Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Вера Бартуль


Уладзімер Арлоў, Менск 22.11.1930, в. Губічы (цяпер Буда-Кашалёўскі раён) — 24.4.2006, Нью-Ёрк, ЗША. Пахаваная на беларускіх могілках у Іст-Брасўіку, штат Нью-Джэрзі.

Крыху вандраваўшы па плянэце і адзначыўшыся ў пары дзясяткаў блізкіх і далёкіх краінаў, я канчаткова пераканаўся ў тым, што беларускі, незалежна ад узросту — найпрыгажэйшыя жанчыны ў сьвеце. Гэтую выснову я канчаткова сфармуляваў у беларускай царкве Маці Божай Жыровіцкай у Нью-Брасўіку, штат Нью-Джэрзі, дзе сустрэў фантастычна высокую для Амэрыкі канцэнтрацыю прыгожых дзяўчынак, дзяўчат, кабетаў і бабулек.

Адным з увасабленьняў гэтае красы была Вера Бартуль, якую, што я потым даведаўся, у свой час абралі каралеваю хараства беларускай эміграцыі.

Яна ня толькі сама была красуняю, але й дапамагала зрабіцца прыгажэйшымі іншым. Калісьці ў Бартулёў кватаравала акторка, якая параіла Веры пайсьці ў школу дэманстрацыі моды, якую тая й закончыла, каб потым пасьпяхова працаваць мадэльлю і кансультантам-куцюр’е. Яе працы дэманстраваліся ў найлепшых крамах Нью-Ёрку, Сан-Францыска, Лёс-Анжэлесу, Чыкага... Вера стварыла сцэнічныя ўборы для славутага танцавальнага гурту “Васілёк”, разам зь якім упершыню пасьля доўгага расстаньня наведала Беларусь, а потым шмат разоў прыязджала сюды як сябра арганізацыі “Citihope”, што дапамагала ахвярам Чарнобылю.

Дабрачыннай гуманітарнай дзейнасьцю спадарыня Вера займалася праз усё жыцьцё. У маладосьці яна зьбірала сродкі на падтрымку вяртанцам з ГУЛагу. Сярод тых, хто атрымліваў гэтую дапамогу, былі Ларыса й Янка Геніюшы, Юрка і Лявон Луцкевічы. За сабраныя ёю грошы выходзілі кружэлкі Данчыка, набываліся экспанаты ў Беларускі музэй у Гайнаўцы на Беласточчыне. Да апошніх сваіх дзён яна ўзначальвала нью-ёрскую суполку Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Яе сэрца ня вытрымала разлукі з мужам, вядомым дзеячам нашай эміграцыі Францішам Бартулем, якога Вера перажыла толькі на пяць няпоўных месяцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG