсё можа захістацца”.

(Карбалевіч: ) “Калі беларускія ўлады не прымаюць прапановаў Эўразьвязу, а гэта найбольш верагодны сцэнар, то гэты дакумэнт, умоўна кажучы, падвісае. У дачыненьнях Беларусі з Эўропай захоўваецца статус-кво. І што далей? Ніякага іншага пляну сур’ёзнага ўзьдзеяньня на Беларусь у Эўразьвязу няма. Тады сэнс гэтага дакумэнту толькі прапагандысцкі. І ці зможа апазыцыя эфэктыўна выкарыстаць яго дзеля пераменаў у краіне?”

(Вячорка: ) “Гэты дакумэнт не наўпроставага дзеяньня. Папярэднія спробы ЭЗ сфармуляваць стратэгію былі хібныя. Напрыклад, стратэгія “Крок за крокам” меркавала, што Брусэль і Менск робяць крокі насустрач. Але Менск не рабіў ніякіх крокаў, а толькі зьдзекліва пасьміхаўся.

А вось у гэтым дакумэнце прапаноўваецца ясная схема. Там ёсьць пералік дабротаў, выгодаў, якія змогуць атрымаць беларускія грамадзяне, чыноўніцтва, вялікія групы насельніцтва ад ЭЗ за крокі афіцыйнага Менску. І калі пра гэтыя захады ЭЗ даведаюцца мэтавыя групы, то зьменіцца іхнае мысьленьне. Руйнуецца афіцыйная прапагандысцкая схема: што, нібыта, у Эўропе нас ніхто не чакае, таму адзінае выйсьце — гэта арыентацыя на Ўсход.

Дарэчы, дакумэнт лёгкі, даступны, і можа служыць улёткай. І мы, дэмакратычныя сілы зробім усё, каб ён быў данесены да ўсіх мэтавых групаў беларускага грамадзтва. І ў гэтым пляне ён спрацуе”.

(Класкоўскі: ) “Гэтая стратэгія мае сэнс зь некалькіх прычынаў. Калі Менск адкідае гэтыя прапановы, тады ЭЗ будзе мець маральнае права ўжываць санкцыі. Затым гэты дакумэнт зьяўляецца вялікай ідэйнай і маральнай падтрымкай дэмакратычных сілаў. Гэтыя прапановы будуць працаваць на шырокую непалітызаваную масу.

Пытаньне ў тым, ці зможа апазыцыя падчас цяперашняй выбарчай кампаніі перашыхтавацца на маршы й зьмяніць зьмест сваёй агітацыі. Сёньня шанцы невялікія, што з боку кіраўніцтва краіны будзе нейкі рэальны водгук. Але гэта той выпадак, калі хацелася б памыліцца ў прагнозах”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, дакумэнт з прапановамі беларускаму кіраўніцтву — гэта моцны дыпляматычны ход Эўразьвязу, асабліва ў зьвязку з пахаладаньнем беларуска-расейскіх дачыненьняў. Афіцыйны Менск будзе вымушаны бараніцца. Таксама гэта моцная зброя ў руках апазыцыі. Але яе трэба яшчэ ўмець выкарыстаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG